Прысуды па справе BYSOL і новыя «экстрэмісцкія» старонкі. Хронікі рэпрэсій 17 лютага

 Мінскі гарадскі суд асудзіў чатырох чалавек па справе BYSOL, у Магілёве і Гродне прызнаюць «экстрэмісцкімі» старонкі і сімвалы, а былога супрацоўніка сістэмы МУС накіравалі на «хімію» за «садзейнічанне экстрэмізму». Агляд асноўных падзей.

1_1097_1.png

Чатырох чалавек асудзілі па справе BYSOL

Мінскі гарадскі суд вынес прысуд чатыром жыхарам Мінска, якіх следства назвала «кур’ерамі» ініцыятывы BYSOL. Ім інкрымінавалі ч. 3 арт. 361-1 КК — «удзел у экстрэмісцкім фармаванні». Адной з фігурантак дадаткова прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК — «актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Паводле версіі следства, абвінавачаныя атрымлівалі і перадавалі грошы іншым удзельнікам ініцыятывы і нібыта размяркоўвалі іх «на патрэбы незаконнай пратэснай і экстрэмісцкай дзейнасці».

Прадстаўнік фонду Зміцер Ягораў заявіў @euroradio, што арганізацыя не выкарыстоўвае кур’ераў для перадачы грошай унутры Беларусі:

«Наша арганізацыя не карыстаецца кур’ерамі для перадачы грошай унутры Беларусі. Мы робім усё, каб не падвяргаць людзей небяспецы. Тое, што ў Мінску асудзілі чатырох чалавек, прыпісваючы ім ролю кур’ераў BYSOL, — прыклад пошуку палітычных ворагаў і хлусні з боку сілавікоў. Гэтыя людзі асуджаныя несправядліва і з палітычных матываў. Яны ніколі не былі кур’ерамі BYSOL, бо BYSOL не меў кур’ерскай сеткі ў Беларусі».

Двум фігурантам прызначылі па 2 гады пазбаўлення волі, яшчэ аднаму — 3 гады. Жанчыне, якой дадаткова інкрымінавалі ўдзел у пратэстах, таксама прызначылі 3 гады пазбаўлення волі. Акрамя таго, кожнаму з іх прызначылі штраф у памеры 500 базавых велічыняў.

Instagram-старонку «FreeViasna» прызналі «экстрэмісцкай»

11 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкай» Instagram-старонку «FreeViasna».

Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс дадалі YouTube-канал і старонкі праекту «ByLOL», старонкі ў Threads «belarusnovosti2», «igorkuley», «alex_anderlukashenko1954», «BGmedia | Брест | Новости», старонкі ў Instagram «alex_anderlukashenko1954», «auhen-_sidoryk», «dimaradzievsky», Telegram-канал «Беларуская афiша», а таксама старонку ў TikTok «Беларусь | Без фильтров».

Вайскоўца з роты ганаровай варты асудзілі да 3 гадоў «хіміі»

31-гадовага Максім Сямітка асудзілі ў Віцебскім абласным судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Паводле інфармацыі «Гомельская Вясна», Сямітку прызначылі тры гады абмежавання волі з накіраваннем.

Пасля службы ў войску ён пайшоў працаваць у міліцыю. З ліпеня 2016 года служыў у Дэпартаменце аховы МУС. Быў міліцыянерам-кіроўцам у спецыяльным батальёне, які займаецца аховай дыпламатычных прадстаўніцтваў. У 2019 годзе атрымаў званне старшага сяржанта міліцыі.

У Гродне прызналі «экстрэмісцкім» сімвал Бафамета

16 лютага суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкай» выяву «Сігіл Бафамета» — перавернутую пентаграму з галавой казла або барана і іншымі сімваламі.

Паводле сцвярджэнняў прапагандысцкіх рэсурсаў, гэты сімвал нібыта выкарыстоўваецца для пагроз тэрактаў у школах, прапаганды забойстваў, гвалту і суіцыду.