Сто чалавек у «спісе экстрэмістаў» за месяц. Хронікі рэпрэсій 1 снежня

За лістапад беларускія ўлады дадалі ў «спіс экстрэмістаў» сто чалавек. Некаторых унеслі пасля таго, як яны былі вызваленыя ад адказнасці. Стаў вядомы прысуд яшчэ аднаму былому каліноўцу. На Магілёўшчыне — новыя тэрміны па «экстрэмісцкіх» артыкулах.

1_1097_1.png

За мінулы месяц у «спіс экстрэмістаў» дадалі 67 мужчын і 33 жанчыны.

Сярод фігурантаў — пяцёра людзей ва ўзросце за 60 гадоў.

Як вынікае з дакументаў, як мінімум шасцярых беларусаў вызвалілі ад адказнасці «ў сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення да адказнасці». Іх абвінавачвалі паводле «народнага» арт. 342 КК. Нягледзячы на вызваленне, усіх шасцярых усё роўна ўключылі ў «спіс экстрэмістаў».

Гэта тлумачыцца тым, што з моманту некалькіх акцый пратэсту ўжо мінула пяць гадоў — адпаведна, скончыўся тэрмін даўніны для крымінальнага пераследу па арт. 342. Але праваабаронцы адзначаюць: пераслед паводле арт. 293 КК («удзел у масавых беспарадках») працягваецца.

Акрамя таго, 65 чалавек, дададзеных у спіс у лістападзе, былі асуджаныя за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК). Большасць з іх — фігуранты «справы Гаюна».

Былога каліноўца Васіля Грачыху асудзілі да пяці гадоў калоніі

Праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што разам з былым ваяром палка Каліноўскага Васілём Верамейчыкам, якога В’етнам выдаў Беларусі, быў асуджаны і Васіль Грачыха. Мужчыну затрымалі вясной пры невядомых абставінах. Прапаганда паказвала відэа, дзе яго вядуць па балоцістай мясцовасці супрацоўнікі КДБ з аўтаматамі.

Агулам абодвух абвінавацілі паводле дванаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Васіля Грачыху асудзілі да 5 гадоў калоніі, Верамейчыку прызначылі 13 гадоў.

Абодва ўтрымліваюцца ў СІЗА-1 на Калядзічах.

Візавага спецыяліста з Мінска асудзілі па палітычных артыкулах

41-гадовы Дзмітрый Ковач — мінчук, выпускнік БНТУ (2007). З 2009 года працаваў у сферы турызму, апошнім часам — візавым спецыялістам у прыватнай фірме, піша «Наша Ніва».

Яго затрымалі ў сакавіку 2025 года. У лістападзе мужчыну асудзілі па ч. 1 арт. 342 КК («удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 1 арт. 130 КК («распальванне варожасці»). Ковачу пагражала да пяці гадоў пазбаўлення волі. Дакладны тэрмін у матэрыялах пакуль не раскрываецца, але, імаверна, ён звязаны з ізаляцыяй.

Дзвюх магілёўчанак асудзілі за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання»

MAYDAY TEAM паведамляе, што ў верасні 2025 года ў Магілёўскім абласным судзе разглядалі справу Марыны Храмцовай і Аляксандры Дуброўскай. Іх абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-1 КК) — верагодна, у фармаце пратэснага чата.

Абедзвюх прызналі вінаватымі і прысудзілі да трох гадоў калоніі і штрафаў.

Жанчыны вядомыя ў горадзе як аматаркі беларускай культуры, удзельніцы мерапрыемстваў ТБМ і народных танцаў.

Аляксандра працавала настаўніцай замежных моў, Марынa — індывідуальнай прадпрымальніцай.