Турма і скарачэнне пенсій. Чым скончылася гісторыя аднаго спецназу
Гісторыя польскага спецназу часоў сацыялізму міжволі прымушае задумацца наконт ненаканаванасці лёсу сілавіка.
«Матарызаваная падтрымка грамадзянскай міліцыі» (па-польску Zmotoryzowane Odwody Milicji Obywatelskiej), або, як яе называлі паводле абрэвіятуры, ZОМО, упершыню з’явілася на публіцы 20 студзеня 1957 года падчас забеспячэння выбараў у Сейм Польскай Народнай Рэспублікі (ПНР). Фармальна, гэта сілавая структура МУС прызначалася для абясшкоджвання асабліва небяспечных злачынцаў, барацьбы са стыхійнымі бедствамі, забеспячэння бяспекі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. Аднак у рэальнасці амаль заўжды выкарыстоўвалася для падаўлення пратэстных выступленняў. Па сутнасці, менавіта хваляванні рабочых 1956-га ў Познані і прымусілі польскіх камуністаў перагледзець стэрэатып, паводле якога вулічныя беспарадкі бываюць толькі ў капіталістычных краінах.
Сваё «баявое хрышчэнне» фарміраванне прайшло 7 сакавіка 1957 года непадалёк ад Жэшува, дзе брыгада ZOMO разагнала дэманстрацыю 400 сялян, што патрабавалі вяртання зямельнай уласнасці мясцовай парафіі. Гэта было лёгкае заданне. А вось рассеяць дэманстрацыі сталічных студэнтаў супраць закрыцця аднаго з прагрэсіўных часопісаў у кастрычніку 1957-га было не так проста. Сутычкі ў Варшаве цягнуліся аж чатыры дні, у час якіх два чалавекі загінулі.
Як вынік — кіраўніцтва партыі было незадаволенае. «Міністэрства ўнутраных спраў, — як было заяўлена на пасяджэнні Палітбюро, — павінна арганізаваць навучанне паліцэйскіх асаблівым формам дзеянняў у выпадку масавага хуліганства. Тэхнічнае абсталяванне міліцыі павінна быць палепшанае». Неўзабаве арсенал ZOMO папоўніўся вадамётамі з ГДР, савецкімі БМП, гранатамі, ахоўнымі шчытамі. Была прыдумана новая камуфляжная форма.
«Зорны час» ZOMO, безумоўна, прыйшоўся на 1980-я, калі генерал Ярузэльскі абвясціў ваеннае становішча ў Польшчы. Грамадства адрэагавала пратэстамі, супраць якіх кінулі спецназ. Хутка яго байцы праславіліся сваёй жорсткасцю і бязлітаснасцю. Менавіта тады і нарадзіліся пагардлівыя мянушкі супрацоўнікаў аддзялення — «зомаўцы» і «зомале», або «б’ючае сэрца партыі». Усяго за час ваеннага становішча ад рук байцоў ZOMO загінулі каля 40 чалавек.
З улікам апісаных «подзвігаў», зомаўцы ператварыліся ў негатыўны і шырока ненавісны сімвал існуючага рэжыму. Таму рашэнне новых дэмакратычных уладаў распусціць фарміраванне выглядала цалкам прадказальным. Здарылася гэта ў верасні 1989 года, калі, паводле пастановы дырэктара МУС, на базе ZOMO было створана OPMO («Атрады папярэджання грамадзянскай міліцыі»). Кадры заставаліся ранейшымі, але іх выкарыстанне стала больш абмежаваным.
Аднак на гэтым гісторыя ZOMO не скончылася. Дастаткова хутка грамадскасць запатрабавала прыцягнення да адказнасці байцоў аддзялення, якія ўдзельнічалі ў самых рэзанансных рэпрэсіўных акцыях. Найбольш гучным працэсам стала справа зомаўцаў, якія бралі ўдзел у пацыфікацыі шахты Вуек, што пад Катавіцэ, у снежні 1981 года.
Тады ў адказ на ўвядзенне ваеннага становішча і арышт лідараў прафсаюзу шахцёры абвясцілі страйк. Адначасова было прынята рашэнне пачаць абарону тэрыторыі шахты сіламі саміх гарнякоў. Пачалося будаванне барыкадаў, былі выстаўленыя адмысловыя пасты назірання за навакольнай мясцовасцю, наладжаны пастаўкі харчавання з суседняга горада.
Раніцай 16 снежня пачалося сцягванне да шахты ваенных і міліцэйскіх падраздзяленняў. Разагнаўшы вадамётамі людзей, якія сабраліся каля прахадной, міліцыя пачала абстрэл тэрыторыі спецсродкамі са слезацечным газам. Пасля гэтага сцены тэрыторыі шахты пачалі тараніць танкі, прапускаючы такім чынам за сабой байцоў ZOMO. Шахцёры аказалі супраціў, выкарыстоўваючы інструменты і падручныя сродкі. У разгар сутыкненняў спецыяльны ўзвод са складу ZOMO адкрыў агонь з баявой зброі па забастоўшчыках і забіў 9 чалавек. Увечары зомаўцы святкавалі перамогу, якая праз 15 гадоў прывяла іх на лаву падсудных.
У 1991 годзе пракурор падаў у суд абвінаваўчае заключэнне ў дачыненні да 24 чалавек — былых байцоў ZOMO — удзельнікаў бойні на шахце Вуек. Судовы працэс расцягнуўся надоўга. Нарэшце, 1 чэрвеня 2007 года 15 былых супрацоўнікаў спецыяльнага ўзвода былі прысуджаныя да турэмнага зняволення за ўдзел у забойстве. Большасць з іх атрымалі ад 2,5 да 3 гадоў турмы. Камандзір узвода, Рамуальд Ціслак, атрымаў 11 гадоў.
Другім непрыемным сюрпрызам для былых супрацоўнікаў стала так званая Dezubekizacją — комплекс прававых мер па пазбаўленні прывілеяў былых супрацоўнікаў службаў бяспекі часоў сацыялізму. У яе межах больш чым 38 тысячам былых функцыянераў сілавых ведамстваў часоў ПНР была істотна скарочана пенсія, што для некаторых было трагедыяй. Са снежня 2016 года, калі было прынята рашэнне пра скарачэнне пенсій, 37 чалавек, якія падпадаюць пад дзеянне новай пастановы, скончылі жыццё самагубствам або памерлі адразу пасля атрымання рашэння пра скарачэнне даходу.
Такія факты выклікалі крытыку ўрада. Крытыкі лічаць, што ўжыванне прынцыпу калектыўнай адказнасці без уліку індывідуальнай віны характэрнае, хутчэй, для дэспатычных рэжымаў, а не для дэмакратычнай Польшчы. А адзін з польскіх гумарыстаў нават заклікаў урад улічыць значэнне спецназа для перамогі дэмакратыі. Сапраўды, выкарыстанне байцоў ZOMO супраць мірных людзей у доўгачасовай перспектыве стала адным з фактараў, якія зламалі камуністычную сістэму ў Польшчы.