Забароненыя кнігі, «палёгкі» для асуджаных і новыя «фармаванні». Хронікі рэпрэсій 26 лютага

У Беларусі папоўнілі спіс забароненай літаратуры — цяпер у ім 241 пазіцыя. Палітвязням на «хатняй хіміі» прапануюць пераход на папраўчыя работы з утрыманнем да 25% заробку. На межах з ЕС працягваюцца допыты і затрыманні. Менеджара IT-кампаніі асудзілі за ўдзел у пратэстах, а МУС прызнала новым «экстрэмісцкім фармаваннем» «Беседу Форватера».

1_1097_1.png

У Беларусі абнавілі спіс забароненай літаратуры

Міністэрства інфармацыі дадало 16 кніг у пералік друкаваных выданняў, якія, паводле ведамства, «здольныя нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам», піша «Люстэрка».

Рашэнне прынялі па выніках пашыранага пасяджэння Рэспубліканскай камісіі па ацэнцы сімволікі, атрыбутыкі і інфармацыйнай прадукцыі. Удзельнічаў і Грамадскі савет па маральнасці.

У абноўлены пералік увайшлі:

«Улыбка — пилигрим души: стихи, переводы» — Уладзімір Харошка;

«БДСМ. Бесконечная доброта, сострадание и милосердие» — Аляксандр Чашчын;

«Твоя Мари» — Марыянна Крамм;

«Уроки во грехе» — Пэм Гудвін;

«Дневник каннибала. История японского людоеда, который вместо срока получил славу» — Іссэй Сагава;

«Нация прозака» — Элізабет Вуртцэль;

«Семь лепестков» — Сяргей Кузняцоў;

«Амнезия души» — Таццяна Коган;

«Лампа Мафусаила, или Крайняя битва чекистов с масонами» — Віктар Пялевін;

«Прошу, убей меня! Подлинная история панк-рока в рассказах участников» — Легс Макніл, Джылліяан Маккейн;

«Песнь Ахилла» — Мадлен Мілер;

«Лес мертвецов» — Жан-Крыстоф Гранжэ;

«Освобождение» — Патрык Нес;

«Абсолютист» — Джон Бойн;

«Изысканный труп» — Попі Брайт;

«Фистула» — Арцём Серабраўкоў.

Чым канкрэтна кнігі «нашкодзілі нацыянальным інтарэсам», афіцыйна не тлумачыцца. Кіраўніца камісіі Лілія Ананіч заявіла, што Беларусь з’яўляецца «ўзорам сацыяльнай справядлівасці» і адстойвае «традыцыйныя каштоўнасці», якія не ўбудоўваюцца ў «глабалісцкі парадак». Паводле яе, «ментальная агрэсія» — складнік гібрыднай вайны супраць краіны.

На 26 лютага ў спісе забароненых кніг — 241 пазіцыя. У пераліку «экстрэмісцкіх матэрыялаў» — больш за 9 тысяч аб’ектаў.

Беларусам на «хатняй хіміі» прапануюць папраўчыя работы

«Нашай Ніве» вядома як мінімум пра пяць выпадкаў такіх прапановаў. Гаворка пра людзей, асуджаных па палітычных справах і накіраваных на «хатнюю хімію». Сярод выпадкаў — як Мінск, так і невялікія райцэнтры.

Папраўчыя работы не азначаюць прымусовай фізічнай працы. Чалавек працягвае працаваць на сваім месцы, але дзяржава ўтрымлівае ад 10% да 25% заробку. Ва ўсіх вядомых выпадках людзей папярэджвалі, што будуць утрымліваць максімальныя 25%.

Пры гэтым адмяняюцца іншыя абмежаванні: няма строгага графіку знаходжання дома і пастаянных міліцэйскіх праверак.

Допыты і затрыманні на мяжы з ЕС

За апошнія паўгода праваабаронцы фіксуюць рэгулярныя допыты і затрыманні на пунктах пропуску паміж Беларуссю і краінамі ЕС, а таксама Расіяй.

Падставай для пераследу становяцца:

фота з пратэстаў;

данаты;

каментары ў сацсетках;

«экстрэмісцкія» рэпосты;

БЧБ-сімволіка;

фота з акцый салідарнасці за мяжой.

Часта на размовы адпраўляюць людзей, уключаных у базу сілавікоў «БЕСпорядки», куды ўнесеныя даныя затрыманых пасля 2020 года.

Тэлефоны аглядаюць дэталёва, уключна з архівамі за 2020 год. Пры выяўленні «экстрэмізму» людзей змяшчаюць у ІЧУ ў бліжэйшых гарадах, прызначаюць штрафы або адміністрацыйны арышт, а ў асобных выпадках узбуджаюць крымінальныя справы.

Менеджара IT-кампаніі асудзілі за ўдзел у пратэстах

35-гадовага Аляксандра Лабузава судзілі ў Мінскім гарадскім судзе па ч. 1 арт. 342 і ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК — удзел у пратэстах і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Раней ён працаваў у рознічным гандлі ў Светлагорску, пасля — у «Атлант-М» у Мінску, а з 2023 года быў старэйшым менеджарам па рабоце з кліентамі ў Noventiq Belarus — буйным правайдары IT-рашэнняў і сэрвісаў, піша «Наша Ніва».

Дакладны прысуд невядомы, але, імаверна, гаворка ідзе пра «хатнюю хімію».

Новае «экстрэмісцкае фармаванне» — «Беседа Форватера»

24 лютага МУС прызнала «Беседу Форватера» экстрэмісцкім фармаваннем.

У пералік датычных уключылі 19-гадовых Дзмітрыя Зуева і Уладзіслава Бутвянкова. Паводле сацсетак, яны затрыманыя — іх старонкі не абнаўляюцца з канца 2025 года. Палітычнага кантэнту на старонках не было; вядома, што Бутвянкоў цікавіўся гістарычнай рэканструкцыяй і падпісваўся на беларускія сайты.

Раней Бутвянкова ўжо ўносілі ў спісы датычных да «экстрэмісцкіх фармаванняў» Sandӓr і «Барысфен».