Новыя прысуды і абнаўленне «тэрарыстычных» спісаў. Хронікі рэпрэсій 20 лютага

Працягваецца ціск на палітвязняў праз артыкул 411, новыя прысуды па «тэрарыстычных» артыкулах, звесткі пра стан Мікалая Статкевіча і чарговае папаўненне спісаў КДБ і МУС — галоўнае за дзень.

1_1097_1.png

Супраць Ціхана Осіпава зноў узбудзілі справу па арт. 411

Супраць палітвязня Ціхана Осіпава другі раз узбуджаная крымінальная справа паводле арт. 411 КК Беларусі — «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».

Гэты артыкул сістэмна выкарыстоўваецца для дадатковага ціску і падаўжэння тэрміну зняволення.

Ціхана затрымалі пасля акцыі пратэсту 11 жніўня 2020 года каля станцыі метро «Пушкінская» ў Мінску. Інжынера БНТУ асудзілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «замах на забойства вайскоўцаў», і прызначылі 11 гадоў пазбаўлення волі.

За час адбывання пакарання супраць яго ўжо ўжывалі арт. 411. Пра цяперашні выпадак паведаміла былая палітзняволеная Антаніна Канавалава.

Вядома, што Осіпаў знаходзіцца ў вельмі цяжкіх умовах. Ён правёў больш за 200 сутак у ШІЗА і рэгулярна туды змяшчаецца. У 2024 годзе яго трымалі ў ПКТ, а таксама два месяцы — у рэжыме інкамунікада: лісты і перадачы да яго не даходзяць, піша ініцыятыва dissidentBY.

Доўгае ўтрыманне ў ізаляцыі ўжо прывяло да сур’ёзных праблем са здароўем: арганізм дрэнна засвойвае ежу, болі ў вачах, пачашчанае сэрцабіцце, скачкі ціску, аслаблены імунітэт. Паводле Антаніны Канавалавай, кожны дзень у такіх умовах павялічвае рызыку незваротных наступстваў.

Артыкул 411 КК фактычна стаў інструментам бясконцага пакарання, калі чалавека трымаюць у стане пастаяннай уразлівасці і могуць падаўжаць тэрмін зняволення зноў і зноў.

Жыхара Гомеля асудзілі — верагодна, за намер ваяваць за Украіну

Мінскі гарадскі суд разгледзеў справу 51-гадовага жыхара Гомеля Віталя Абадзенкі. Яго абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 290-5 КК («удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі»), а таксама ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 361-3 КК («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу»).

Прысуд пакуль высвятляецца, але, як піша «Гомельская Вясна», верагодна, мужчыну прызначылі пазбаўленне волі.

Раней яго таксама прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Што здарылася з Мікалаем Статкевічам пасля адмовы быць выдвараным у Літву

Пра гэта «Новай газеце Еўропа» распавяла яго жонка Марына Адамовіч.

Паводле яе слоў, пасля адмовы пакінуць Беларусь Статкевіча вярнулі ў калонію.

«Мікалай сказаў, што яго як з калоніі везлі з мяшком на галаве — так і зваротным шляхам, з мяжы ў калонію, з тым жа мяшком на галаве і сцяжкамі на руках. Я ездзіла туды тройчы. Мне ніхто нічога не сказаў, не даў ніводнага адказу на мае звароты.

Але ён увесь гэты час быў там. Інфаркт у Мікалая здарыўся яшчэ 21 студзеня, і яго ў той жа вечар павезлі ў Мінск. Лекары рабілі ўсё магчымае: тры тыдні рэанімацыі, кармленне праз трубку».

Айцішніка з «Лесты» асудзілі па васьмі артыкулах

31-гадовага гродзенца Глеба Рыбчанку асудзіў Гродзенскі абласны суд адразу па васьмі крымінальных артыкулах. Сярод іх — «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі», «падрыхтоўка да здзяйснення тэрарыстычнага акту арганізаванай групай» і «падрыхтоўка да прывядзення ў нягоднасць шляхоў зносін або транспартнага сродку».

Мінімум з 2020 года ён працаваў у ААТ «Леста». Па-за працай захапляўся відэагульнямі і перапісваўся ў беларускіх чатах па-беларуску.

Рыбчанка ёсць у злітай базе «чорнага спісу» Цэнтрабанка Расіі з фармулёўкай пра «фінансаванне тэрарызму», а таксама ў расійскай базе «Апазіцыянеры», піша «Наша Ніва».

У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 9 чалавек

КДБ абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У яго ўключылі:

Аляксандра Канавальчыка, Таццяну Магнусаву, Рамана Маханькова, Аляксандра Мядзведзя, Марыю Місюк, Сяргея Жыгалёва, Трафіма Барысава, Аляксандру Пуліновіч і Дзмітрыя Захарошку.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1417 чалавек, з іх каля 700 — беларусы.

«Спіс экстрэмістаў» папоўніўся яшчэ 22 прозвішчамі

20 лютага МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

У спіс дадалі 22 чалавекі, у тым ліку 20 — асуджаных за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Актуальную версію публікуе «Вясна».