Вялікія тэрміны для інтэкспрэсаўцаў, новыя забароны і папаўненне «спісу экстрэмістаў». Хронікі рэпрэсій 27 лютага

 Былыя кіраўнікі Intex-Press атрымалі 14 і 12 гадоў калоніі па абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве». «Белтэлекам» спыняе рассылку на @tut.by, МУС заяўляе пра амаль 300 асуджаных за «гвалт і абразу» міліцыянтаў, у гомельскай ПК-4 узмацнілі бытавыя абмежаванні, а «спіс экстрэмістаў» папоўніўся яшчэ на 33 чалавекі.

1_1097_1.png

Двух былых кіраўнікоў Intex-Press асудзілі да вялізных турэмных тэрмінаў

26 лютага ў Брэсцкім абласным судзе агучылі прысуд былым кіраўнікам баранавіцкага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press, Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку.

Як стала вядома БАЖ, абодвух абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 КК).

Уладзіміру Янукевічу прызначылі 14 гадоў пазбаўлення волі і штраф 3000 базавых велічыняў (135 тысяч рублёў).

Андрэю Пакаленку — 12 гадоў і 1000 базавых велічыняў (45 тысяч рублёў).

Таксама паведамляецца пра агульнае спагнанне каля 200 тысяч рублёў.

Сутнасць абвінавачання невядомая.

«Белтэлекам» спыняе рассылку на адрасы @tut.by

Кампанія паведаміла, што з 1 сакавіка рассылка апавяшчэнняў на электронныя адрасы з даменам @tut.by ажыццяўляцца не будзе.

Прычына — уключэнне даменнага імя @tut.by у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Амаль 300 чалавек асуджаныя за «гвалт і абразу» міліцыянтаў

У 2025 годзе каля 300 чалавек былі асуджаныя за «гвалт, абразу і супраціў» супрацоўнікам міліцыі, паведаміла МУС, піша «Позірк».

У ведамстве заявілі, што супрацоўнікі «нярэдка сутыкаюцца з агрэсіяй і пагрозамі», а любыя «неправамерныя дзеянні», у тым ліку ў інтэрнэце, — гэта замах на грамадскую бяспеку.

Пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года менавіта супрацоўнікі МУС і іншых сілавых структур жорстка разганялі мірныя пратэсты. Па фактах гвалту з іх боку крымінальныя справы не ўзбуджаліся. У той жа час удзельнікаў пратэстаў судзілі па крымінальных артыкулах, часта з рэальнымі тэрмінамі.

У гомельскай жаночай калоніі ПК-4 узмацнілі абмежаванні

У жаночай папраўчай калоніі №4 у Гомелі абнавілі пералік рэчаў, якія асуджаныя могуць мець пры сабе, піша MAYDAY.

Дакумент падпісаў начальнік калоніі Станіслаў Кавалёў 5 студзеня 2026 года.

Што змянілася:

Забаронены пластыкавыя талеркі і відэльцы. Пры перадачах аднаразовы посуд кантралёры канфіскуюць і выкідваюць.

Пластыкавыя кантэйнеры дазволены толькі памерам 15×15 см — да 4 штук. Іншыя ёмістасці ўтылізуюць.

Асобная праблема — абутак.

Цяпер патрабаванні настолькі жорсткія, што, паводле сваякоў, знайсці ў краме пару, якая цалкам адпавядае нормам, практычна немагчыма. Перад пакупкай людзі вымяраюць вышыню халявы і абцаса, адразаюць дэкаратыўныя элементы або зафарбоўваюць іх.

Дазволены толькі чорныя, не лакаваныя туфлі і боты без упрыгожванняў, без уставак іншага колеру, без меху звонку, з абцасам або платформай не вышэй за 5 см. Замша і нубук забаронены. Строга рэгламентаваныя і гумовыя боты, і нават дажджавікі.

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 33 чалавекі

27 лютага МУС абнавіла «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Цяпер у ім 6353 чалавекі.

Сярод новых прозвішчаў — 19-гадовыя Вячаслаў Бандарчук, Уладзіслаў Варонін і Арцём Аліферовіч. Раней МУС сцвярджала, што яны маюць дачыненне да «экстрэмісцкага фармавання» «ДУХ РУСИ».

Апошнюю версію спіса публікуе «Вясна».