Новыя «экстрэмісцкія матэрыялы» і +17 палітвязняў. Хронікі рэпрэсій 7 красавіка

 У Беларусі працягваюць папаўняць «экстрэмісцкія» спісы і прызнаваць новыя «фармаванні», выносяць жорсткія прысуды і павялічваюць колькасць палітвязняў. Таксама становяцца вядомыя новыя справы і дэталі пераследу.

1_1097_1.png

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У спіс дадалі:

— Telegram-каналы «Чык Чырык», «Byaroza_info»;

— YouTube-канал «BYAROZA INFO»;

— старонкі ў Instagram «Kuncaushchyna», «Belarusians in Greece»;

— старонкі ў Facebook «Belarusisk Forening i Norge RAZAM», «Belarus: What the World Needs to Know», «Падарожжа БЧБ».

Адзначым, што суд Цэнтральнага раёна Мінска ў другі раз прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Telegram-чат «СИЗО №1 Колядичи»: упершыню гэта адбылося 16 сакавіка, паўторна — 6 красавіка.

25-гадовую дызайнерку з Пінска асудзілі па палітычнай справе

Яне Маскалёвай 25 гадоў, яна родам з Пінска. У 2020 годзе скончыла Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў па спецыяльнасці «Дызайн і тыпаграфіка».

Падчас вучобы дзяўчына шмат разоў атрымлівала дыпломы лаўрэаткі ў намінацыях па графічным дызайне, удзельнічала ў распрацоўцы талісмана для Еўрапейскіх гульняў 2019 года і нават рабіла дабрачынны роспіс сцен для мясцовага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Пасля каледжа працавала дызайнеркай і ілюстратаркай, піша «Наша Ніва».

Яе асудзілі ў Брэсцкім абласным судзе паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Верагодна, ёй прызначылі «хатнюю хімію».

У Беларусі прызналі новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваннямі»:

— «Премия Дайвера»;

— «Белорусская национальная коалиция».

Паводле ведамства, да іх маюць дачыненне:

Андрэй Лапіцкі, Мікалай Бандарэнка, Максім Бародзіч, Кіра Баярэнка, Сяргей Другакоў, Аляксандр Ергулевіч, Вольга Карпушонак, Мікіта Крыўцоў, Міхаіл Кучараў, Кацярына Кучук, Ала Марціновіч, Ілля Міронаў, Сяргей Пушноў, Таццяна Радзевіч, Юрый Рудзь, Наталля Фідлер, Алена Філатава.

Айцішніка асудзілі да 14 гадоў калоніі

Стала вядома, што 31-гадовага айцішніка з «Варгеймінга» Глеба Рыбчанку асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Гродзенскі абласны суд вынес Рыбчанку прысуд адразу па васьмі крымінальных артыкулах, сярод якіх «удзел у тэрарыстычнай арганізацыі», «падрыхтоўка да здзяйснення тэрарыстычнага акту арганізаванай групай або ў выніку якога загінуў чалавек» і «падрыхтоўка да прывядзення ў нягоднасць шляхоў зносінаў ці транспартнага сродку»

Пасля апеляцыі Вярхоўны суд змяніў тэрмін: у выніку мужчына асуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Мужчына родам з Гродна, доўгі час жыў і працаваў пад Санкт-Пецярбургам. Ён працаваў у кампаніі «Леста» — расійскім падраздзяленні «Варгеймінга», якое з 2022 года валодала правамі на «Свет танкаў» у Расіі і Беларусі. 

Зямлю ксяндза Генрыха Акалатовіча зноў не змаглі прадаць

Улады другі раз спрабавалі прадаць на аўкцыёне зямлю ў вёсцы Новая Мыш (Баранавіцкі раён), якая належыць ксяндзу Генрыху Акалатовічу.

Аўкцыён не адбыўся з-за адсутнасці ўдзельнікаў, піша @viasna_brest.

Акалатовіч быў асуджаны на 11 гадоў па абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве», але ў 2025 годзе выйшаў на волю і цяпер знаходзіцца ў Рыме.

У Беларусі +17 новых палітвязняў

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 17 чалавек.

Гаворка ідзе пра людзей, асуджаных або змешчаных пад варту за «ўзаемадзеянне з экстрэмісцкімі фармаваннямі» і рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў.

Гэта: Міхаіл Палазнік, Юлія Каваленка, Анастасія Каваленка, Аляксей Пустаход, Андрэй Янковіч, Дзмітрый Кажадуб, Цімафей Пугачоў, Дзмітрый Касенка, Сяргей Камар, Андрэй Балмакоў, Аляксандр Гетчанка, Дзмітрый Чавусаў, Аляксандр Чыкіндзін, Анатоль Каліноўскі, Юрый Рукшта, Сяргей Шчарбакоў, Віктар Яўмененка.