«Новы Час» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Хронікі рэпрэсій 3 красавіка

 У Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаюць медыя і аналітычныя цэнтры, працягваюць пашыраць «экстрэмісцкія» і «тэрарыстычныя» спісы, а таксама пераследуюць журналістаў і звычайных людзей.

1_1097_1.png

«Новы Час» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»

МУС 1 красавіка прызнала выданне «Новы Час» «экстрэмісцкім фармаваннем».

Пры гэтым у пераліку асобаў, якія, паводле сілавікоў, маюць дачыненне да «фармавання», апынуліся людзі, якія ўжо некалькі гадоў не супрацоўнічаюць з выданнем.

Раней «экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя ўсе акаўнты «Новага Часу» ў сацыяльных сетках.

photo_2026_04_03_16_33_41.jpg

Таксама «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаныя:

— «Цэнтр новых ідэй»;

— «FUNDACJA BRAMA DZIEDZICTWA»;

— «Белорусский расследовательский центр».

Калі вы лічыце працу «Новага Часу» вартай падтрымкі, і знаходзіцеся па-за межамі Беларусі і РФ, будзем удзячныя за данат на працяг нашай дзейнасці.
Інструкцыя знаходзіцца тут


«Спіс экстрэмістаў» працягвае расці

3 красавіка МУС абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Цяпер у ім 6468 чалавек.

Сярод іншых у спіс дадалі былых сілавікоў Сяргея Шпака і Андрэя Бакурэнку, якія ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў відэазвароце афіцэраў запасу. У дакуменце пазначана, што яны «вызваленыя ад адказнасці ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў прыцягнення».

З пазнакай «адбывае пакаранне» ўключаныя:

Мікіта Пуціла, Ілля Валвенкін, Яўген Дзерунаў, Канстанцін Мядзведзеў, Ягор Кракасевіч, Дзмітрый Баніта, Сяргей Палхоўскі.

З пазнакай «судзімасць не пагашана» даданыя:

Дзяніс Ліхалет, Мікіта Зюзікаў, Кірыл Карніцкі, Аляксей Бенда, Ілля Камульчык, Уладзімір Чурыла, Віктар Варвановіч, Марк Верашчагін, Алег Сумара, Яна Маскалёва, Аляксандр Васіліхін.

У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 11 чалавек

КДБ абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

У яго дадалі:

Вячаслава Бандарчука, Дзяніса Прохарава, Паўла Шурмея, Вадзіма Кабанчука, Аляксея Назарава, Аляксея Кавальчука, Алену Маліноўскую, Дзмітрыя Дробыша, Вячаслава Ванславовіча, Сяргея Палхоўскага, Святлану Ангелейку (Святлану Хлышчанкову).

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1436 чалавек, з іх 688 — беларусы.

Чарговае папаўненне «Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У яго трапілі старонкі ў Instagram «olga_maier_stylist», «inshyja.bу», «Megapolis», «denis4belarus», старонкі ва «Укантакце» «Дзмiтрый Карнеенка», Барыс Анiкееў, а таксама старонкі ў Facebook «Полесская Доброта», «Belarusians in Oxford», «Belarus RAZAM Berlin», «Belarusen aus Stuttgart und Baden-Württemberg / Беларусы Баден-Вюртемберг».

На мяжы з Польшчай затрымалі фатографа Андрэя Лянкевіча

На польска-беларускай мяжы затрымалі вядомага беларускага фатографа Андрэя Лянкевіча.

Папярэдне, падставай стала «экстрэмісцкая» падпіска, знойдзеная ў ягоным тэлефоне. Яго чакае суд па адміністрацыйнай справе.

Андрэй Лянкевіч — аўтар больш як 80 персанальных і калектыўных выстаў у Еўропе, Азіі і ЗША. Яго працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у шэрагу еўрапейскіх краін.

Муляра з Жодзіна асудзілі па палітычных артыкулах

39-гадовага Ігара Неймана асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і ч. 1 арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»), піша «Наша Ніва».

Ігар працаваў у будаўніцтве: узводзіў катэджы ў Жодзіне, Мінску і Барысаве, а пазней працаваў мулярам.

Ён таксама захапляўся аўтамабілямі і самастойна займаўся рамонтам і мадэрнізацыяй свайго Renault 11.

Паводле наяўнай інфармацыі, яму прызначылі «хатнюю хімію». Дакладны тэрмін і абставіны затрымання невядомыя.