Мікалай Статкевіч на волі пасля інсульту. Хронікі рэпрэсій 19 лютага
Мікалай Статкевіч выйшаў на волю — паводле жонкі, ён перанёс інсульт і мае праблемы з мовай. Тым часам у Мінску будуюць новы ізалятар, з’яўляюцца новыя сведчанні пра катаванні ў калоніі №15, у Віцебскай вобласці за год узбудзілі амаль 400 «экстрэмісцкіх» спраў.

Мікалай Статкевіч на волі
Жонка Мікалай Статкевіч Маріна Адамовіч апублікавала іх супольны здымак. Паводле яе, Мікалай перанёс інсульт і пакуль мае праблемы з мовай.
11 верасня Аляксандр Лукашэнка памілаваў Статкевіча і яшчэ 51 зняволенага. Усіх, акрамя Мікалая, прымусова вывезлі з месцаў зняволення на тэрыторыю Літвы. Статкевіч адмовіўся ад дэпартацыі. Па дарозе да мяжы ён выбіў дзверы аўтобуса і выскачыў на нейтральнай паласе.
Праз некалькі гадзін ён вярнуўся ў Беларусь, дзе быў затрыманы і зноў этапаваны ў калонію.
У Сцяпянцы будуюць новы ЦІП
На месцы былога ваеннага гарадка ў Сцяпянцы ўзводзяць новы комплекс для Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Цяпер ЦІП размяшчаецца на завулку Акрэсціна і пасля падзей 2020 года стаў сімвалам катаванняў і жорсткіх умоў утрымання.
Паводле «Нашай Нівы», новы ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама будзе складацца з некалькіх будынкаў. На першым паверсе прадугледжана 22 месцы, на другім і трэцім — па 104. Агульная ўмяшчальнасць — 230 чалавек.
Сцены і столі плануюць пафарбаваць акрылавай фарбай па бетоне, сцены будуць шэрага колеру (Grau 50), перагародкі ў санвузлах — з металічнага прафіляванага насцілу. Падлогі ў камерах абяцаюць зрабіць драўлянымі. З праекта прыбралі элементы безбар’ернага асяроддзя — тактыльную плітку і шрыфт Брайля.
Сведчанні пра катаванні ў ПК №15
Былы палітвязень Міхаіл (імя зменена) распавёў праваабаронцам «Вясны» пра ўмовы ўтрымання ў ПК №15.
Яго затрымалі зімой 2022 года. У КДБ пагражалі згвалтаваннем, у ізалятары на Акрэсціна трымалі ў холадзе. У 2024 годзе мужчыну асудзілі на тры гады калоніі за рэпост з тэлеграм-канала Nexta.
Ён назваў прозвішчы супрацоўнікаў, якія, паводле яго слоў, асабліва жорстка абыходзіліся з палітычнымі зняволенымі — начальніка сектара Аляксея Кудзелку і рэжымніка Скобелева. Паводле Міхаіла, зняволеных прымушалі стаяць у нязручных позах, збівалі, пагражалі электрашокерам, а ў ШІЗА выкарыстоўвалі прыніжальныя метады ціску.
Амаль 400 «экстрэмісцкіх» спраў у Віцебскай вобласці
Ініцыятыва BELPOL апублікавала дадзеныя са справаздачы, якая трапіла ў яе распараджэнне.
У Віцебскай вобласці за 2025 год узбудзілі і «раскрылі» 393 «экстрэмісцкія» справы. Працэнт «раскрывальнасці» склаў 96,2%, што вышэй за сярэдні па краіне.
Спевака асудзілі і ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў»
Спявак Раман Юркоў, які ўдзельнічаў у «Марафоне адзінства», атрымаў ліст падзякі ад Лукашэнкі за падтрымку яго кандыдатуры. Праз месяц яго затрымалі за каментары 2020 года.
Юркова абвінавацілі паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці). Справу разглядаў Мінскі гарадскі суд, піша «Наша Ніва». У выніку яму прызначылі «хатнюю хімію». Пасля ўступлення прысуду ў сілу КДБ уключыў яго ў «спіс тэрарыстаў».