Прысуд анкахворой па «справе Гаюна» і новыя палітвязні. Хронікі рэпрэсій 25 лютага
Улады працягваюць пашыраць спіс «экстрэмісцкіх» арганізацый і матэрыялаў, выносяць прысуды па «справе Гаюна», канфіскуюць маёмасць святароў і праводзяць прафілактычныя сустрэчы са студэнтамі пад пагрозамі адказнасці.

Пракуратура абмежавала доступ да сайтаў польскіх івэнт-агенцтваў
У Беларусі абмежавалі доступ да сайтаў terra-group.pl і ssl-production.pl. Яны належаць кампаніям «Terra Group Event» і «SSL Production», якія 12 лістапада былі прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Пракуратура заявіла, што «функцыянаванне ўказаных інтэрнэт-рэсурсаў супярэчыла інтарэсам дзяржавы, як гэта вызначана ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, іх дзейнасць была спалучана з замахам на асновы суверэнітэту і непахіснасць канстытуцыйнага ладу краіны».
«Terra Group Event» арганізоўвае мерапрыемствы і цімбілдынгі для буйных IT-кампаній. «SSL Production» ладзіць аднадзённыя і шматдзённыя мерапрыемствы ў Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Грэцыі, Турцыі і Літве.
Анкахворую мазыранку асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі» па «справе Гаюна»
Гомельскі абласны суд разгледзеў крымінальную справу супраць палітзняволенай Ірыны Левінай. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» ў межах «справы Гаюна».
Паводле інфармацыі «Гомельскай Вясны», Ірыне прызначылі чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама штраф у 500 базавых велічыняў — 22 500 рублёў.
Жанчыну, якая цяжка хварэе на анкалогію, затрымалі 25 чэрвеня 2025 года ў Мазыры — на выхадзе з анкадыспансэра. Спачатку яе змясцілі ў гомельскі СІЗА № 3. Пазней, калі стан здароўя пагоршыўся, ёй дазволілі знаходзіцца ў лякарні, а затым дома. Аднак праз пераслед у яе ўзніклі праблемы з праходжаннем лячэння, у тым ліку стала немагчымай запланаваная аперацыя.
У Беларусі +8 новых палітвязняў
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ восем чалавек: Павел Шпак, Аляксей Ляўкевіч, Міхаіл Горбач, Таццяна Магнусава, Сяргей Пахомаў, Віталь Абадзенка, Сяргей Васільеў, Пётр Асіпенка.
Апроч іншых артыкулаў, іх асудзілі паводле арт. 130 КК — «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».
Зямлю ксяндза Генрыха Акалатовіча не змаглі прадаць праз аўкцыён
Электронныя таргі па продажы зямельнага ўчастка ксяндза Генрыха Акалатовіча ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна не адбыліся. Аўкцыён быў прызначаны на 24 лютага, але ўдзельнікаў не знайшлося — ніхто не захацеў купляць зямлю святара.
Гаворка ідзе пра невялікі ўчастак — зямлю яго бацькоў каля бацькоўскага дома. Цяпер гэта арыштаваная маёмасць, выстаўленая на продаж «у кошт пагашэння запазычанасці па выканаўчай вытворчасці».
Паводле @katolik_life, пад арышт трапіў таксама мікрааўтобус, які належыць не самому святару, а парафіі.
Сам ксёндз знаходзіцца ў Рыме, куды яго вывезлі разам з айцом Анджэем Юхневічам пасля вызвалення. Яны праходзяць аднаўленне пасля доўгага зняволення. Іх далейшы лёс пакуль невядомы.
Пагрозы студэнтам за «экстрэмісцкія» падпіскі
У Горках 19 лютага ў сельскагаспадарчай акадэміі адбылася сустрэча прафесарска-выкладчыцкага складу з пракурорам раёна Аляксандрам Тарасюком. Ён выступіў з дакладам на тэму «Правапарушэнні экстрэмісцкай накіраванасці і адказнасць за іх здзяйсненне», піша MAYDAY.
Сустрэча праходзіла як «тлумачальна-інфармацыйны сход», падчас якога выкладчыкам даручылі весці прафілактычную працу сярод моладзі, каб «прадухіліць радыкалізацыю і прапаганду экстрэмісцкіх ідэй». Пад радыкалізацыяй разумелася палітычная нелаяльнасць студэнтаў. Пракурор прыводзіў прыклады канкрэтных палітычна матываваных прысудаў.
На наступны дзень падобнае мерапрыемства прайшло ў Магілёве ў Беларуска-расійскім універсітэце ў межах «прававой дэкады» пад назвай «Мы і закон».
Перад студэнтамі выступіў старшы інспектар УУС Магілёўскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Волкаў. Ён папярэджваў пра адказнасць за «экстрэмісцкую» дзейнасць, удзел у «несанкцыянаваных акцыях» і распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Раней Волкаў неаднаразова фігураваў у палітычна матываваных рэпрэсіўных дзеяннях супраць магілёўцаў.
TikTok-акаўнт Palatno media прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Суд Полацкага раёна 20 лютага прызнаў TikTok-акаўнт выдання Palatno media «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Раней у Рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ужо ўключылі Telegram-акаўнт выдання, старонкі ў Facebook і профіль у сацсетцы X.
Акрамя таго, спіс папоўнілі TikTok-акаўнты «Беларусь без фильтров», «Беларусь | За минуту», «Темная галерея», «Беларусь факты», акаўнт у Threads NN MEDIA REPORT і YouTube-канал з такой жа назвай.