«Іх шукае міліцыя»: оперная спявачка, фігуранты «справы карагодаў» і былыя палітвязні. Хронікі рэпрэсій 3 снежня

 Беларускія сілавікі працягваюць ціск на грамадзян: на стэндах «Іх шукае міліцыя» — фота опернай спявачкі, за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» пад пераслед трапіла 61-гадовая фларыстка, а Генпракуратура спрабуе патлумачыць прысуды былым «каліноўцам».

1_1097_1.png

Фота опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук размясцілі на стэндах «Іх шукае міліцыя»

Пра гэта Маргарыта напісала на сваёй старонцы ў Instagram.

Спявачка адзначыла, што на стэндзе пазначана нейкая іншая кватэра, у якой яна не жыла і да якой не мае ніякага дачынення. Акрамя таго, міліцыя памылілася ў даце народзінаў Маргарыты.

На фотаздымку стэнда «Іх шукае міліцыя», на якім размешчаны фотаздымак спявачкі Маргарыты Ляўчук, таксама можна заўважыць іншых людзей, якіх шукаюць па палітычных справах.

Гэта муж і жонка Андрэй і Паліна Ляшко — фігуранты «справы карагодаў». На стэндзе пазначана, што яны «ўхліяюцца ад адбыцця пакарання на "хатняй хіміі"».

Таксама шукаюць былога палітвязня Ягора Пракапчука і ягоную маці Святлана Пракапчук. Ягора, які адбыў тэрмін у 4 гады, шукаюць паводле арт. 422 КК (ухіленне ад прэвентыўнага нагляду), а ягоную маці — паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

61‑гадовую фларыстку з Наваполацка асудзілі за «фінансаванне экстрэмізму»

Наталлі Гірш 61 год. Яна родам з Наваполацка. Апошнія 25 гадоў яна займаецца фларыстыкай. У Наталлі дарослыя сын і дачка.

Як мінімум з 2012 года жанчына займалася афармленнем залаў, упрыгожаннем вясельных картэжаў і аэрадызайнам. У 2018‑м яна зарэгістравала ІП і адкрыла майстэрню фларыстыкі і краму кветак у родным горадзе, піша «Наша Ніва».

Гірш асудзілі ў 2025 годзе за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361‑2 КК). Верагодна, Наталлі прысудзілі «хатнюю хімію».

Генпракуратура распавяла падрабязнасці крымінальнай справы ў дачыненні да Верамейчыка і Грачыхі

Паводле версіі следства, Верамейчык «з сакавіка па канец чэрвеня 2022 года ўваходзіў у склад экстрэмісцкага фармавання (злачыннай арганізацыі) «Полк Імя Кастуся Каліноўскага». Займаў розныя кіруючыя пасады ў адным з яго падраздзяленняў.

Пасля аказваў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і ўвайшоў у склад экстрэмісцкіх фармаванняў «Каардынацыйная рада» (III склікання) і «Блок Пракоп'ева-Ягорава». Стаў удзельнікам змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Ён жа неаднаразова выказваў пагрозы фізічным гвалтам і абразы, у тым ліку ў Інтэрнэце, на адрас службовых асоб органаў пракуратуры, унутраных спраў і суддзяў, а таксама публічна абражаў Лукашэнку».

Грачыха, паводле прэс-рэлізу, быў асуджаны за ўдзел ва ўзброеным канфлікце без упаўнаважання дзяржавы сваёй грамадзянскай прыналежнасці ў складзе злачыннай арганізацыі.