Код продкаў. Памяць пра страчаную шаблю
Што можа застацца ад сямейнай гісторыі праз сто або дзвесце гадоў? Часам — толькі старая манета, фотаздымак або ўспамін пра рэч, якая даўно знікла. У новым тэксце цыклу «Код продкаў» — гісторыя страчанай шаблі роду Хадзінскіх, напалеонаўскай кампаніі 1812 года і сваякоў, звязаных з паўстаннем 1863-га.

Бабуля аўтара Раіса Сямёнаўна Хадзінская (знізу злева) і прабабуля Алена Фамінічна Галіноўская (знізу зправа)
Адна з самых істотных сямейных рэліквій, пра якую я ведаю, да мяне так і не дайшла. Яе ўжо няма — засталася толькі памяць пра шаблю, якую, паводле сямейнага падання, жаўнер напалеонаўскага войска падараваў Хадзінскаму ў знак пашаны за службу. Я ніколі не трымаў яе ў руках і не бачыў бляску металу. І ўсё ж менавіта гэтая страчаная рэч аказалася адной з самых моцных нітак, што вядуць у гісторыю майго і не толькі майго роду.
Рэч, якой ужо няма

Новыя Зімодры, Вілейскі раён. Фота аўтара
Яшчэ ў 1960-х шабля была ў нашых сваякоў у суседніх з родавым засценкам Хадзінскіх — Ходняй, у Новых Зімодрах. Пра яе не распавядалі як пра музейную каштоўнасць ці нешта падобнае. Яна жыла ў сямейнай памяці як нешта значна большае. Гэта быў знак старой службы, даўняга гонару, рэч, што перажыла людзей і эпохі.
Потым шабля знікла. Застаўся толькі аповед пра яе.
Часам у беларускіх сем’ях да нас дажывае не сам прадмет, а толькі гісторыя пра яго. Але і гэтага бывае дастаткова, каб адкрыць цэлы пласт мінулага.
Глядзіце таксама

Каб зразумець, чаму адна страчаная шабля магла заняць такое месца ў сямейнай памяці, трэба вярнуцца да чалавека, з якім гэтае паданне можа быць звязанае. Майму пяць разоў прадзеду Мікіту Хадзінскаму выпала жыць у часы, калі адзін свет разбураўся на ягоных вачах, а другі яшчэ не паспеў стаць звыклым. Ён нарадзіўся ў 1765 годзе ў засценку Ходні Вілейскага павета Вялікага Княства Літоўскага і належаў да мясцовага зямянства.
За ягонае жыццё адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай, паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, а пасля ён заспеў ператварэнне такіх, як ён, з людзей старога шляхецкага свету ў падданых новай акупацыйнай імперскай улады.

Герб Цялок роду Хадзінскіх
Гэта быў досвед страты звыклага свету — дзяржавы, законаў, улады, свайго месца ў старым парадку. І таму напалеонаўская кампанія 1812 года ў гэтай частцы Еўропы ўспрымалася з надзеяй. Для многіх яна выглядала як апошні вялікі шанец вярнуць тое, што ўжо, здавалася, канчаткова знікла. Калі Напалеон у 1812 годзе ўвайшоў у Вільню і абвясціў адраджэнне ВКЛ, для мясцовай шляхты і зямянства гэта стала значнай палітычнай падзеяй.
Паводле сямейнага падання, мае продкі ўзялі ў гэтай кампаніі непасрэдны ўдзел. І менавіта з гэтага часу ў родзе засталася памяць пра шаблю — падарунак ад аднаго з жаўнераў напалеонаўскага войска ў знак пашаны за службу.

Ілюстрацыйная выява: так магла выглядаць шабля арміі Напалеона 1812 года
Мы ўжо не можам праверыць усе дэталі гэтай гісторыі з дакументальнай дакладнасцю. Не ведаем, як менавіта выглядала шабля, хто быў тым жаўнерам, у якой сітуацыі яна трапіла да аднаго з Хадзінскіх. Але нават у такім выглядзе гэты ўспамін застаецца надзвычай істотным. Ён захоўвае памяць пра момант, калі мой род стаў часткай вялікай гісторыі — не як назіральнік, а як яе ўдзельнік.
Тым чалавекам, які атрымаў шаблю, мог быць як мой продак Мікіта Хадзінскі, так і адзін з яго стрыечных або траюрадных братоў з Новых Зімодраў — Юзэф ці Мацей.
Чаму ў сям’і так доўга памяталі менавіта шаблю? Магчыма, шаблю прасцей запомніць, чым доўгі сямейны аповед. Магчыма, таму памяць пра яе і трымалася так доўга.
Шабля не захавалася. Яна існуе толькі ва ўспамінах тых, хто яшчэ паспеў яе пабачыць, і ў аповедзе, які дайшоў да нас. Але праз яе я ўсё роўна бачу чалавека, ягоны час і тое, што было для яго істотным. Яна знікла як рэч, але не знікла як сведчанне.
Манета, з якой усё пачалося

Ілюстрацыйная выява. Крыніца: ebay
Першай такой рэччу, якую я ўжо мог патрымаць у руках сам, стала не шабля, а маленькая старая манета. Калі мне было каля сямі гадоў, мая прабабуля Алена — унучка таго самага Ксаверыя Какашынскага (з першага артыкула нашага цыклу) — падаравала мне пацямнелы кавалак металу, які тады не выглядаў нічым асаблівым.
Ёй ішоў ужо дзевяносты год, у мяне быў толькі пачатак жыцця, і я, вядома, не мог зразумець, што менавіта яна мне перадае. Для дзіцяці гэта была проста старая рэч. Для яе, магчыма, нешта, што варта было не выкінуць, а перадаць далей.
Праз некалькі гадоў мы разам з мамай асцярожна ачысцілі манету, і тады на ёй праступіла дата — 1861 год. Пазней высветлілася, што гэты цёмны кругляк старэйшы нават за дзеда маёй прабабулі.
Яго некалі выпусціў манетны двор імперыі, якая ўжо даўно паглынула ВКЛ, і гэты кавалак металу прайшоў праз некалькі пакаленняў, каб трапіць у рукі хлопчыку, які яшчэ нічога не ведаў пра свой род.
Цяпер мне ўсё часцей здаецца, што менавіта з гэтай манеты пачалася мая сапраўдная зацікаўленасць сямейнай гісторыяй.
Манета не распавяла мне, хто трымаў яе першым, якім шляхам яна ішла праз сям’ю, у чыёй кішэні ляжала, калі нараджаліся дзеці, змяняліся ўлады і перапісваліся межы. Але яна прымусіла адчуць, што мінулае можна трымаць у руках. Што паміж табой і тымі, хто жыў за сто ці сто пяцьдзясят гадоў да цябе, часам застаецца матэрыяльная сувязь.
Глядзіце таксама

Як у сям’ю вяртаюцца твары
Яшчэ мацней я адчуў гэта, калі ў сямейную гісторыю пачалі вяртацца твары. За гады пошукаў мне ўдалося знайсці шэсць здымкаў маіх сваякоў, звязаных з паўстаннем 1863 года.
І тут важна зрабіць адно ўдакладненне: гэтыя рэліквіі не ляжалі ў нас дома, чакаючы, пакуль нехта адкрые старую скрыню. Іх давялося літаральна вяртаць у сямейны абарот праз доўгія пошукі, новых жывых сваякоў, перапіску з імі, архіўныя каталогі і старыя выданні.

Хадзінскі Андрэй Міхайлавіч
Можа быць, менавіта таму гэтыя выявы так уразілі мяне. Бо да таго часу паўстанне 1863 года існавала для мяне ў выглядзе набору вялікіх імёнаў, датаў і падзей. А потым раптам з’явіліся твары.
Баляслаў Ліманоўскі, які пражыў без некалькіх месяцаў сто гадоў і паспеў стаць сенатарам у адноўленай Польшчы 1920-х. Ян Манкевіч — літаратар з Быхаўскага павета, чалавек, які ў Вільні жыў у Адама Кіркора, пісаў па-беларуску, а потым быў схоплены расейцамі і трапіў на катаргу. Ігнацый Случаноўскі, пазбаўлены правоў і маёмасці і сасланы ў Сібір. Калікст і Фларыян Ажэшкі былі з тых, хто годна змагаўся з ворагам. Павел Барэйша, які загінуў у баі, маючы ўсяго 19 гадоў і не жадаючы здацца.
Калі глядзіш на гэтыя фотаздымкі, гісторыя перастае быць наборам фактаў. Яна раптам становіцца вельмі сямейнай.
Асабліва моцна ў такія моманты адчуваецца, што фатаграфія робіць цуд. Архіў можа паведаміць, калі чалавек нарадзіўся, калі быў сасланы, калі прасіў вярнуць забраныя дакументы, калі загінуў. Але толькі твар раптам робіць яго прысутным.
Таму стары здымак можа быць не меншай рэліквіяй, чым шабля або манета. Ён вяртае сям’і не толькі факт існавання чалавека, але і ягоны позірк, паставу, чалавечую годнасць.
У беларускім кантэксце гэта асабліва істотна. Бо ў нас занадта шмат што абрывалася праз войны, паўстанні, ссылкі, пераезды, канфіскацыі і страх трымаць дома лішняе.
Што на самай справе захоўваюць рэліквіі
Калі зірнуць на ўсё гэта разам — на страчаную шаблю, старую манету, здымкі паўстанцаў, — становіцца зразумелым, што сямейныя рэліквіі могуць быць вельмі рознымі. Адна рэч застаецца толькі ў паданні, другая — у дзіцячай далоні, а трэцяя вяртаецца ў сям’ю ўжо ў выглядзе лічбавай выявы.

Прадзед і прабабуля аўтара, якая падаравала яму манету. Галіноўскі Сямён Барысавіч і Казакова Алена Фамінічна. Шлюб. 1915.
Але ўсе яны робяць адно і тое ж: не даюць мінуламу канчаткова знікнуць.
Сямейныя рэліквіі не абавязкова павінны быць дарагімі, цэлымі або нават фізічна захаванымі. Іх каштоўнасць не ў метале, паперы або фатаграфічным кардоне. Яна ў тым, што праз іх сям’я працягвае пазнаваць сябе — нават праз стагоддзі.
І, можа быць, самая важная сямейная рэліквія — якраз тая, якой даўно ўжо няма. Бо разам з ёй у сям’і ўсё роўна працягвае жыць памяць пра людзей і іхны час.






