Атака на выдаўцоў, вярбоўкі сваякоў і новыя прысуды. Хронікі рэпрэсій 23 лютага

 КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher. У Мінску затрымалі сям’ю выдаўцоў. Палітзняволеная Вольга Чукарава ў калоніі цалкам страціла зрок. Сваякоў эмігрантаў у Гродзенскай вобласці выклікаюць на размовы і прапануюць «бяспечнае вяртанне» ў абмен на супрацоўніцтва. Распавядаем пра новыя выпадкі ціску і прысуды.

1_1097_1.png

Gutenberg Publisher прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

16 лютага КДБ прыняў рашэнне прызнаць беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher «экстрэмісцкім фармаваннем».

На сайце выдавецтва пазначана, што гэта еўрапейскае беларускае выдавецтва з офісам у Кракаве. У ім працуюць беларусы, якія былі вымушаныя пакінуць краіну. Каманда падкрэслівае, што падтрымлівае асабістыя кантакты з аўтарамі і супрацоўнікамі ўнутры Беларусі, прыцягвае іх да працы, каб захаваць адзіную інтэлектуальную прастору і аказаць матэрыяльную падтрымку.

У Мінску затрымалі сям’ю выдаўцоў

На мінулым тыдні ў Мінску прайшлі масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Сярод затрыманых — каталіцкая сям’я Багдановічаў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Алену і Вацлава Багдановічаў, а таксама іх дачок Антаніну і Вікторыю затрымалі ў сувязі з дзейнасцю ў выдавецтве «Тэхналогія». На старонцы выдавецтва ў Facebook з’явілася паведамленне, што яно часова не працуе «з пэўных прычын».

Вацлаў і Вікторыя — аўтары ўласных кніг на беларускай мове. Паводле звестак @christianvision, на волю адпусцілі толькі Алену і Антаніну. Што адбываецца з Вацлавам і Вікторыяй, невядома.

Вольга Чукарава ў зняволенні цалкам страціла зрок

Пра гэта паведаміла Марына Золатава ў Facebook.

Вользе Чукаравай 50 гадоў. Яна працавала бухгалтарам у авіяцыйнай сферы. Паводле артыкулаў 361-1 КК — стварэнне або ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» — і 369 КК — абраза прадстаўніка ўлады — яе асудзілі на чатыры гады.

Яе затрымалі восенню 2024 года. У СІЗА яна перанесла інсульт і страціла зрок. Цалкам.

У каранціне калоніі, паводле слоў Золатавай, знаходзіліся людзі, якія не верылі, што яна сапраўды не бачыць. Пыталіся, як яна ўстала і як падышла, абвінавачвалі ў прыкідванні.

Нават пры ціску 210 яна не скардзілася. Прасіла толькі навучыць яе перасоўвацца навобмацак. Навучылася.

Пасля каранціну некалькі дзён знаходзілася ў атрадзе, затым яе перавялі ў санчасць, вазілі на абследаванні. Паводле чутак, з’явіўся яшчэ адзін цяжкі дыягназ.

У Вольгі дачка-падлетак, якая жыве ў інтэрнаце, сын служыць у войску, маці — інвалід першай групы, прывязаная да ложка. Хто цяпер даглядае маці, невядома.

«Без пашпарта і без дакументаў»

Марына Адамовіч у інтэрв’ю LRT распавяла пра першыя дні Мікалая Статкевіча пасля вызвалення.

Паводле яе слоў, пасля вяртання ў калонію яму перасталі выдаваць неабходныя лекі або замянялі іх на малаэфектыўныя. Замест рывараксабану — Ксарэлта — давалі звычайны аспірын.

19 лютага ўвечары ён апынуўся дома — без пашпарта, без дакументаў, без эпікрыза і выпісак, без яснага разумення свайго прававога статусу. Гэта ўскладняе магчымасць аператыўнага аказання медыцынскай дапамогі і вырашэнне пытанняў рэабілітацыі.

Паводле Адамовіч, цяпер ён адчувае сябе лепш, чым у турэмнай бальніцы. Але сітуацыя застаецца няпэўнай: няма дакументаў, няма разумення, ці можна выехаць на рэабілітацыю. Пакуль — дом, спакой, прагулкі, якасная ежа і неабходныя лекі па рэкамендацыі доктара.

54-гадовая псіхалагіня з Маладзечна — за кратамі

Жанна Дашкевіч скончыла Бабруйскі медычны тэхнікум у 1987 годзе, у 41 год паступіла ў БДПУ на псіхолага. Жыла ў Маладзечне, яе ІП зарэгістравана ў вёсцы Маркава Маладзечанскага раёна. Мае дваіх дарослых дзяцей і як мінімум трох унукаў.

Яна займалася сеткавым маркетынгам, кансультавала па харчаванні, праводзіла псіхалагічныя сеансы.

З кастрычніка 2023 года яна перастала выходзіць на сувязь у сацсетках. У верасні 2024 года яе асудзілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК — удзел у «экстрэмісцкім фармаванні» — і ч. 2 арт. 361-3 КК — фінансаванне ўдзелу ў замежным узброеным фармаванні або канфлікце. Дакладны тэрмін пакарання невядомы.

У Гродзенскай вобласці сваякоў эмігрантаў выклікаюць у КДБ

Паводле інфармацыі MOST, вядомыя як мінімум тры выпадкі спробаў вярбоўкі.

Сваякоў палітычных эмігрантаў выклікаюць на размовы, пытаюцца пра іх месцазнаходжанне, заняткі, магчымыя сувязі з офісам Святланы Ціханоўскай або Паўлам Латушкам. Пры гэтым перадаюць прапанову вярнуцца ў Беларусь «без адсідак і штрафаў» — у абмен на супрацоўніцтва.

Ад аднаго з эмігрантаў патрабавалі фатаграфаваць акцыі беларусаў за мяжой і перадаваць інфармацыю пра каардынатараў. Пасля праверкі тэлефона сваяка супрацоўнік заявіў, што на сям’ю ўжо сабранае дасье.

Іншая беларуска, якая цяпер жыве ў Польшчы, паведаміла, што сілавікі прасілі яе кантакты ў сваякоў, а пасля тэлефанавалі і спрабавалі ўвайсці ў давер пад выглядам «размовы пра жыццё».

Завочны прысуд у Пінску — 4 гады калоніі

27-гадовага пінчука Дзяніса Дзенісенку асудзілі завочна.

2 снежня 2025 года суд Пінскага раёна і Пінска разгледзеў справу ў парадку спецвытворчасці паводле ч. 2 арт. 293 КК — удзел у масавых беспарадках. Яму прызначылі чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.

20 лютага судовая калегія Брэсцкага абласнога суда пакінула прысуд без зменаў.

Новыя папаўненні «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У чарговае абнаўленне трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Гродно Сущность», «Вернікі ў Вялікую Роксі», «Biełaruski Źaǔnier / Беларускі Жаўнер», «Национал Социалистическое Общество», «SNP | NEDOERROR»;
  • Instagram-старонкі «Gutenberg Publisher», «сhe_slavik», «hermanvertinskiy», «mikita_belar», «NN MEDIA REPORT», «zerkalo_story», «belarus_about»;
  • YouTube-каналы «Перетрем с Халезиным», «Нация Лидеров Онлайн-хаб»;
  • сайт і старонкі ў сацсетках «Press Club Belarus» і «Беларускі ПЭН / PEN Belarus»;
  • Telegram-стыкеры «Swastika or Svastika, by Kim King», «Я не пiдримую нацизм»;
  • старонка ў Threads «usual_morningg»;
  • Facebook-старонкі «Першы рэгіён», «ГАНЦАВІЧЫ», «Belarusian Verdict», «Беларускi камітэт салідарнасці з Украінай»;
  • TikTok-старонкі «fantomx», «bielaruskiantykamunist», «witek.bondaruk», «Лукаш за правду», «Бірулька», «belarusk_», «paleshchuk», «veramach2».