Сайт «Голаса Амерыкі» і праваабаронцы — у «экстрэмісцкім» спісе. Хронікі рэпрэсій 2 красавіка

 У Беларусі «экстрэмісцкімі» прызнаюць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і медыя, палітвязні сутыкаюцца з пагаршэннем здароўя і ўзмацненнем рэжыму, а ўлады рыхтуюць новыя абмежаванні ў заканадаўстве.

1_1097_1.png

У Беларусі «экстрэмісцкімі» прызнаюць старонкі міжнародных праваабаронцаў

Суд Горацкага раёна 31 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» старонку «FIDH — International Federation for Human Rights» у Instagram. На яе падпісаныя больш за 12,5 тысячы чалавек.

27 сакавіка суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «LIBERECO — Partnership for Human Rights» у Threads — у яе крыху больш за 1100 падпісчыкаў.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» сайт «Голаса Амерыкі»

Акрамя таго, «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:

— Telegram-канал «Disident»;

— Instagram-старонкі «fidh», «DAR – białoruska inicjatywa Aktywiści podwórkowi za granicą», «svaboda_dumki», «denis4belarus»;

— сайты «belinstitute.com», «reform.news»;

— старонка ва «Укантакце» «ДысКУТ»;

— старонкі ў «Аднакласніках» «Андрей Голуб», «Царев Король»;

— старонкі ў Facebook «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Ліда», «Dzimitriy Pimenau», «Руслан Хазин», «Andrei Sannikov», «Илья Турков», «Aleh Baradzin», «Алена Лагавая», «Александр Кнырович», «BELARUS POST USSR & WORLD», «БНР 106 Дзень Волi 2024», «Tatsiana Koktysh», «Размова дня»;

— старонкі ў Threads «volyapavuk», «Buben Alexander», «liberecophr», «Dzmitryj Spirydau», «adrenalintit», «andruwkevi4»;

— TikTok-старонкі «Lukashenko_Pogoda», «vovaboiko127», «Natalia», «Adidas_2», «tolko_news», «АВАНТЮРИСТ.ВY», «Новости Витебска и области», «Antipol», «НОВОСТИ ТРЕТИЙ РЕГИОН».

У палітзняволенай Вольгі Маёравай пагаршаецца зрок у калоніі

Паводле інфармацыі «Свабоды», стан здароўя палітзняволенай Вольгі Маёравай рэзка пагоршыўся.

«Яна ў вельмі дрэнным стане… ужо амаль не бачыць… ёй пагражаюць, і яна ўсур’ёз непакоіцца за сваё жыццё», — распавяла былая зняволеная, якая бачылася з ёй.

Вольгу асудзілі па «справе Аўтуховіча» на 20 гадоў калоніі. У 2024 годзе ёй дадалі яшчэ 1 год і 6 месяцаў паводле арт. 411 КК.

Мінінфарм прыпыніў ліцэнзію выдавецтва «Тэхналогія»

У лютым у выдавецтва «Тэхналогія» прыйшлі сілавікі, адбыліся затрыманні, пасля чаго яно спыніла працу.

Цяпер Мінінфарм прыпыніў яго ліцэнзію.

Гэта адбываецца на фоне новай хвалі ціску на культурную сферу, у тым ліку ў межах «справы кнігавыдаўцоў». Раней быў затрыманы 75-гадовы галоўны рэдактар Зміцер Санько.

Інжынера з «Мінскэнэрга» перавялі на турэмны рэжым

Палітзняволенага Артура Пядзько перавялі на турэмны рэжым на 3 гады.

Ён быў затрыманы ў 2022 годзе і ў 2024-м асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў перадачы даных супрацоўнікаў тэлеграм-каналам.

Акрамя таго, мужчына мусіць выплаціць больш за 100 тысяч долараў, піша dissidentBY.

Цяпер ён утрымліваецца ў Магілёве (СТ-4). Ён таксама ўнесены ў «спіс экстрэмістаў» і «спіс тэрарыстаў», што абмяжоўвае магчымасць атрымліваць перадачы і грошы.

Паводле наяўных даных, як мінімум 58 палітвязняў знаходзяцца ў турэмным рэжыме.

Беларускамоўнага інжынера асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

29-гадовага Аляксандра Повада, родам з Хойнікаў, асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК, піша «Наша Ніва».

Ён скончыў энергетычны каледж і інстытут імя Сахарава, працаваў у сферы радыяцыйных тэхналогій і праграмавання.

Займаўся аналізам даных і машынным навучаннем, удзельнічаў у open-source праектах.

Яму, імаверна, прызначылі «хатнюю хімію».

У Савеце Рэспублікі ўхвалілі папраўкі ў КаАП з новымі абмежаваннямі

Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект аб зменах у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У ім:

— 9 новых артыкулаў;

— 43 новыя склады правапарушэнняў;

— 73 змены ў існуючыя нормы.

Сярод новаўвядзенняў адказнасць за:

— «прапаганду гомасексуальнасці, змены полу і бяздзетнасці»;

— «незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне».

Пры гэтым у законе няма дакладнага вызначэння «прапаганды», што дазваляе шырокае тлумачэнне.

У беларускіх умовах гэта можа азначаць адказнасць нават за выказванні ў асабістай перапісцы або закрытых чатах. Калі такую інфармацыю ўбачыць непаўналетні, пакаранне ўзмацняецца.

Пад дзеянне закона могуць трапіць у тым ліку:

— дэманстрацыя вясёлкавай сімволікі;

— адкрытыя заявы пра сваю арыентацыю;

— выказванні пра нежаданне мець дзяцей.

Гэта можа прывесці да далейшага ўзмацнення ціску на ЛГБТК+ супольнасць.