Як польскія камуністы хацелі выкарыстаць The Beatles супраць Касцёла

Падчас святкавання тысячагоддзя хрышчэння Польшчы ў 1966 годзе камуністычныя ўлады шукалі спосаб адцягнуць людзей ад Касцёла. Адна з самых незвычайных ідэй — запрасіць у краіну The Beatles і перацягнуць моладзь на бок рок-н-ролу.

The Beatles у аэрапорце Кенэдзі, 1964 год. Фота: Library of Congress / United Press International

The Beatles у аэрапорце Кенэдзі, 1964 год. Фота: Library of Congress / United Press International

Ідэя прывезці The Beatles з’явілася не ад добрага жыцця. У 1966 годзе польскі Касцёл адзначаў тысячагоддзе хрышчэння Польшчы — прыняцце хрысціянства князем Мешкам I у 966 годзе.

Улады камуністычнай Польшчы ўспрынялі царкоўныя ўрачыстасці як пагрозу. Каб перацягнуць увагу грамадства на сябе, у адказ была запушчана маштабная прапагандысцкая праграма — святкаванне тысячагоддзя польскай дзяржаўнасці, у межах якой падкрэслівалася пераемнасць свецкай улады і гістарычная традыцыя каралеўства.

Трэба адзначыць, што адносіны паміж камуністычнымі ўладамі і Касцёлам і без таго былі напружанымі. У снежні 1965 года 34 польскія біскупы, уключаючы прымаса Стэфана Вышынскага і кракаўскага арцыбіскупа Караля Вайтылу (будучага папу Яна Паўла ІІ), падпісалі пасланне нямецкім біскупам, у якім заклікалі да дыялогу і ўзаемнага прабачэння.

Стэфан Вышынскі і Караль Вайтыла падчас урачыстасці ў Бжэзінцы, Польшча, 15 кастрычніка 1972 года. Фота: Catholic News Service (CNS)

Стэфан Вышынскі і Караль Вайтыла падчас урачыстасці ў Бжэзінцы, Польшча, 15 кастрычніка 1972 года. Фота: Catholic News Service (CNS)

Гэты крок выклікаў рэзкую і эмацыйную рэакцыю ўладаў. У дзяржаўных СМІ разгарнулася, бадай, самая маштабная антыцаркоўная кампанія таго часу. Біскупаў абвінавачвалі ў тым, што яны сваім жэстам нібыта здрадзілі памяці мільёнаў палякаў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. Акрамя таго, прапаганда сцвярджала, што згадка пра пакуты немцаў падрывае легітымнасць заходняй мяжы па Одэры і Нэйсе, якую рэжым лічыў адной са сваіх галоўных гарантый бяспекі.

Супрацьстаянне працягнулася ў 1966 годзе, калі па ўсёй краіне пачаліся паралельныя святкаванні — дзяржаўныя і царкоўныя. Адным з самых магутных сімвалічных крокаў Касцёла сталі своеасаблівыя «гастролі» па краіне копіі Чэнстахоўскай іконы Чорнай Мадоны (арыгінал не пакідаў Яснай Гуры).

Гэта выклікала масавы ажыятаж сярод вернікаў і моцна раздражняла ўлады. У асобных выпадках яны ішлі на беспрэцэдэнтныя меры — аж да канфіскацыі абраза, каб перашкодзіць рэлігійнай мабілізацыі.

На гэтым фоне ўлады пачалі шукаць любыя спосабы адцягнуць грамадства ад царкоўных урачыстасцяў. Ідэя запрасіць The Beatles у Польшчу ў 1966 годзе была, мабыць, адной з самых экстравагантных.

На першы погляд, задумка выглядала амаль ідэальнай. Хоць The Beatles ніколі не выступалі ў Польшчы, а іх пласцінкі афіцыйна амаль не прадаваліся, бітламанія ахапіла краіну з неверагоднай хуткасцю.

Ліверпульская чацвёрка стала для палякаў сімвалам недаступнага заходняга свету — свабоды, лёгкасці, фантазіі і іроніі, якіх так не хапала ў шэрых буднях сацыялізму. Гэта была не проста папулярная музыка, а цэлая эстэтыка і нават своеасаблівы светапогляд.

Невыпадкова ў Польшчы з’явіўся і ўласны «эрзац» — гурт Czerwone Gitary, які атрымаў неафіцыйную мянушку «польскія Beatles».

Czerwone Gitary, 1970 год. Фота: PAP / Ryszard Okoński

Czerwone Gitary, 1970 год. Фота: PAP / Ryszard Okoński

Так ці інакш улады сур’ёзна разглядалі магчымасць арганізацыі канцэрта. Паводле некаторых звестак, гаворка ішла нават пра Чэнстахову і пра дату 3 мая 1966 года — адзін з ключавых момантаў каталіцкіх урачыстасцяў.

Разлік быў максімальна прагматычны: прыцягнуць моладзь самым папулярным заходнім поп-феноменам таго часу і адцягнуць яе ад паломніцтва і ўдзелу ў імшах.

Аднак па меры абмеркавання праекта сталі відавочныя яго слабыя бакі. Урэшце ідэя падалася занадта авантурнай. Галоўная прычына — страх перад непрадказальнымі паводзінамі натоўпу.

Уявім сітуацыю: на адной пляцоўцы збіраюцца дзясяткі тысяч паломнікаў і шматтысячны натоўп фанатаў рок-н-ролу. Улады баяліся як магчымых канфліктаў паміж гэтымі групамі, так і яшчэ больш небяспечнага сцэнару — іх аб’яднання ў антыўрадавым выступе.

Пры гэтым існавала разуменне, што ў выпадку масавых беспарадкаў міліцыя можа проста не ўтрымаць кантроль над сітуацыяй.

Гэтыя асцярогі не былі беспадстаўнымі. У чэрвені 1966 года, падчас фінальных урачыстасцяў тысячагоддзя, у Варшаве адбыліся вулічныя сутыкненні. Калі міліцыя перакрыла шлях працэсіі ў Старым горадзе, пачаліся беспарадкі. Супрацоўнікі спецыяльных падраздзяленняў міліцыі (ZOMO) жорстка разганялі людзей, а ўдзельнікі скандавалі антыўрадавыя лозунгі.

Глядзіце таксама

Так ці інакш, план выкарыстаць The Beatles праваліўся, пакінуўшы пасля сябе хутчэй кур’ёзную, але вельмі паказальную старонку гісторыі — калі партыйныя кіраўнікі сур’ёзна разглядалі рок-н-рол як інструмент ідэалагічнай барацьбы з Касцёлам.

Але на гэтым гісторыя не заканчваецца.

Канцэрт The Beatles у Польшчы ў 1966 годзе так і не адбыўся. І толькі праз 45 гадоў, у 2011 годзе, Рынга Стар стаў першым з легендарнай чацвёркі, хто выйшаў на варшаўскую сцэну. Гэта адбылося 15 чэрвеня ў зале Палаца культуры і навукі — адным з самых знакавых будынкаў сталіцы.