У Беларусі з'явілася новае «экстрэмісцкае фармаванне». Хронікі рэпрэсій 28 лістапада
Праваабаронцы фіксуюць новыя прысуды па «справе Гаюна», крымінальны пераслед святароў, абнаўленне «экстрэмісцкіх» і «тэрарыстычных» спісаў, а таксама ціск на незалежныя медыя і журналістаў. Сабралі галоўнае за апошнія дні.

Па «справе Гаюна», імаверна, асуджаны евангельскі святар
Праваабаронцам Вясны стала вядома, што ў Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд 41-гадоваму мясцоваму жыхару Аляксею Ягело.
Яго абвясцілі вінаватым у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса.
Канкрэтны прысуд, вынесены Аляксею Ягело, зараз высвятляецца, але дакладна вядома, што яго пастанавілі трымаць у няволі — прысудзілі альбо пазбаўленне волі, альбо абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову.
Вызваленага палітзняволенага святара Генрыха Акалатовіча чакае новы суд
Як паведамляе katolik.lfe, гэтым разам па забароне выезду за мяжу, хоць па факце святар знаходзіцца ў Ватыкане. Такая грамадзянская справа з'явілася ў раскладзе суда Баранавіцкага раёна на 2 снежня.
Падставай для гэтага абмежавання стаў велізарны доўг, прыпісаны святару. Нагадаем, па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве» акрамя пазбаўлення волі тэрмінам на 11 гадоў ксяндза Акалатовіча абавязалі выплаціць нібыта нанесеную дзяржаве шкоду сумай 1 мільён 700 тысяч рублёў.
У сувязі з гэтым накладзены арышт на маёмасць і канфіскаваныя пры затрыманні святара буйныя сумы грошай. Наколькі вядома вернікам, гэта маёмасць, у тым ліку аўтамабілі, належаць парафіі, а большая частка грошай — яго сваякам, а не яму самому.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 23 прозвішчы — цяпер у ім 6042 чалавекі
28 лістапада МУС зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі 14 чалавек, якія былі асуджаныя за «садзейнічанне экстрэмізму».
У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 3 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы траіх чалавек.
Гэта Валеры Грыгоніс, Аляксандр Ваўчок, Уладзімір Кушнер.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1397 чалавек, з іх 658 — беларусы.
Інтэрнэт-радыё «Radio Plato» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне было прынятае КДБ 20 лістапада — апублікавалі яго толькі сёння.
Паводле ведамства, дачыненне да радыё маюць Карняйчук Аляксандр, Кірпікаў Павел, Балбуцкі Раман, Пуйша Ягор, Лабуновіч Аляксей, Бярозавік Дзяніс, Купрыяновіч Філіп, Шынкароў Андрэй, Рынкевіч Аляксандр.
У апісанні праекта пазначана, што «Radio Plato — гэта незалежнае інтэрнэт-радыё з Мінска».
«Мы пішам пра мясцовую музычную сцэну, вядзем перадачы і публікуем падкасты. Гэта тое, што мы робім, каб умацаваць супольнасць і папулярызаваць яе ва ўсім свеце».
«Вырабілі і прадавалі прадукцыю, звязаную з рэабілітацыяй нацызму». Пракуратура пракаментавала закрыццё мінскай крамы з сувенірамі
Гаворка пра «Калядную краму», якую закрылі пасля скаргаў праўладных актывістаў.
Пракуратура Савецкага раёна Мінска «падчас маніторынгу ў сетцы інтэрнэт выявіла прапановы да набыцця ў адной з крамаў сталіцы прадукцыі, звязанай з рэабілітацыяй нацызму, і запатрабавала выключыць яе з продажу».
«Характэрна, што ёлачныя цацкі з'яўляюцца прадукцыяй уласнай вытворчасці арганізацыі — уласніка крамы», — адзначылі ў ведамстве.
Намеснік пракурора Савецкага раёна Мінска на адрас дырэктара арганізацыі ўнёс прадпісанне аб «ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». Шарыкі з Геніюш з продажу прыбралі. А міліцыяй праводзіцца праверка, ход якой знаходзіцца на кантролі пракуратуры раёна.
У дачыненні да журналісткі Ірыны Халіп распачалі крымінальную справу
Пра гэта Ірына распавяла журналістам.
Учора сілавікі прыйшлі з ператрусам да яе бацькоў, якія жывуць у Мінску. Яны прад’явілі пастанову, у якой было сказана, што ператрус праводзіцца ў межах крымінальнай справы супраць журналісткі.
Сілавікі сказалі, што крымінальная справа па «экстрэмісцкім» артыкуле, але падрабязнасцяў яны нібыта не ведаюць самі. Ператрус праводзілі супрацоўнікі міліцыі, а справа, паводле іх слоў, заведзеная пракуратурай.
Міліцыянты таксама дапыталі маці Халіп Люцыну Бяльзацкую. Яны спрабавалі высветліць, дзе знаходзіцца журналістка, а таксама прасілі даць яе нумар тэлефона. Ніякіх прадметаў, якія маглі б быць звязаныя з працай журналісткі, у кватэры яе бацькоў не знайшлі.