Звальненні за сваякоў за мяжой, 4 партыі замест 15 і новыя «экстрэмісцкія» матэрыялы. Хронікі рэпрэсій 18 лютага

 У Беларусі фіксуюць новы механізм ціску — звальненні супрацоўнікаў, чые сваякі жывуць у «несяброўскіх» краінах. Тым часам у краіне засталіся толькі чатыры зарэгістраваныя палітычныя партыі, пракуратура змагаецца з кнігамі, а суды працягваюць выносіць прысуды па «экстрэмісцкіх» артыкулах.

1_1097_1.png

Новы від рэпрэсій: звальненні тых, у каго сваякі за мяжой

Карэспандэнты «Белсат» атрымалі з некалькіх крыніц інфармацыю пра пашырэнне ў Беларусі новага механізму ціску — звальненні супрацоўнікаў, чые блізкія сваякі жывуць у «несяброўскіх» для афіцыйнага Мінска краінах.

Маштабы гэтай з’явы пакуль ацаніць складана, аднак вядомыя выпадкі закранаюць розныя рэгіёны і сферы.

На адным з прадпрыемстваў, што ўваходзіць у сістэму Вайскова-прамысловага камітэта, у студзені 2026 года склалі спісы на звальненне больш як дзясятка інжынераў. Свае пасады яны павінны пакінуць да канца лютага. Прычына — наяўнасць сваякоў ва Украіне і іншых «несяброўскіх» для беларускіх уладаў краінах.

Паводле іншых сведчанняў, падобная сітуацыя назіраецца і на прадпрыемствах, не звязаных з ВПК. Аднак цяпер, як сцвярджаецца, звальняюць не ўсіх, хто мае сваякоў за мяжой, а найперш тых, хто займае адказныя або кіраўнічыя пасады.

Беларускі ПЭН апублікаваў выніку маніторынгу стану беларускай культуры за 2025 год

У маніторынгу сабраныя і прааналізаваныя асноўныя лічбы парушэнняў культурных правоў за 2025 год,  назіраныя тэндэнцыі і формы пераследу, асаблівасці памілаванняў і прымусовых дэпартацый з Беларусі, умовы ўтрымання ў месцах зняволення, узровень цэнзуры, ціск на гістарычную спадчыну і знішчэнне месцаў памяці.

Усяго ў 2025 годзе ў маніторынгу зафіксавана 1435 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.

Антылідары парушэнняў у агульным аб’ёме маніторынгу – прызнанне «экстрэмісцкімі» матэрыялаў культурнай тэматыкі або акаўнтаў дзеячаў культуры ў сацыяльных сетках (356 выпадкаў), цэнзура (333) і парушэнне права на справядлівы суд, доступу да правасуддзя (142).

У дачыненні да дзеячаў культуры часцей за ўсё фіксаваліся парушэнні права на справядлівы суд (130 выпадкаў) і факты крымінальнага пераследу (95); у дачыненні да арганізацый і супольнасцяў сферы культуры – цэнзура (55) і стварэнне адміністрацыйных перашкод для дзейнасці (44), у тым ліку прымусовая ліквідацыя.

Станам на 31 снежня 2025 года ў Беларусі быў 1131 палітычны зняволены, сярод іх – не менш за 77 дзеячаў культуры.

Усяго ў месцах пазбаўлення волі (у калоніях, турмах, следчых ізалятарах), а таксама ва ўстановах адкрытага тыпу («хімія») або ва ўмовах «хатняй хіміі» знаходзіліся не менш за 144 чалавекі са сферы культуры: 51 дзеяч культуры – у калоніі, 15 – у следчым ізалятары, 8 – у турме, 3 – на «хіміі», 55 – на «хатняй хіміі», актуальнае месцазнаходжанне яшчэ 12 чалавек праваабаронцам невядомае.

Пасля 2020 года ў Беларусі засталіся чатыры зарэгістраваныя палітычныя партыі з 15

Як паведамляе Міністэрства юстыцыі, сёння ў краіне зарэгістраваныя чатыры палітычныя партыі, піша «Радыё Свабода».

Гэта партыя «Белая Русь» (старшыня Вольга Чамаданава), Ліберальна-дэмакратычная партыя (старшыня Алег Гайдукевіч), Камуністычная партыя Беларусі (першы сакратар Сяргей Сыранкоў) і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (старшыня Аляксандр Хіжняк).

Перад мясцовымі выбарамі 2019 года Цэнтральная выбарчая камісія публікавала спіс з 15 зарэгістраваных партый. Сярод іх былі як неактыўныя на той момант Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды і Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, так і вядомыя апазіцыйныя структуры — Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет».

З таго часу 12 партый ліквідаваныя, узнікла толькі адна новая праўладная — «Белая Русь».

На 1 студзеня 2020 года ў Беларусі былі зарэгістраваныя 3021 грамадскае аб’яднанне, паведамляла тады «Беларусь сегодня». Паводле інфармацыі «Lawtrend», на канец снежня 2025 года ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася не менш за 1220 некамерцыйных арганізацый, яшчэ прынамсі 770 НКА прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі.

Пракуратура працягвае барацьбу з кнігамі

Пракуратура Заводскага раёна Мінска выявіла, што індывідуальны прадпрымальнік прапаноўваў да свабоднай рэалізацыі камплект з дзвюх кніг Майка Амера — «Унутры забойцы» і «Зажыва ў цемры».

Гэтыя выданні ўключаныя ў спіс друкаванай прадукцыі, распаўсюд якой можа нанесці «шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі».

Былы начальнік ЖЭСа і член выбаркама асуджаны за «садзейнічанне экстрэмізму»

Мікалай Лаханскі 38 гадоў, родам з Наваградка. Вучыўся ў Мінску, у 2010 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

Доўгі час працаваў у сістэме камунальнай гаспадаркі Мінска. У 2014 годзе кіраваў ЖЭУ №35 у Першамайскім раёне, у 2018 годзе быў дырэктарам жыллёва-эксплуатацыйнай канторы №2 Савецкага раёна. У 2016 годзе ўваходзіў у склад участковай выбарчай камісіі №630 ад раённай арганізацыі БРСМ, піша «Наша Ніва».

Мужчына жанаты, мае дачку, апошнім часам жыў у Вязыні пад Мінскам.

У 2026 годзе Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым паводле арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Верагодна, яму прызначылі «хатнюю хімію».

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У спіс уключаныя старонка ў Threads «Charter97.org», старонка ў TikTok «Не Минск | Новости», а таксама сайт «prastora.info».