Мінус мільярд за месяц: як беларуская эканоміка нагадвае мексіканскі серыял
Мы даўно казалі пра тое, што наш урад і кіраўніцтва агулам часам (амаль заўсёды) дзейнічаюць у наратывах лацінаамерыканскіх серыялаў — самі ствараюць сабе праблему, а потым самі напружана і пакутліва яе вырашаюць. І гэта было б калі не нармальна, то хаця б звыкла, каб на гэтым тыдні не была заўважаная новая тэндэнцыя. Яна ў тым, што нашы чыноўнікі пачалі гэтым ганарыцца і прапаноўваць падобны стыль жыцця іншым краінам.

Фота з pxhere.com
Пра гэтыя выкруты «моцных гаспадарнікаў» крыху пазней, а спачатку мы згадаем тое, пра што казалі неаднаразова. Золатавалютныя рэзервы Беларусі — не, не пабілі новы рэкорд. І гэта ў некаторым сэнсе сенсацыя, якую афіцыйныя СМІ вырашылі замаўчаць. Прынамсі, Нацбанк ужо не «рапартуе з гонарам». Пра тое, што ў сакавіку нашы ЗВР паменшыліся, мы даведаліся дзякуючы штотыднёваму макраэканамічнаму агляду Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).
ЗВР дагэтуль бесперапынна раслі 15 месяцаў, і відавочна, што бясконца працягвацца гэта не магло. Як і прадказвалася, асноўнай прычынай зніжэння ўзроўню ЗВР стала «патаненне золата ў складзе рэзерваў на 1,1 млрд долараў праз падзенне цэн на 11,8% за сакавік», — канстатаваў ЕАБР.
Згодна з папярэднімі данымі Нацбанка, піша «Позірк», манетарнае золата ў структуры ЗВР на 1 красавіка 2026 года складае 7 млрд 981,4 млн долараў (мінус 1 млрд 981,4 млн за месяц), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 402 млн (мінус 11,9 млн), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 858,6 млн (мінус 58,5 млн). Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.
Нагадаем зноў: Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі і не можа сумленна і наўпрост прадаць золата, а ўсялякія «правы запазычання» і актывы МВФ — замарожаныя. Гэта значыць, ліквідная частка нашых ЗВР па факце складаецца з актываў у замежнай валюце. А гэта ўсяго толькі траціна ад падлічаных ЗВР.
Здавалася б, у такой сітуацыі мы павінны берагчы кожную капейчыну. А ў рэальнасці мы ўбухваем гіганцкія сродкі ў прадпрыемствы, з якімі потым не ведаем, што рабіць.
Адной з гучных падзей тыдня стала тое, што Лукашэнка прызнаў: Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, чарговая «будоўля стагоддзя» — не працуе. Паводле слоў Лукашэнкі, карпарацыі была аказана і дагэтуль аказваецца істотная падтрымка з боку дзяржавы, і не толькі нашай — гэта і прэферэнцыі па выплаце падаткаў, і гарантыі ўрада па крэдытах, і асаблівы парадак адлюстравання курсавых розніц. «У статутны фонд прадпрыемства ўнеслі бюджэтныя сродкі ў памеры 226 мільёнаў рублёў. Толькі льготных урадавых крэдытаў КНР прыцягнулі каля 600 мільёнаў долараў», — распавёў Лукашэнка. І нават зарплату супрацоўнікаў згадаў — «амаль на 16% вышэй за сярэднеабласны ўзровень».
Вынік — нуль. «З прадстаўленых матэрыялаў вынікае, што гэтых вынікаў, на жаль, няма», — сказаў ён.
Якая выснова? Знайсці адказных у правале і запатрабаваць з іх хаця б частку выдаткаваных сродкаў? НЕ! Трэба і ў далейшым уліваць грошы ў БНБК у спадзяванні… Будзем прама казаць — у спадзяванні на цуд.
Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў па выніках нарады ў Лукашэнкі сказаў, што «праект можа стрэліць такім чынам, што акупіцца на працягу трох гадоў. Можа стрэліць, як цяпер любяць казаць, праз "чорных лебедзяў". Хто ведае, што будзе заўтра… Калі праект акупляецца на працягу 13–15 гадоў, на мой погляд, гэта цудоўна», — сказаў ён.
Гэта значыць, можа стрэліць, а можа і не стрэліць. А можа, расцягнем гэтую справу на 15 гадоў, і 15 гадоў будзем атрымліваць падвышаныя заробкі, а там або ішак здохне, або падышах. Хутчэй, падышах, у якога пальцы пасінелі даўно.
Тое самае здарылася з Беларускай АЭС. Намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч на сустрэчы з калегам з Узбекістана Ачылбаем Раматавым 6 красавіка ў Мінску пахваліўся, што Беларуская атамная электрастанцыя выпрацоўвае «каля 40% электрычнай энергіі» ў краіне. І Мінск, аказваецца, гатовы дапамагчы Узбекістану пабудаваць атамную электрастанцыю ў яго.
Таксама ўлады Беларусі замахнуліся на трэці энергаблок БелАЭС і не адмаўляюцца ад ідэі стварыць другую атамную станцыю ў усходняй частцы краіны.
Тут варта адзначыць, што, па-першае, станцыю будавалі не мы, а «Расатам», і за расійскія крэдыты. І дапамагаць узбекам у будаўніцтве таго, чаго мы не будавалі — гэта цікавы праект. Па-другое, БелАЭС, можа быць, сапраўды выпрацоўвае каля 40% электраэнергіі Беларусі. І што?
Так, пытанне «і што?», паколькі з 1 сакавіка кошт электраэнергіі ў краіне вырас на 7%. Ці патрэбна узбекам АЭС, у выніку пабудовы і працы якой кошт электрычнасці не зніжаецца, а наадварот, узрастае?
Ну і па-трэцяе, вядома, пытанне, хто будзе Узбекістану дапамагаць — у плане канкрэтных чалавечых рэсурсаў. Бо мы, аказваецца, не можам забяспечыць працоўнымі рукамі нават сваю самую святую карову — «бітву за ўраджай».
Як прызнаўся начальнік Галоўдзяржтэхнагляду Мінсельгасхарча Станіслаў Карповіч, для «бесперапыннасці тэхналагічнага працэсу» пасяўной неабходна дадаткова прыцягваць 2,4 тысячы чалавек, каб «забяспечыць цалкам загрузку, у тым ліку энерганасычаных трактароў». Таму на пасяўную прыцягнута 1000 чалавек з прамысловых прадпрыемстваў, 660 практыкантаў, студэнтаў з прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, вышэйшых навучальных устаноў і іншых арганізацый, а таксама больш за 1000 чалавек па грамадзянска-прававых дамовах.
А ў Віцебскай вобласці да пасяўной звыкла прыцягнулі армію.
Гэта значыць, працоўных рук не хапае нават для суперзначнага ў краіне праекта. І гэта зразумела: бо замест таго, каб прыцягваць рабочых у краіну, улады працягваюць рабіць усё, каб людзі з яе з’язджалі.
На мінулым тыдні «Новы час» быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Цяпер нас можна чытаць альбо падпольна, альбо адкрыта, але з-за мяжы. Для кагосьці гэта можа стаць апошнім аргументам для руху ў бок памежнага прапускнога пункту без планаў вяртання ў бліжэйшы час.
І гэтыя людзі дакладна не дапамогуць пабудаваць Узбекскую АЭС.