У Беларусі +9 палітвязняў і новае «экстрэмісцкае фармаванне». Хронікі рэпрэсій 25 сакавіка
У Беларусі прызналі новае «экстрэмісцкае фармаванне», з’явіліся новыя палітвязні, а зняволеныя застаюцца ў цяжкіх умовах. Распавядаем пра асноўныя выпадкі палітычнага пераследу за апошнія дні.

Анлайн-хаб «Нацыя лідараў» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»
Адпаведнае рашэнне КДБ прыняў 20 сакавіка.
Паводле ведамства, дачыненне да «Нацыі лідараў» маюць Васіліса Дзегцярэнка, Дзмітрый Савелаў, Ірына Базылевіч і Андрэй Янушкевіч.
На сайце анлайн-хабу пазначана, што ініцыятыва «распрацоўвае і падтрымлівае адукацыйныя і даследчыя праекты, накіраваныя на развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі. Мы дапамагаем беларусам працягваць развіццё ў актуальных для іх сферах, павышаць узровень ведаў і навыкаў, неабходных для пабудовы свайго жыцця і сваёй дзяржавы».
«Кароткі шпацыр, хлёрка, холад». Эдуард Пальчыс — пра ўмовы ўтрымання Андрэя Пачобута
Пра гэта ён напісаў у «Х»:
«Андрэй сядзеў у суседняй камеры ПКТ увосень 2025-га, ужо як два гады. Кароткі шпацыр, хлёрка, холад. Але трымаецца — і трымаецца неверагодна крута. Герой, які свядома ахвяруе сабой».
Журналіста Андрэя Пачобута затрымалі пяць гадоў таму.
8 лютага 2023 года яго асудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Яго абвінавацілі ў «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» і «распальванні варожасці».
У аснову абвінавачання паклалі, у тым ліку, ягоныя публікацыі, дзе ён называў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе, выступаў у абарону польскай меншасці ў Беларусі і пісаў пра падзеі 2020 года.
Пачобут мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. Яго рэгулярна змяшчаюць у карцар або ПКТ. Журналіст не атрымлівае ні рэчавых, ні харчовых перадач.
Палітзняволеная Жанна Аўрамчык знаходзіцца ў цяжкім стане
Пра гэта паведамляе @dissidentBY.
У жанчыны дзве анеўрызмы мозгу, з-за чаго здараюцца прыступы, і яна вымушаная прымаць цяжкія лекі.
Падчас следства яна знаходзілася пад хатнім арыштам, але ў 2024 годзе, падчас абвяшчэння прысуду, яе ўзялі пад варту ў зале суда.
Раней муж Жанны, шахцёр з Салігорска, памёр ад анкалогіі. Яна асвятляла гэтую гісторыю ў медыя, заяўляючы пра недастатковую рэакцыю медыкаў.
Паводле інфармацыі іншых зняволеных, Жанна дагэтуль знаходзіцца ў цяжкім фізічным і псіхалагічным стане.
Яе дакладны прысуд невядомы, але вядома, што яе судзілі двойчы па крымінальных артыкулах.
У Беларусі +9 новых палітвязняў
Сярод іх:
Віталь Каледа — асуджаны паводле шэрагу артыкулаў (у тым ліку 130, 368, 369, 361, 361-1 КК) за абразы, «распальванне варожасці» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання».
Барыс Крыцкі — асуджаны па арт. 361-4 і 130 КК за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Анжэлу Агарок і Ірыну Якаўлеву асудзілі да 8 гадоў і 6 месяцаў, Вікторыю Грынько — да 9 гадоў, Вольгу Вараб’ёву — да 8 гадоў і 3 месяцаў за ўдзел у пратэснай ініцыятыве.
Уладзімір Захараў асуджаны па артыкулах аб ухіленні ад падаткаў і «дыскрэдытацыі Беларусі».
Вольгу Харламаву ўзялі пад варту па абвінавачанні ў «здрадзе дзяржаве».
Уладзіслаў Вакульчык застаецца ў зняволенні пасля заканчэння тэрміну — праз дадатковыя прысуды па арт. 411 КК.
Трактарыста з Чавускага раёна асудзілі за «абразу» і «паклёп» на Лукашэнку
Паводле абвінавачання, мужчына ў «Аднакласніках» зрабіў рэпост чатырох фотаздымкаў з Лукашэнкам і пакінуў каментары — два з іх прызналі абразлівымі, яшчэ два — паклёпніцкімі.
Яму прызначылі 3 гады «хіміі».
Пракуратура знайшла ў продажы «экстрэмісцкую» кнігу
Пракуратура Маскоўскага раёна Мінска выявіла ў інтэрнэт-краме кнігу Алега Усачова «Хто, як і навошта забіў Вільгельма Кубэ», раней прызнаную «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Пасля гэтага яе прыбралі з продажу.