183 фігуранты «справы Гаюна» і зніклыя турэмныя рукапісы. Хронікі рэпрэсій 3 сакавіка
Беларускі ПЭН заявіў пра сістэматычнае канфіскаванне і знікненне рукапісаў палітвязняў. Алену Маліноўскую будуць судзіць па новай крымінальнай справе пасля адбыцця чатырох гадоў зняволення. Пераслед па «справе Гаюна» працягваецца, а Міністэрства інфармацыі чарговы раз папоўніла спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Беларускі ПЭН: у турмах сістэматычна канфіскуюць рукапісы
Беларускі ПЭН выступіў з заявай пра сістэматычнае канфіскаванне і знішчэнне рукапісаў палітычных зняволеных. Арганізацыя называе гэта формай культурнага і псіхалагічнага гвалту і спробай сцерці сведчанні эпохі.
Паводле ПЭН, у апошнія гады фіксуюцца выпадкі, калі:
рукапісы, дзённікі і эсэ канфіскуюцца падчас ператрусаў без афіцыйных актаў;
літаратурныя творы забіраюцца перад этапаваннем або вызваленнем;
лісты, чарнавікі і асабістыя запісы знікаюць пасля адабрання;
завершаныя тэксты не перадаюцца родным без тлумачэнняў.
Сярод зафіксаваных выпадкаў — канфіскацыя рукапісаў у Марыі Калеснікавай, Алены Гнаўк, Алеся Бяляцкага, Максіма Знака, Міколы Дзядка, Ігара Карнея, Уладзіміра Лабковіча, Паўла Севярынца, Аляксандра Фядуты і іншых.
ПЭН падкрэслівае, што такія дзеянні парушаюць права на свабоду выказвання, на гуманнае абыходжанне і на ўдзел у культурным жыцці, замацаваныя ў міжнародным праве і Канстытуцыі Беларусі. Асобна згадваюцца Правілы Нельсана Мандэлы, якія гарантуць зняволеным магчымасць культурнай і інтэлектуальнай дзейнасці.
Арганізацыя патрабуе спыніць канфіскаванне рукапісаў, вярнуць забраныя тэксты аўтарам і забяспечыць захаванне культурных правоў зняволеных. Таксама ПЭН звярнуўся да міжнародных структур з просьбай уключыць гэтае пытанне ў парадак дня міжнародных перамоваў з беларускімі ўладамі.
Алену Маліноўскую будуць судзіць па новай крымінальнай справе
Як паведамляе @dissidentBY, палітзняволеную абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый або іншых дзеянняў, шкодных для нацыянальнай бяспекі). Паводле папярэдняй інфармацыі, ёй інкрымінуюць восем эпізодаў.
У чым канкрэтна абвінавачваюць Алену, пакуль невядома.
31 жніўня 2025 года яна павінна была выйсці на волю пасля чатырох гадоў зняволення, аднак замест вызвалення супраць яе распачалі новую справу і перавезлі пад варту ў Мінск.
У 2022 годзе Маліноўскую асудзілі разам з Ліліяй Ананян і Анатолем Латушкам. Яна атрымала чатыры гады пазбаўлення волі за «хуліганства» і «здзек з дзяржаўных сімвалаў» — за выявы герба «Пагоня» і спалены сцяг.
Пераслед па «справе Гаюна» працягваецца
Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць як мінімум пра 183 пацверджаных фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная колькасць затрыманых, паводле іх, значна большая — вядома пра новыя затрыманні ў апошнія тыдні.
Суды па гэтай справе адбываюцца практычна штодзённа. З пачатку года ў «спіс экстрэмістаў» МУС дадалі 155 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмізму». Пераважная большасць з іх — фігуранты «справы Гаюна».
Паводле «Вясны», у асноўным людзям прызначаюць «хатнюю хімію», але ёсць і выпадкі пазбаўлення волі.
Чарговае абнаўленне спіса «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У пералік дадалі:
старонкі ў Facebook «People's Embassy of Belarus in Slovenia», «Народное посольство Беларуси в Черногории», «Belarussische Diaspora in Österreich»;
старонку ва «Укантакце» «АНТИФА-БЕЛАРУСЬ»;
TikTok-старонкі «POLITICNEWS», «zianon_pazniak_cytaty_»;
Telegram-каналы, чаты і боты «INFO - Беларусы в Лодзи | Беларусы ў Лодзі», «INFO - Лодзь - Вольнае сэрца LODZ -Volnaje Serca | Беларусы i Украïнці», «Беларусы Лодзи - чат Польша / Belarusy Lodz POLAND», «Volnaje Serca бот для связи с администрацией», «Революция»;
відэа «Союз Тихановской и Зеленского угрожает Лукашенко»;
старонку ў Instagram «Naviny Future»;
старонку ў Threads «Святлана Ціханоўская»;
сацсеткі і нават электронную пошту блогера Паўла Спірына.