ГУБАЗіК заявіў пра «ліквідацыю» анархісцкага руху. Хронікі рэпрэсій 31 сакавіка

 Беларускія сілавікі заяўляюць пра «ліквідацыю» анархісцкага руху, працягваюць крымінальны пераслед і дадаюць тэрміны палітвязням. Таксама з’яўляюцца новыя справы, завочныя суды і ціск на былых вязняў.

1_1097_1.png

ГУБАЗіК заявіў пра «ліквідацыю» анархісцкага руху ў Беларусі

Начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Андрэй Ананенка заявіў, што «прынятымі мерамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ліквідаваны анархісцкі рух». Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю газеце «СБ. Беларусь сегодня», піша «Позірк».

Паводле яго, «радыкальна настроеныя каляфутбольныя групоўкі і ў цэлым фанатскі рух узяты пад кантроль».

Сярод задач трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК (па супрацьдзеянні «экстрэмізму») ён назваў:

— «недапушчэнне і спыненне экстрэмісцкай дзейнасці»;

— «недапушчэнне фінансавання экстрэмісцкіх ініцыятыў»;

— «выяўленне і блакіроўку рахункаў»;

— «супрацьдзеянне экстрэмізму» ў розных групах;

— «спыненне нацызму і яго рэабілітацыі»;

— «выяўленне каналаў незаконнай міграцыі».

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года і закранаюць, у тым ліку, прадстаўнікоў анархісцкага руху.

19 сакавіка МУС паведаміла пра затрыманне «групы прыхільнікаў анархісцкіх поглядаў». Паводле прадстаўніка ГУБАЗіК Уладзіміра Гарэгляда, чатыры мінчукі нібыта «здзяйснялі надруганне над сімваламі Перамогі» ў комплексе «Мінск — горад-герой».

Падчас ператрусаў, як сцвярджаецца, былі знойдзеныя «халодная зброя, адзенне з анархісцкай і нацысцкай сімволікай, сігнальны пісталет і аргтэхніка». Узбуджаная крымінальная справа за «злоснае хуліганства» (ч. 2 арт. 339 КК).

Намеснік начальніка ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч заявіў, што «такія людзі складалі касцяк пратэснай актыўнасці 2020 года», і абвінаваціў іх у «адсутнасці выхавання і гістарычнай памяці».

Паводле яго, «пратэснай масы» ў Беларусі цяпер «практычна няма», але застаюцца людзі, якія «засвяціліся» або дапамагалі «замежным ініцыятывам».

ГУБАЗіК застаецца адным з ключавых інструментаў палітычнага пераследу ў Беларусі.

Дзеянні яго супрацоўнікаў могуць падпадаць пад артыкул 128 КК (злачынствы супраць бяспекі чалавецтва) — да такой высновы прыйшоў Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі ў дакладзе «ГУБАЗіК — карнае падраздзяленне рэжыму» (2022).

Парушэнні таксама зафіксаваныя ў дакладзе Групы незалежных экспертаў ААН (2025).

У дачыненні да ГУБАЗіК і яго кіраўніцтва, у тым ліку Ананенкі і Бедункевіча, дзейнічаюць санкцыі заходніх краін.

Палітвязню Мікіце Дранцу дадалі яшчэ год калоніі

Фігуранту «справы Революционного действия» Мікіце Дранцу дадалі адзін год пазбаўлення волі.

Ён мусіў выйсці на волю ў пачатку сакавіка пасля 6 гадоў зняволення. Аднак у студзені яго асудзілі паводле арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»), паведамляе тэлеграм-канал «АЧК-Беларусь».

Да гэтага Дранец не менш за чатыры месяцы правёў у памяшканні камернага тыпу шклоўскай калоніі №17.

Усе, хто да нядаўняга часу заставаўся ў зняволенні па справе міжнароднай злачыннай групы, былі асуджаныя на дадатковыя тэрміны паводле арт. 411. Аляксандр Казлянка і Павел Шпетны выйшлі на волю 19 сакавіка ў выніку перамоваў. У зняволенні застаюцца Мікіта Дранец, Аляксей Галоўка і Аляксандр Францкевіч.

Журналіст Дзмітрый Наважылаў, верагодна, не выйшаў на волю пасля «памілавання»

У спісе з 250 памілаваных, апублікаваным 19 сакавіка, быў і былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў. Аднак, паводле інфармацыі БАЖ, ён так і не выйшаў на волю. 

Па стане на 31 сакавіка сувязі з ім няма.

Наважылаў асуджаны да 6 гадоў калоніі па «справе БелаПАН». Яму інкрымінавалі ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні» і ўхіленне ад выплаты падаткаў.

Жыхара Мазыра асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

У Гомельскім абласным судзе разгледзелі справу 27-гадовага Мікіты Мароза.

Яму інкрымінавалі ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК. Верагодна, прызначана «хатняя хімія», піша «Гомельская Вясна».

Падрабязнасці пераследу жыхара Мазыра ўдакладняюцца.

На мінулым тыдні Мікіту ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».

У Мінску завочна будуць судзіць чатырох чалавек

На 22 красавіка прызначаны разгляд справы ў дачыненні да Андрэя Балмакова, Яўгеніі Тачыцкай, Кацярыны Вастровай і Антаніны Найдовіч.

Ім інкрымінавана «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», а Найдовіч — таксама «абраза прадстаўніка ўлады».

Яўгенія Тачыцкая раней была завочна асуджаная да 15 гадоў па «справе Мачулішчаў».

Сілавікі патрабуюць ад былых палітвязняў «гарантый невяртання»

Да аднаго з былых вязняў з Магілёва звярнуўся супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Аляксандр Табуноў, які папрасіў запоўніць форму аб невяртанні Беларусь. Ці ўказаць дату, калі экс-палітвязень збіраецца вярнуцца на радзіму, піша @MAYDAYMog.

Асобна ў лісце сілавік указаў на неабходнасць сфатаграфаваць «тлумачальную» пасля запаўнення, а пасля — і самога палітвязня з «тлумачальнай» у руках.

Варта адзначыць, што ў экс-вязня ануляваны пашпарт грамадзяніна Беларусі. Нягледзячы на ​​гэта, сілавы орган краіны патрабуе «адказаў».

З журналіста Ігара Карнея хочуць спагнаць грошы пасля зняволення

З вымушана вывезенага з Беларусі журналіста Ігара Карнея спрабуюць спагнаць 258 рублёў. Пра гэта ён паведаміў у Facebook.

Ён мяркуе, што гэта можа быць звязана з утрыманнем у калоніі.

«З якога перапуду налічылі 258.50 руб – загадка прыроды. Прынамсі гэтым разам хоць прыкладзены квіток на аплату.

<...> Дапускаю, што на такую суму пенітэнцыярныя мадэльеры ацанілі свае строі строгіх фасонаў – і тое хіба заднім чыслом за палажняк у Шклове. Пасьля пераезду да рэцыдывістаў у ПК №20 на складзе атрымаў толькі летнюю кашулю – наўрад ці яна пры ўсёй сваёй эксклюзіўнасьці пацягне на 80 еўра.

З іншага боку, пры алармісцкім вывазе летась у чэрвені з таго ж Мазыра на каланіяльным рахунку заставаліся амаль 500 рублёў. Спроба наладзіць ліставаньне з начальнікам установы, каб паспрабаваць вярнуць грошы адрасату (усе пераводу рабіла са сваёй пенсіі мая маці, з чаго раптам сьлёзы пенсіянеркі павінны быць інвестыцыяй у катавальную сістэму?), плёну ня мела».