Віртуальны праект «Вейшнорыя» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Хронікі рэпрэсій 2 сакавіка
МУС прызнала «Вейшнорыю» «экстрэмісцкім фармаваннем», палітвязня Алега Ларычава назвалі датычным да праекта. Былыя кіраўнікі Intex-Press, асуджаныя на гіганцкія тэрміны, прызнаныя палітзняволенымі. 29-гадовую спецыялістку дзяржпрадпрыемства асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму», а жыхарка Беларусі атрымала рэальны тэрмін пасля даносу з-за архіўных сторыс у Instagram.

«Вейшнорыю» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
2 сакавіка МУС прыняло рашэнне прызнаць «Viejšnoryja | Вейшнорыя» «экстрэмісцкім фармаваннем».
Паводле ведамства, дачыненне да праекта мае палітвязень Алег Ларычаў. Пра затрыманне арт-менеджэра стала вядома на пачатку года. Ларычаў — арганізатар фестывалю Urban Myths, грамадскі дзеяч і стрыт-арт-мастак.
«Вейшнорыя» — віртуальная дзяржава, якая з’явілася ў 2017 годзе як элемент легенды сумесных стратэгічных вучэнняў «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі. Праект выклікаў шырокі, пераважна іранічны розгалас у інтэрнэце. Паводле сцэнару вучэнняў, выдуманая дзяржава займала тэрыторыю значнай часткі Гродзенскай вобласці і паўночна-заходнія раёны Мінскай і Віцебскай абласцей.
Янукевіча і Пакаленку прызналі палітзняволенымі
26 лютага Брэсцкі абласны суд вынес прысуд былым кіраўнікам баранавіцкага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press, Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку.
Іх прызналі вінаватымі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК). Уладзіміру Янукевічу прызначылі 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф 3000 базавых велічыняў. Андрэю Пакаленку — 12 гадоў калоніі і штраф 1000 базавых велічыняў.
Разгляд справы, які пачаўся 3 лютага, праходзіў у закрытым рэжыме. Сутнасць абвінавачанняў публічна не раскрываецца.
Судоваму разбіральніцтву папярэднічаў працяглы мэтанакіраваны пераслед пазначаных медыя і іх супрацоўнікаў з боку дзяржавы: папярэджанне Intex-press з боку Міністарэства інфармацыі ў траўні 2021 года за публікацыю інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай, скасаванне рэалізацыі газеты праз гандлёвыя сеткі і паштовую падпіску, агляд памяшкання ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» сілавымі органамі і адабранне камп’ютэрнай тэхнікі у лютым 2023 года, прызнанне сайта intex-press.by і старонак выдання ў сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі матэрыяламі» у красавіку 2023 года, абмежаванне доступу да сайта ў траўні 2023 года. Асабіста Уладзіміру Янукевічу, як дырэктару выдання, быў двойчы прызначаны адміністрацыйны штраф за публікацыю інтэрв’ю з Ціханоўскай. У выніку гэтых дзеянняў Intex-press было зліквідаванае, пасля чаго Уладзімір Янукевіч і Андрэй Пакаленка з камандай стварылі навінавы сайт BAR24 (bar24.by). У снежні 2024 года некалькі супрацоўнікаў BAR24 былі затрыманыя, у офісе выдання і жыллі супрацоўнікаў праведзеныя вобшукі і адабранне тэхнікі. Была ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса (“Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці”). Увосень 2025 года чатыры супрацоўнікі BAR24 былі асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
Пералічаныя акалічнасці не пакідаюць сумневаў, што крымінальны пераслед Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленкі з’яўляецца працягам рэпрэсій у дачыненні да Intex-press і BAR24, і шырэй – у дачыненні да незалежных беларускіх медыя і журналістаў, і скіраваны на спыненне публічнай дзейнасці Уладзіміра Янукевіча і Андрэя Пакаленкі па негвалтоўным ажыццяўленні свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.
Праваабаронцы прызналі абодвух палітзняволенымі.
29-гадовую супрацоўніцу дзяржпрадпрыемства асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Карына Куцко родам з аграгарадка Хадакі Івацэвіцкага раёна. У 2019 годзе яна скончыла БНТУ і засталася працаваць у Мінску.
Апошнім часам Карына працавала ў філіяле будаўніча-мантажнага ўпраўлення №7 (СМУ-7) ААТ «Белсельэлектрасеткібуд» — буйной кампаніі ў сферы электрыфікацыі. Яна займала пасаду галоўнага спецыяліста па распрацоўцы каштарыснай дакументацыі, піша «Наша Ніва»/
Акрамя асноўнай працы, Карына займалася творчасцю: скончыла курсы па 3D-візуалізацыі і дызайне інтэр’ераў, вяла блог у Instagram і размяшчала працы на платформе Behance.
Яе асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Данос пасля адмовы сустракацца — і крымінальная справа
Ганну Курыс спачатку затрымалі паводле адміністрацыйнага артыкула. Яна мяркуе, што заяву напісаў хлопец, з якім яна адмовілася сустракацца.
«Ён сказаў, што напіша на мяне заяву, бо ведае, якія ў мяне захаваныя сторыс. Я падумала, што гэта трызненне. Тады ўсё скончылася адміністрацыйкай. Але праз паўгода мне прыйшло паведамленне, што на мяне завялі крымінальную справу — нібыта знайшлі гісторыі ў архіве Instagram.
Я спадзявалася на "хатнюю хімію", але далі рэальны тэрмін.
Па сутнасці, я сядзела за тое, што была супраць вайны. У 2020 годзе мне было 17 гадоў, я нідзе не ўдзельнічала і нікуды не хадзіла. Калі я была ў СІЗА, думала, што мяне адпусцяць на "хімію" і я больш нічога не буду пісаць. Але калі мяне пасадзілі, я зразумела, што раскажу ўсё».