Затрыманні за «Гуканне вясны» і распродаж маёмасці праваабаронцы — хронікі рэпрэсій 27 сакавіка
У Гомелі сілавікі затрымалі ўдзельнікаў свята «Гуканне вясны», якое праходзіла ў прыватным двары рэстарана. Тым часам улады збіраюцца прадаць кватэру праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, а МУС зноў папоўніла «спіс экстрэмістаў». Таксама паведамляецца пра новыя палітычныя прысуды.

У Гомелі затрымалі людзей на святкаванні «Гукання вясны» ў рэстаране
21 сакавіка ў цэнтры Гомеля сілавікі затрымалі групу людзей, якія знаходзіліся ў рэстаране. Як паведамляе «Гомельская вясна», там адзначалі традыцыйнае свята «Гуканне вясны».
У абрадзе ўдзельнічалі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку дзеці. Усё адбывалася ў закрытым двары — не на плошчы і не на вуліцы, падкрэсліваюць праваабаронцы.
Падрабязнасцяў пакуль няма. Аднак, як высветліў «Флагшток», гаворка можа ісці пра рэстаран «Спадчына» на вуліцы Савецкай, 1 (будынак «Палесдруку») каля плошчы Леніна.
Гэта новы рэстаран, адкрыты летась. Там не толькі падаюць стравы беларускай кухні, але і праводзяць лекцыі-дэгустацыі, майстар-класы «Танцы ля печы» і святкаванні, як, напрыклад, «Калядкі».
Такім чынам, месца было нефармальным цэнтрам традыцыйнай беларускай культуры.
У мерапрыемствах удзельнічаў нават супрацоўнік міліцыі — старшы ўчастковы інспектар Гомельскага РАУС маёр Віктар Шыпкоў. Сёлета ён атрымаў прэмію Лукашэнкі «За духоўнае адраджэнне» — за «захаванне народных традыцый і этнаграфічныя даследаванні».
Чаму ўдзельнікі культурнага мерапрыемства трапілі пад затрыманні — пакуль невядома. Палітычнага кантэксту на свяце не было.
Ці вызвалілі затрыманых — таксама пакуль не паведамляецца.
Улады прадаюць кватэру праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча
Працягваецца пераслед гродзенскага праваабаронцы і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча.
Аддзел прымусовага выканання Ленінскага раёна Гродна правёў ацэнку яго кватэры і плануе выставіць яе на продаж, каб спагнаць штраф па крымінальнай справе, піша «Гарадзенская Праваабарона».
Раней улады ўжо спрабавалі прадаць з аўкцыёну яго лецішча ў Мастоўскім раёне, але 19 сакавіка гэта не атрымалася.
Яшчэ раней канфіскавалі і прадалі бытавую тэхніку сям’і — халадзільнік, тэлевізар і пральную машыну.
19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд завочна прысудзіў Хільмановічу 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 40 тысяч рублёў.
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 24 чалавекі
27 сакавіка МУС абнавіла «спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У яго ўключылі яшчэ 24 прозвішчы.
Цяпер у спісе 6448 чалавек.
Сярод іх — прадстаўнікі палка Каліноўскага і Аб’яднанага пераходнага кабінета: Вадзім Кабанчук, Павел Шурмей, Аляксей Кавальчук, Аляксей Назараў і Дзяніс Прохараў.
19-гадовага віцябляніна, верагодна, асудзілі па справе «Гаюна»
У чарговым абнаўленні «спіса экстрэмістаў» з’явілася імя 19-гадовага Данііла Сачыўкі, паведамляе Витебск, я гуляю!
З дзяцінства ён займаўся хакеем і быў брамнікам ХК «Віцебск». Аднак пасля 2018 года яго імя ў турнірах ужо не згадваецца.
Маладому чалавеку інкрымінуюць ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Гэты артыкул цяпер часта выкарыстоўваецца ў справах, звязаных з «Беларускім Гаюном».
У дакуменце пазначана, што яго «судзімасць не пагашаная».
Былы топ-менеджар ProStore і IT-кампаніі атрымаў 3 гады калоніі
35-гадовага Іллю Дзіндзікава асудзілі паводле палітычнага артыкула.
Ён працаваў на кіроўных пасадах у шэрагу вядомых кампаній — ад МТБанка да гіпермаркетаў ProStore і IT-кампаніі Softvoya.
Дзіндзікаў займаўся маркетынгам, кіраваў праектамі і развіваў кліенцкія сэрвісы. Апошнім месцам працы была кампанія Softvoya, дзе ён адказваў за напрамак Customer Success.
У 2024 годзе мужчыну затрымалі і змясцілі ў СІЗА, піша «Наша Ніва».
Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Яму прызначылі 3 гады калоніі.