Пяць краін вылучылі 1 млрд долараў на ракеты Patriot для Украіны
Дональд Трамп працягвае выпраменьваць аптымізм па «мірным плане», але пры гэтым прызнаецца, што не ведае, што робіць Расія. Перамовы і ўзгадненні працягваюцца, аднак саюзнікі Украіны не спыняюць сваю дапамогу. Ідуць 1380-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 170 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 снежня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 45 штурмаў расіян ў раёнах Новага Шахава, Чырвонага Ліману, Мірнаграду, Новаэканамічнага, Радзінскага, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 29 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Плешчыеўкі, Шчарбінаўкі, Клебан-Быка, Русінага Яру і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 17 разоў атакавалі каля Старыцы, Ваўчанску, Сінельнікава, Амбарнага, Прыліпкі.
На Аляксандраўскім кірунку армія РФ здзейсніла 14 атак у раёнах Ялты, Сасноўкі, Вербава, Аляксандрограду, Рыбнага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 12 атак у раёнах Зацішша, Гуляйполя, у кірунку Прылук, Дабраполля.
На Ліманскім і Славянскім кірунках зафіксавана па 10 боесутыкненняў на кожным.
* * *
Увечары 3 снежня расійская армія нанесла ўдар па Крывым Рогу ракетай Іскандэр-М. Пацярпелі тры чалавекі, сярод іх 3-гадовая дзяўчынка.
Расійскія войскі 3 снежня нанеслі авіяцыйны ўдар па Славянску Данецкай вобласці: 8 чалавек пацярпелі, у тым ліку 2 дзяцей. Расіяне скінулі на горад 9 авіябомбаў, адна з іх трапіла ў шматпавярховы жылы дом.
Расіяне ў ноч на 4 снежня атакавалі Адэсу ўдарнымі дронамі. У выніку абстрэлу пашкоджаны адмінбудынак, вышынныя дамы. Паводле папярэдніх звестак пацярпелі 6 чалавек, з іх 2 выратаваны з заблакаваных кватэр. Яшчэ 33 асобам, у тым ліку шасці дзецям, аказана псіхалагічная дапамога.
У РФ у ноч 1 снежня адбыўся выбух на ўчастку нафтаправода «Дружба». Атака на нафтаправод была ажыццяўлена непадалёк ад Казінскіх Выселкаў на ўчастку Таганрог — Ліпецк.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на прэс-канферэнцыі ў Белым Доме сказаў, што Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер лічаць, што расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін хацеў бы завяршыць вайну.
«Я не ведаю, што робіць Крэмль, але магу сказаць, што Уіткаф і Кушнер мелі даволі нядрэнную сустрэчу з Пуціным... Пуцін хацеў бы завяршыць вайну — такое ўражанне склалася ва Уіткафа і Кушнера пасля сустрэчы. Я думаю, ён хацеў бы вярнуцца да больш нармальнага жыцця, я думаю ён хацеў бы вярнуцца да гандлю са Злучанымі Штатамі. Ён губляе тысячы салдат у тыдзень», — сказаў Трамп.
* * *
Сустрэча сакратара Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Рустэма Умерава з перагаворшчыкамі прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам запланавана на 4 снежня ў Маямі, штат Фларыда.
Па словах суразмоўцы агенцтва Associated Press, бакі маюць намер працягнуць абмеркаванне дэталяў «мірнага плана» па завяршэнні вайны ва Украіне. Чыноўнік не даў дадатковых падрабязнасцей парадку дня, спасылаючыся на адсутнасць паўнамоцтваў каментаваць гэтае пытанне публічна.
* * *
Члены верхняй палаты Кангрэса ЗША паведамляюць аб поўнай адсутнасці або крытычнай няхватцы камунікацыі з боку адміністрацыі Дональда Трампа па пытаннях, звязаных з мірнымі перамовамі па Украіне.
Сенатар-дэмакрат Дзік Дурбін, які займае пасаду сустаршыні Юрыдычнага камітэта і ўваходзіць у склад яшчэ двух камітэтаў Сената, пацвердзіў адсутнасць дыялогу з выканаўчай уладай. На пытанне журналістаў пра тое, ці адбываецца камунікацыя з Белым домам адносна мірнага плана для Украіны, ён адказаў катэгарычным «не».
Палітык таксама выказаў сваю прынцыповую пазіцыю адносна ўмоў завяршэння вайны. Дурбін падкрэсліў, што Украіна не павінна саступаць свае тэрыторыі на Данбасе дзеля міру, а прымусовы вываз украінскіх дзяцей у Расію назваў ваенным злачынствам.
Пра інфармацыйны вакуум з боку адміністрацыі заявіла і сенатар ад Дэмакратычнай партыі Джын Шахін. Паводле яе слоў, яна даведваецца пра ход падзей і працэс перамоваў па міры ва Украіне выключна з паведамленняў у сродках масавай інфармацыі.
«Я лічу, што планы, якія былі прадстаўлены публічна па стане на цяпер, з'яўляюцца неадэкватнымі», — падкрэсліла яна.
У той жа час сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм распавёў, што кантактуе з прадстаўнікамі адміністрацыі Трампа «ледзь не кожны дзень», але не ўдакладніў, ці тычацца гэтыя размовы непасрэдна цяперашняга працэсу перамоваў аб спыненні расійскай агрэсіі супраць Украіны, ці гаворка ідзе пра іншыя пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі.
* * *
Урады Аўстраліі і Новай Зеландыі прынялі рашэнне аб наданні Украіне дадатковай ваеннай падтрымкі агульным коштам больш за 70 мільёнаў долараў ЗША, паведаміў пасол Украіны ў Аўстраліі Васіль Мірашнічэнка.
«Урад Аўстраліі абвясціў аб наданні Украіне ваеннай дапамогі на суму 95 мільёнаў аўстралійскіх долараў (63 мільёны долараў ЗША). Гэтая сума ўключае 50 млн для PURL, 2 млн для "кааліцыі дронаў" і 43 млн на ваеннае абсталяванне, у прыватнасці тактычныя радары СПА, боепрыпасы і сродкі інжынернага забеспячэння», — адзначыў пасол.
Акрамя гэтага, урад Новай Зеландыі выдзеліў 15 млн новазеландскіх долараў (прыкладна 8,7 мільёна долараў ЗША) у падтрымку ініцыятывы PURL, якая займаецца пастаўкамі зброі і абсталявання для ўкраінскай арміі.
* * *
Пяць краін вылучылі 1 млрд долараў на куплю зброі для Украіны ў рамках праграмы PURL, паведамляе Міністэрства замежных спраў Украіны ў Telegram.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга распавёў, што ў прыватнасці ў гэтым траншы паўдзельнічалі Германія, Нарвегія і Польшча. Сродкі павінны быць накіраваны на закупку ракет для сістэм Patriot, якія абараняюць украінскія гарады і крытычна важную інфраструктуру.
PURL (Prioritised Ukraine Requirements List) — гэта сумесная ініцыятыва НАТА і ЗША, запушчаная ў ліпені 2025 года. Яе мэта — забяспечыць Украіну крытычна неабходным узбраеннем амерыканскай вытворчасці за кошт фінансавання, якое вылучаецца саюзнікамі па НАТА.