Заменяць пяхоту? Зяленскі даручыў паставіць войску 50 тысяч наземных рабатызаваных комплексаў

Недахоп ракет для СПА Украіна паспяхова замяняе дронамі ўласнай вытворчасці. Расіяне працягваюць губляць асабовы склад, адпраўляючы салдат на загадзя вырачаныя штурмы. А ва УСУ, імаверна, будзе больш робатаў, чым пяхоты. Ідуць 1525-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

670328126_1308343994812009_5598945226614583876_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 226 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 52 штурмы расіян у бок Біліцкага, Зацішак, Новага Шахава, Дарожнага, Радзінскага, Мірнаграду, Шаўчэнка, Васільеўкі, Мураўкі, Маладзецкага, Пакроўску, Удачнага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 26 атак расіян у раёнах Дабраполля, Прылук, Аленаканстанцінаўкі, Залізнічнага, Святапятроўкі, Мірнага, Гуляйпольскага і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы 18 разоў атакаваў пазіцыі УСУ у раёнах Ваўчанска, Старыцы і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 15 атак у раёнах Плешчыеўкі, Іванаполля і ў бок Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Русінага Яру, Сафіеўкі, Вольнага і Новапаўлаўкі.

На Ліманскім кірунку зафіксавана 13 боесутыкненяў у раёнах  Дробышава, Ліману і Шыйкаўкі.

* * *

За час поўнамаштабнай вайны ва Украіне загінула не менш за 2000 ваенных з тэрыторыі часова акупаванага Крыма, паведамляе праект «Груз 200» Радыё Свабода — «Крым.Рэаліі».

Журналістам удалося верыфікаваць 2000 некралогаў крымчан, што ваявалі ў арміі Расіі. Больш за ўсё паведамленняў пра гібель прыпадае на Севастопаль — 520 чалавек. На другім месцы Керчанскі (Ленінскі) раён з 225 пахавальнымі лістамі. Часцей за ўсё гінуць на тэрыторыі Данецкай вобласці.

Аналітыкі адзначылі, што колькасць добраахвотнікаў з паўвострава памяншаецца. Калі ў 2023 і 2024 гадах фіксавалася да 70 некралогаў штогод, то ў 2025 годзе — толькі 28. У той жа час расце колькасць забітых зняволеных, якія цяпер складаюць не менш за 10% ад усіх верыфікаваных страт.

* * *

Расійскія салдаты пад Купянскам спрабуюць прарвацца ў горад па газавых трубах. Страты пры спробе пралезці па іх складаюць да 70%, распавёў у каментарыі «Суспільнаму» спікер Групоўкі аб’яднаных сіл Віктар Трэгубаў.

«Я спадзяваўся, што яны перастануць гэта рабіць пад Купянскам, бо банальна трубы раздзяўбаныя проста ў хлам. Яны лезуць праз тую самую Галубаўку, там якраз праходзіць адна з труб. Страты проста пры спробе перасекчы гэтую трубу даходзяць да 70%, але ўсё роўна спрабуюць», — адзначыў ён.

Трэгубаў выказаў здагадку, што расіяне могуць лічыць штурмы такім чынам лепшымі, чым па чыстым полі, бо труба з’яўляецца хоць нейкім прыкрыццём.

Паводле слоў прадстаўніка ГАС, армія РФ актыўна спрабуе прарвацца ў Купянск і Купянск-Вузлавы.

* * *

У ноч на 28 красавіка Расія атакавала Украіну 123 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 95 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Расійскія войскі раніцай 28 красавіка масіравана ўдарылі па Канатопе. У горадзе пашкоджаны жылыя дамы, бальніца, адміністрацыйныя будынкі і трамвайная сетка. У горадзе прыпынены рух усяго транспарту. Папярэдне, да медыкаў звярнуліся чатыры чалавекі.

Чатыры чалавекі пацярпелі ў выніку расійскіх удараў па гарадах Запарожжа і Херсон, а таксама па Днепрапятроўскай вобласці.

Краснадарскі край РФ у ноч на 28 красавіка зноў быў пад атакай беспілотнікаў. Гаворка ідзе пра Туапсінскі НПЗ і Марскі тэрмінал, паведамляюць расСМІ і OSINT-каналы ў Telegram. Мясцовыя паведамілі пра больш чым дзесятак выбухаў пасля дзвюх гадзін ночы. У оперштабе Краснадарскага краю раніцай пацвердзілі інфармацыю пра атакі НПЗ Туапсэ і Марскі порт. Папярэдне, без пацярпелых.

Акупаваны Крым у ноч на 28 красавіка атакавалі дроны. Выбухі былі на аэрадромах «Сакі», «Кача», «Бельбек», а таксама ў Севастопалі і Феадосіі, паведамляюць мясцовыя Telegram-каналы.

* * *

683152958_1319693287010413_3668877681457289925_n.jpg

* * *

Украінскія Patriot адчуваюць сур’ёзны дэфіцыт ракет, і нягледзячы на эфектыўную эксплуатацыю комплексаў, запасы перахопнікаў застаюцца абмежаванымі, сказаў начальнік упраўлення камунікацый Паветраных сіл УСУ палкоўнік Юрый Ігнат у інтэрв’ю на YouTube.

Ігнат падкрэсліў, што ўкраінскія ваенныя з’яўляюцца аднымі з найбольш вопытных аператараў гэтых комплексаў, але адзначыў дэфіцыт ракет. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра ракеты PAC-3, якія лічацца найбольш эфектыўнымі для перахопу балістыкі. Таксама могуць прымяняцца PAC-2, першапачаткова створаныя для такіх задач, аднак цяпер яны часцей выкарыстоўваюцца як зенітныя ракеты.

Ігнат удакладніў, што менавіта PAC-3 з’яўляюцца аптымальным сродкам перахопу балістычных пагроз. Ён нагадаў, што на працягу зімы Расія прымяніла больш за 700 ракет, значная частка з якіх была балістычнай, уключаючы «Кінжалы», «Іскандэры», KN-23 і С-400.

За тры месяцы гэтага года было зафіксавана каля 15 масіраваных ракетных удараў па тэрыторыі Украіны. Гэта прывяло да скарачэння запасаў ракет не толькі для Patriot, але і для іншых заходніх сістэм СПА, уключаючы NASAMS і IRIS-T.

«Сістэмы Patriot, здольныя збіваць балістычныя ракеты, фактычна знаходзяцца на "галодным пайку"», — адзначыў Ігнат.

* * *

УСУ за чатыры месяцы атрымалі ўдвая больш дронаў-перахопнікаў, чым за 2025 год, паведаміў міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў у Telegram.

Паводле яго слоў, пастаўкі забяспечваюць праз некалькі каналаў: прамыя кантракты Агенцтва абаронных закупак, праграму «Армія дронаў. Бонус» і маркетплэйс зброі DOT-Chain Defence.

Як адзначыў міністр, дроны-перахопнікі памяншаюць нагрузку на ракетную СПА, дазваляючы засяродзіць яе рэсурсы на процідзеянні ракетным атакам. «Процішахедныя дроны з’яўляюцца тэхналагічным адказам ворагу. Яны ў сотні разоў таннейшыя за ракетныя сістэмы і ў дзясяткі разоў таннейшыя за "Шахеды", што дазваляе максімальна эфектыўна выкарыстоўваць бюджэтныя рэсурсы», — патлумачыў Фёдараў.

Ён адзначыў, што ў сакавіку дроны-перахопнікі знішчылі больш за 33 тысячы варожых беспілотнікаў розных тыпаў.

* * * 

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў Мінабароны і Генштабу паставіць ваенным у 2026 годзе 50 тысяч наземных рабатызаваных комплексаў, паведамляе ён у сваім звароце.

«Ёсць задача міністру абароны Украіны і Генеральнаму штабу — як мінімум 50 тысяч НРК на гэты год. Усе павінны разумець: гэта абарона жыцця. Лагістыка на фронце, эвакуацыя параненых, баявыя задачы — зараз максімальна актыўна развіваецца прымяненне менавіта НРК. Так і павінна быць», — сказаў ён.

Зяленскі падкрэсліў, што аб’ёмы вытворчасці і пастаўкі НРК павінны быць павялічаны. Ён адзначыў, што на бягучы год ужо закантрактаваны аб’ём больш чым удвая — у параўнанні з мінулым годам.