«Экстрэмісцкім» прызналі сайт BBC. Хронікі рэпрэсій 30 сакавіка

 У Беларусі прызналі «экстрэмісцкім» сайт BBC, працягваюць папаўняць спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», пагражаюць журналістам крымінальным пераследам за мяжой і анулююць пашпарты былых палітвязняў. Таксама стала вядома пра новыя прысуды, штрафы і адмену культурных падзей.

1_1097_1.png

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» матэрыялы сайта BBC — незразумела, у якім аб’ёме

Суд Ленінскага раёна Магілёва 25 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі «інтэрнэт-сайт з назвай “BBC NEWS РУСКАЯ СЛУЖБА” з ідэнтыфікатарам www.bbc.com».

Пры гэтым «Руская служба BBC» знаходзіцца па адрасе bbc.com/russian. Таму з фармулёўкі суда незразумела, ці ідзе гаворка толькі пра гэты раздзел, ці пра ўвесь сайт BBC.

За дзень да гэтага той жа суд прызнаў «экстрэмісцкім» сайт novayagazeta.eu (выданне «Новая газета Европа»).

Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Филфот | Библиотека», «VATERLAND», «Супер Мова», «Не Беглый», «Ewige Wahrheit», «Филфот | Искусство», «Weibes Vaterland», «Чат 4.0», «Филфот»;
  • старонкі ў Instagram «nasta.bazar», «pink_scarves», «releasenow_by», «yuliya_warszawa», «let_nasta_be», «ruparbdmu», «ranica_show»;
  • YouTube-канал «Вечаровы Кефір»;
  • сайты «belarusabroad.org», «belinstitute.com»;
  • сайт і старонкі ў сацсетках праекта «Kamarouka»;
  • старонка ў Threads «liauchuk_al»;
  • старонкі ў Facebook «Belarusian in Las Vegas», «БХД | Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», «БЕЛАРУСКІ ФРОНТ. АБАРОНА КУРАПАТАЎ», «Talaka - Venner af Belarus i Danmark», «Площадь Перемен. Минск», «Dzmitry Pimenau»;
  • старонкі ў TikTok «Вечаровы Кефір», «vitali.kmit».

Улады анулююць пашпарты былых палітвязняў пасля дэпартацыі

Як расказаў @euroradio адзін з былых палітвязняў, ён выявіў, што яго пашпарт больш не валідны, калі праверыў статус на сайце МУС.

З падобнай сітуацыяй сутыкнуліся і іншыя людзі, вызваленыя і высланыя з Беларусі. Пакуль гэта не закранае тых, каго вызвалілі ўжо ў 2026 годзе.

Наступствы такіх рашэнняў пакуль не да канца зразумелыя. Імаверна, праблемы могуць узнікнуць пры перасячэнні межаў па-за Еўрасаюзам, але рызыкі магчымыя і ў іншых сітуацыях.

Дзяржпрапаганда пагражае журналістам трансмежным пераследам за 25 сакавіка

Пагрозы прагучалі ў праграме Рамана Пратасевіча, прысвечанай святкаванням Дня Волі ў Вільні і паказанай 27 сакавіка на тэлеканале СТБ.

У эфіры называлі імёны людзей, якіх нібыта «апазналі» на акцыі. Сярод іх — заснавальнік праекта orsha.eu Ігар Казмярчак і журналіст Захар Шчарбакоў, былы супрацоўнік БелаПАН. Пра гэта піша БАЖ.

Вядоўца праграмы «Без прикрытия» заявіў, што ўдзельнікам варта «дрыжэць і баяцца», бо ім пагражаюць крымінальныя справы, завочныя суды і канфіскацыя маёмасці.

Гэта фактычна паўтарэнне заяў Следчага камітэта ад 23 сакавіка, калі святкаванне назвалі «правакацыйным мерапрыемствам».

Ігар Казмярчак адзначыў, што пагрозы не паўплываюць на яго жыццё:

«Так што для мяне гэтыя пагрозы — проста страсенне паветра».

Ён жыве ў эміграцыі з 2021 года, знаходзіцца ў вышуку, а на яго маёмасць у Беларусі накладзены арышт. У 2024 годзе супраць яго распачалі спецвытворчасць паводле некалькіх артыкулаў, у тым ліку за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «абразу прэзідэнта».

Захар Шчарбакоў таксама пакінуў Беларусь пасля пераследу. У 2021 годзе ў яго прайшоў ператрус, яго дапытвалі ў Следчым камітэце, а раней затрымлівалі падчас асвятлення выбарчай кампаніі 2020 года.

У Беларусі адмянілі ўжо чацвёрты музычны фестываль

Стала вядома пра адмену open-air фестывалю Festiwow.

«Мы да апошняга верылі, што атрымаем дазвол…»

Раней паведамлялася пра адмену фестываляў «Сонцастаянне», Wostrau і Lidbeer.

У Беларусі +6 новых палітвязняў

Праваабаронцы 30 сакавіка прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ шэсць чалавек. Гэта Аляксандр Кармановіч, Дзмітрый Каліноўскі, Арцём Бацішчаў, Жанна Аўрамчык, Аляксандр Піўчук, Аксана Вальковіч.

Яны пазбаўлены волі за абразу А. Лукашэнкі і іншыя формы мірнай рэалізацыі свабоды меркаванняў.

У Гомелі за «Гуканне вясны» пакаралі нават міліцыянта

Стала вядома, што за ўдзел у абрадзе «Гуканне вясны» пакаралі і супрацоўніка міліцыі — участковага інспектара Віктара Шыпкова. Пра гэта паведамляе Гомельская Вясна. Раней ён атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды, у тым ліку прэмію «За духоўнае адраджэнне». Цяпер на яго склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

Паведамляецца, што Шыпкоў шмат гадоў займаецца фальклорам і краязнаўствам, удзельнічаў у мерапрыемствах, прысвечаных беларускай традыцыйнай культуры. Акрамя таго, Віктар — шматдзетны бацька. 

У аблвыканкаме назвалі правядзенне абраду «несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам» і падставай для прыцягнення да адказнасці.

Па палітычнай справе асудзілі жыхара Гомеля

52-гадовага жыхара Гомеля Рамана Дзямідава ў мясцовым абласным судзе асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), піша «Гомельская Вясна»

Верагодна, яму прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі ці і абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

Больш дакладны прысуд праваабаронцы высвятляюць.

Замежных студэнтаў у Магілёве запалохваюць смяротным пакараннем

У БДУТ студэнтаў з Таджыкістана сабралі на «прафілактычны» круглы стол «Экстрэмізм — грані разумнасці», піша @MAYDAYMog.

Ім тлумачылі, што за «тэрарызм» у Беларусі можа пагражаць у тым ліку смяротнае пакаранне.

Пры гэтым адзначаецца, што студэнтаў з Узбекістана значна больш, але яны не трапляюць у «групу рызыкі».

Мерапрыемства супала па часе з прысудам у Расіі па справе аб тэракце ў «Крокус Сіці Хол».