Крымінальныя справы супраць выдаўцоў і новыя прысуды. Хронікі рэпрэсій 9 сакавіка

 КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю беларускіх выдавецтваў, журналіста Паўла Дабравольскага асудзілі на 9 гадоў калоніі, а пяці добраахвотнікам палка Каліноўскага завочна прысудзілі да 20 гадоў зняволення. Распавядаем пра асноўныя выпадкі палітычнага пераследу ў Беларусі.

1_1097_1.png

КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю друкаваных выдавецтваў

КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю беларускіх выдавецтваў — «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House» і «Andrei Yanushkevich Publishing». Рашэнне было прынята 3 сакавіка.

У сувязі з гэтым фармаваннем у пераліку згадваюцца Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч і Алесь Яўдаха — яны знаходзяцца ў Беларусі; а таксама Яраслаў Іванюк, Ігар Логвінаў і Андрэй Янушкевіч — яны за мяжой.

Напрыканцы лютага ў Мінску прайшлі масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Тады былі затрыманыя Колас, Багдановіч і Яўдаха. Усіх іх спачатку адправілі на «суткі» па адміністрацыйных пратаколах. Паводле інфармацыі «Вясны», агулам было затрымана як мінімум 10 чалавек — частку з іх таксама адправілі на адміністрацыйны арышт.

З рашэння КДБ вынікае, што на ўсіх трох цяпер заведзеныя крымінальныя справы.

Журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі

Як стала вядома @pozirkonline, журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі. Рашэнне вынес Мінскі гарадскі суд. Працэс быў закрытым.

Павел Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года — праз некалькі месяцаў пасля вяртання на радзіму. Яго абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве».

Журналіст раней працаваў як на беларускія, так і на замежныя медыя — у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua. Апошнім месцам працы Дабравольскага ў Беларусі была незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН, частку супрацоўнікаў якой у 2021 годзе КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем».

Міліцыянты 8 сакавіка наведалі маці экс-палітвязня журналіста Вячаслава Лазарава

Увечары 8 сакавіка двое супрацоўнікаў міліцыі з крымінальна-выканаўчай інспекцыі прыйшлі да маці былога палітвязня Вячаслава Лазарава, піша @vicspring.

Жанчына здзівілася, што супрацоўнікі МУС не ведаюць пра тое, што яе сын быў датэрмінова вызвалены з калоніі і прымусова вывезены ў Літву ў верасні мінулага года.

Сталая жанчына была настолькі разгубленая, што нават не запомніла прозвішчаў і званняў нечаканых гасцей. Яшчэ больш яе ўразіла тое, што яны казалі.

«Казалі, што “ўсё змянілася”, што я магу вярнуцца ў Беларусь і “не баяцца”. Маўляў, неабходна проста прыехаць, уладкавацца на працу і стаць на ўлік у КВІ (крымінальна-выканаўчая інспекцыя. — Рэд.). Выглядала, нібыта я знарок ухіляюся ад таго, каб прыехаць дадому, дзе мяне ўсе чакаюць», — распавёў са слоў маці Вячаслаў, піша БАЖ.

Пяці беларускім добраахвотнікам завочна прызначылі ад 12 да 20 гадоў калоніі

Напрыканцы студзеня ў Мінскім гарадскім судзе ў парадку спецыяльнай вытворчасці пачалі разгляд крымінальнай справы супраць пяці беларускіх добраахвотнікаў палка Кастуся Каліноўскага: былога намесніка камандзіра палка, а цяпер прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета Вадзіма Кабанчука, былога камандзіра палка Паўла Шурмея, ваяра Аляксея Кавальчука, інструктара Аляксея Назарава і былога камандзіра Дзяніса Прохарава.

5 сакавіка іх прызналі вінаватымі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «акт тэрарызму» і «стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі».

Фігурантам справы прызначылі пазбаўленне волі на тэрміны ад 12 да 20 гадоў, а таксама буйныя штрафы.

31-гадовага жыхара Рэчыцы асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Антону Казачэнку 31 год. Ён родам з Рэчыцы, раней працаваў на мясцовым метызным заводзе. З канца 2016 па восень 2017 года меў статус індывідуальнага прадпрымальніка.

Пасля ён працаваў у фірме, якая займалася рамонтам аўтамабіляў, ужо ў Мінску. Нейкі час працаваў і ў Расіі — у падмаскоўнай Электрасталі.

У апошнія гады Антон пачаў цікавіцца сферай IT і праходзіў анлайн-навучанне на розных курсах, піша «Наша Ніва». Па-за працай галоўным захапленнем Антона была тэхніка — ён аматар спартыўных матацыклаў і хуткіх аўтамабіляў, падпісаны на тэматычныя суполкі.

Нядаўна Антона асудзілі ў Гомельскім абласным судзе. Яго прызналі вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Мужчыну, верагодна, прысудзілі калонію або «хімію» з накіраваннем.

Супрацоўніка ІТ-кампаніі з Гомеля асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

31-гадовага гамельчука Андрэя Кулікова асудзілі ў Гомельскім абласным судзе паводле ч.1 і ч.2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Праваабаронцы пакуль высвятляюць, які менавіта прысуд яму вынеслі. Вядома толькі, што гаворка ідзе пра пакаранне, звязанае з пазбаўленнем або абмежаваннем волі.

Андрэй Кулікоў, паводле адкрытых дадзеных у сацсетках, працуе ў ІТ-кампаніі Altabel Group, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння, піша @viasnaHomel.