Чарговае «памілаванне» і новыя справы. Хронікі рэпрэсій 5 сакавіка
У Беларусі памілавалі 15 палітычных зняволеных, большасць з якіх — жанчыны. У Віцебску распачалі новую крымінальную справу за каментары трохгадовай даўніны, КДБ папоўніў «тэрарыстычны спіс», а былога спецназаўца і сістэмнага адміністратара Беларускай чыгункі асудзілі па палітычнай справе.

У Беларусі памілавалі 15 палітычных зняволеных
Агулам пад памілаванне трапілі 18 чалавек, з якіх 15 былі асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».
Большасць памілаваных — 11 чалавек — жанчыны. У шасці з іх ёсць дзеці, у тым ліку дзеці з інваліднасцю, якія маюць патрэбу ў пастаяннай медыцынскай рэабілітацыі.
Сярод памілаваных — дзве сямейныя пары, жанчына на апошніх тэрмінах цяжарнасці і адна зняволеная, якая была асуджаная ў 16-гадовым узросце.
Паводле падлікаў праваабаронцаў, пасля падзей 2020 года ў Беларусі памілавалі або вызвалілі па амністыі як мінімум 605 палітзняволеных. За той жа перыяд статус палітычнага зняволенага атрымалі 4499 чалавек — людзі рознага ўзросту і сацыяльнага становішча, абвінавачаныя паводле розных крымінальных артыкулаў.
У Віцебску распачалі справу за каментары трохгадовай даўніны
У Віцебску распачалі новую крымінальную справу за «абразу Лукашэнкі». Яе ўжо накіравалі ў суд, і разгляд павінен адбыцца ў бліжэйшы час.
Фігурант — 39-гадовы жыхар абласнога цэнтра. Яго будуць судзіць за два каментары ў Telegram, пакінутыя каля трох гадоў таму.
Паводле версіі абвінавачання, мужчына пакінуў «каментары, якія ўтрымліваюць абразлівыя словы і выказванні ў адрас кіраўніка дзяржавы і прыніжаюць яго гонар і годнасць».
Як паведамляюць прапагандысцкія рэсурсы, гэтыя каментары пазней былі выдаленыя аўтарам. Аднак іх удалося аднавіць — і цяпер яны сталі падставай для крымінальнага абвінавачвання, піша @vicspring.
«Тэрарыстычны спіс» папоўніўся яшчэ трыма імёнамі
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў пералік «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго дадалі яшчэ трох чалавек:
— Глеба Рыбчанку
— Віталя Абадзенку
— Дзмітрыя Каліноўскага.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1424 чалавекі, з якіх каля 700 — беларусы.
Сістэмнага адміністратара БЧ асудзілі па палітычнай справе
48-гадовы Дзмітрый Каліноўскі — былы спецназавец і сістэмны адміністратар Беларускай чыгункі.
Пасля школы ён прайшоў тэрміновую службу ў 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы. У 2002 годзе завочна скончыў БДУІР па спецыяльнасці «камп’ютарныя сістэмы і сеткі».
З 2000 года Каліноўскі працаваў сістэмным адміністратарам на Беларускай чыгунцы і займаўся наладкай сеткавага абсталявання.
Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361 КК — «заклікі да мер абмежавальнага характару або іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы».
Мужчына адбывае пакаранне, імаверна ў калоніі, піша «Наша Ніва».