403 асуджаныя за падтрымку Украіны, смерць у калоніі і сведчанні пра катаванні. Хронікі рэпрэсій 24 лютага

 У Беларусі працягваюцца крымінальныя пераследы за падтрымку Украіны, салідарнасць і антываенную пазіцыю. Праваабаронцы фіксуюць сотні прысудаў, масавыя затрыманні па «справе Гаюна», смерці за кратамі і сведчанні пра сістэмны ціск на палітвязняў.

1_1097_1.png

403 асуджаныя за падтрымку Украіны

Паводле звестак «Вясны», з лютага 2022 года за падтрымку Украіны асуджаныя не менш за 403 чалавекі. Больш за 200 з іх цяпер утрымліваюцца за кратамі. Сярод асуджаных — 71 жанчына.

Гэтыя лічбы адлюстроўваюць толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі. Затрыманні працягваюцца рэгулярна.

Большасць прысудаў звязаная з «садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці». 213 чалавек асудзілі за перадачу фота і відэа перамяшчэння расійскай вайсковай тэхнікі «экстрэмісцкім фармаванням».

Павялічваецца колькасць спраў паводле самых цяжкіх артыкулаў:

  • 41 чалавек асуджаны за «здраду дзяржаве»;
  • 16 замежнікаў — за «агентурную дзейнасць» на карысць Украіны;
  • 34 чалавекі — за «акт тэрарызму» паводле арт. 289 КК, у тым ліку ў справах пра дыверсіі на чыгунцы і ў Мачулішчах.

За данаты Полку Каліноўскага і УСУ людзей асуджаюць паводле ч. 2 арт. 361-3 КК — «фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або канфлікце». Паводле «Вясны», не менш за 40 чалавек атрымалі прысуды за такія ахвяраванні, сярод іх шмат жанчын.

Асобным масавым эпізодам стала «справа Гаюна». Пасля ўзлому 5 лютага 2025 года бота маніторынгавага праекта «Беларускі Гаюн», куды беларусы дасылалі фота і відэа перамяшчэння расійскай тэхнікі, база даных трапіла да сілавікоў.

Па стане на 24 лютага 2026 года «Вясне» вядомыя 183 пацверджаныя фігуранты гэтай справы — затрыманыя або ўжо асуджаныя за паведамленні ў «экстрэмісцкі» бот. Затрыманні і суды адбываюцца практычна штотыдзень.

Людзей судзяць паводле арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», прызначаюць штрафы ў сотні базавых велічыняў і рэальныя тэрміны.

Пад крымінальны пераслед трапляюць і грамадзяне Украіны. Паводле «Вясны», мінімум пяць украінцаў цяпер адбываюць тэрміны паводле палітычна матываваных прысудаў. Усяго з 2020 года крымінальна пераследавалі 36 украінцаў, 17 з іх памілавалі і дэпартавалі.

Не менш за 48 чалавек асуджаныя за нібыта сувязі са спецслужбамі Украіны — як беларусы, якім інкрымінавалі «здраду дзяржаве», так і замежнікі, абвінавачаныя ў «агентурнай дзейнасці» або «шпіянажы».

Фактычна любая праява салідарнасці з Украінай можа стаць падставай для крымінальнай справы.

Садоўніка з-пад Барысава асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

36-гадовы Мікалай Дамаронак з аграгарадка Неманіца Барысаўскага раёна ў 2012 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. З 2017 года ён развіваў уласны бізнэс па добраўпарадкаванні ўчасткаў — стрыг кусты, даглядаў газоны, высаджваў туі, займаўся зялёным аздабленнем. У сацсетках меў прафесійныя старонкі з станоўчымі водгукамі.

Яго абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Верагодна, мужчыну прызначылі рэальны тэрмін або «хімію» з накіраваннем.

У сацсеткі ён не вярнуўся, старонкі бізнэсу неактыўныя — падобна, што Мікалая пакаралі рэальным тэрмінам. Пра гэта піша «Наша Ніва».

Сведчанні пра катаванні

Былы палітвязень Павел Севярынец, вызвалены 13 снежня 2025 года і прымусова дэпартаваны, напісаў у Facebook,  што Мікалая Статкевіча «давялі да інсульта», і апісвае ўласны досвед:

«Турэмныя дактары толькі фіксуюць, дзе тонка ў таго ці іншага вязня, якога начальства вырашыла ламаць — і пасля вязня пераводзяць у адпаведную камеру. А катоўні там на выбар. Лядоўні, каб ламаць косці. Адзіночкі — «труны», дзе замуроўваюць на месяцы. Скразняковыя «трубы» для тых, у каго слабыя лёгкія… Пытанне толькі ў тым, што цябе вырубіць спярша: язва, запаленне лёгкіх, інсульт, інфаркт альбо вар’яцтва».

Сталі вядомыя абставіны смерці Вадзіма Храсько

Былы палітвязень Міхаіл Сталярчук распавёў «Вясне» пра смерць асуджанага за данаты Вадзіма Храсько.

Паводле яго слоў, у студзені 2024 года ў Храсько была высокая тэмпература, але ў медчастцы яго не прымалі. Калі стан рэзка пагоршыўся, яго на насілках аднеслі ў медчастку, дзе ён памёр. Ускрыццё паказала запаленне.

«Калі б на медчастцы яму зрабілі здымак і дапамаглі, гэтага не было б», — кажа сведка.

Ён таксама сцвярджае, што да яго як да палітвязня і ўкраінца было прадузятае стаўленне:

«Я вас хахлоў ненавіджу», — казаў супрацоўнік калоніі. Паводле яго, існаваў негалосны ўказ узмацняць пакаранні для палітычных — часцей выпісваць ШІЗА, пазбаўляць пасылак, званкоў і спатканняў.