БХК — «экстрэмісцкае фармаванне», прысуды і новыя забароны. Хронікі рэпрэсій, 6 красавіка
Беларускі Хельсінкскі Камітэт прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», у спісах — новыя кнігі, сайты і старонкі. Працягваюцца прысуды за «экстрэмізм», а ліквідацыя НДА ідзе далей.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне КДБ прыняў 31 сакавіка. Паводле ведамства, дачыненне да БХК маюць Дзмітрый Маркушэўскі і Павел Левінаў.
У спісе адзначана, што з БХК звязаныя сайты belhelcom.org і youarenotwrong.webflow.io, а таксама шэраг старонак у сацыяльных сетках.
Арганізацыя была зарэгістраваная 1 лістапада 1995 года. Яе заснавальнікамі сталі вядомыя грамадскія, палітычныя і культурныя дзеячы: Васіль Быкаў (першы старшыня Назіральнага Сойма БХК), Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Святлана Алексіевіч, Генадзь Бураўкін, Юрый Хадыка, Карлас Шэрман і іншыя.
У верасні 2021 года ўлады пазбавілі БХК рэгістрацыі, аднак арганізацыя працягнула дзейнасць. У ліпені 2022 года БХК атрымаў кансультатыўны статус пры ЭКАСАС ААН, стаўшы першай беларускай НДА з такім статусам.
Цяпер у пераліку на сайце МУС — 384 пазіцыі, з іх 346 — арганізацыі.
«Экстрэмісцкімі» прызналі сайт knihi.by і шэраг беларускамоўных кніг
Суд Партызанскага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт і Instagram-старонку кнігарні knihi.by.
Суд Кастрычніцкага раёна Мінска таксама прызнаў «экстрэмісцкімі» кнігі:
- Камілы Цень «Наступны прыпынак — смерць»
- Макса Шчура «Там, дзе нас няма»
- Аляксандра Цвікевіча «Гістарычныя працы. Том 1»
- Макара Валынкіна «Апошняе пакаленне»
Акрамя таго, у спіс дадалі старонку ў Facebook «Беларусы Флорыды», а таксама шэраг акаўнтаў у Instagram («pahoniapobac», «americanbelarusfoundation», «byaction_usa», «Belarusian Miracle», «aija.stacenko») і TikTok-старонку «цукерка».
Супрацоўніка Мазырскага НПЗ асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Гомельскі абласны суд вынес прысуд 39-гадоваму вядучаму інжынеру Мазырскага НПЗ Уладзіміру Чурылу. Яго прызналі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).
Верагодна, яму прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
У 2020 годзе мужчыну затрымлівалі за ўдзел у акцыі пратэсту — 27 кастрычніка ён разам з калегамі стаяў каля прахадной завода з плакатамі супраць гвалту і ў падтрымку мірных пратэстаў, піша «Гомельская Вясна».
Чурыла як вядучы інжынер-тэхнолаг неаднаразова згадваўся ў галіновых СМІ як найлепшы працаўнік і рацыяналізатар, атрымліваў узнагароды ад кіраўніцтва завода.
Кіроўцу з Пінска асудзілі за «масавыя беспарадкі» і «абразу Лукашэнкі»
Сяргею Палхоўскаму 48 гадоў. Ён родам са Шчучына, але жыў у Пінску.
Усё жыццё працаваў кіроўцам: быў індывідуальным прадпрымальнікам, таксаваў, пазней ездзіў на заробкі ў Расію як дальнабойшчык. Жанаты, захапляецца рыбалкай, піша «Наша Ніва».
Яго затрымалі ў мінулым годзе. Брэсцкі абласны суд асудзіў Палхоўскага па некалькіх артыкулах:
- «распальванне варожасці» (арт. 130)
- «абраза Лукашэнкі» (арт. 368)
- падрыхтоўка да «масавых беспарадкаў» (арт. 13 і 293)
Санкцыі прадугледжваюць да 15 гадоў пазбаўлення волі. Дакладны прысуд пакуль невядомы.
З 2020 года ліквідаваныя не менш за 2020 НДА
Як мінімум 2020 беларускіх грамадскіх аб’яднанняў, фондаў і ўстаноў ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.
За апошні месяц гэтая лічба вырасла яшчэ на 8 арганізацый.
Паводле Lawtrend, на канец сакавіка:
- 1239 арганізацый — у працэсе прымусовай ліквідацыі
- 781 — ліквідуюцца самастойна
У Гомелі асудзілі ІТ-прадпрымальніка
Гомельскі абласны суд асудзіў 40-гадовага Віктара Варвановіча за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК).
Верагодна, яму прызначылі «хатнюю хімію», паведамляе «Гомельская Вясна».
Варвановіч скончыў матэматычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Працаваў як індывідуальны прадпрымальнік у сферы распрацоўкі ПЗ і кансультавання.