Палітвязень Сцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў скончыць жыццё. Хронікі рэпрэсій 26 сакавіка

У Беларусі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі: палітвязні паведамляюць пра цяжкія ўмовы ўтрымання, выносяцца новыя прысуды, а праваабаронцы прызнаюць новых палітвязняў. Сабралі галоўнае пра палітычны пераслед у Беларусі за апошнія дні.

1_1097_1.png

Палітвязень Сцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд

Як стала вядома праваабаронцам, у ліпені 2025 года палітзняволенага жыхара «Плошчы Перамен» Сцяпана Латыпава перавялі з магілёўскай турмы № 4 у ПК № 22 «Воўчыя норы», дзе адразу змясцілі ў ШІЗА, а затым — у ПКТ. Там Сцяпан парэзаў сабе вены — і там жа яго зашывалі.

У ПКТ палітвязень утрымліваўся ў дрэнных умовах: у камеры не было нават разеткі, кіпень давалі двойчы на дзень. Прыкладна ў верасні 2025 года Сцяпана зноў перавялі ў турму.

Сам ён, паводле звестак праваабаронцаў, казаў, што не бачыць сэнсу жыцьця і не вытрымае яшчэ аднаго тэрміну ў турэмным рэжыме.

З СІЗА КДБ вызвалілі частку фігурантаў «справы кнігароў»

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Алесь Яўдаха і Вацлаў Багдановіч знаходзяцца на волі. За кратамі працягваюць заставацца Зміцер Колас і дачка Вацлава — Вікторыя Багдановіч.

Нагадаем, што 3 сакавіка «экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі «кааліцыю друкаваных выдавецтваў “Фонд Kamunikat.org”, “Lohvinau Publishing House”, “Andrei Yanushkevich Publishing”». Адпаведнае рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Паводле ведамства, да «кааліцыі» мелі дачыненне, сярод іншых, Яўдаха, Багдановіч і Колас.

У Беларусі +12 новых палітвязняў

Праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 12 чалавек: Алену Сафронаву, Вольгу Буланаву, Дзмітрыя Кавалёва, Віталя Цішчанку, Арцёма Шманоўскага, Яўгена Скарахода, Віктара Антушэвіча, Сяргея Рабцава, Аляксандра Манвеляна, Сяргея Кузняцова, Эдуарда Мігуна, Мацвея Баранава.

Яны былі ўзятыя пад варту і асуджаныя да пазбаўлення волі ў сувязі з абвінавачваннямі, звязанымі з «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

78 чалавек прызналі былымі палітвязнямі

Праваабарончая супольнасць Беларусі прыняла заяву з патрабаваннем поўнай рэабілітацыі 78 чалавек, пазбаўленых волі за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў.

Па розных прычынах гэтыя людзі не мелі статусу палітвязняў падчас зняволення, але цяпер праваабаронцы надаюць ім статус «былых палітвязняў».

Заснавальніка сэрвісаў арэнды жытла асудзілі па палітычнай справе

Сяргей Рабцаў шмат гадоў развіваў беларускія сэрвісы пошуку кватэр на суткі — kdv.by («Кватэры для вас») і tutkut.by — і ствараў ІТ-рашэнні для аўтаматызацыі бізнэсу арэндадаўцаў.

Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ён эмацыйна выказваўся ў сацсетках: «Заставайцеся ўсе жывымі! Гэтая вайна нікому не патрэбная. Ні РБ, ні РФ, ні Украіне. Гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. Калі ў цябе трое дзяцей і яны адзін аднаго забіваюць? Гора агульнае».

У Сяргея ёсць сям’я і двое дзяцей-падлеткаў. Яго затрымалі ў другой палове 2025 года.

Рабцава асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Цяпер ён, імаверна, знаходзіцца ў зняволенні — у калоніі ці на «хіміі» з накіраваннем. У сацсетках ён не з’яўляўся анлайн, піша «Наша Ніва».

У наваполацкай калоніі ўзмацнілі правілы перадач

У папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку ўзмацнілі правілы праверкі перадач і захавання прадуктаў.

Паводле інфармацыі MAYDAYMog, перасталі прымаць нават касметычныя крэмы «Беліта» і «Вітэкс», калі ў складзе пазначана слова «алкаголь».

Цяпер сваякам забаронена вакууміраваць прадукты самастойна: усё прымаецца толькі ў заводскай упакоўцы з пазначанымі складам і тэрмінам прыдатнасці. Кантралёры ўважліва правяраюць надпісы.

Гэта датычыцца і салодкага: цукеркі, печыва, вафлі нельга распакоўваць. Нават сала прымаецца толькі цэлым кавалкам — пажадана з чэкам і датай пакупкі.

Пасля прыёму перадачы кантралёры ўсё роўна адкрываюць упакоўкі і разразаюць прадукты, праз што тэрмін іх захавання скарачаецца да некалькіх дзён.

Новыя правілы загадзя не абвяшчаліся, таму частку перадач, якія не адпавядалі патрабаванням, сваякам давялося забраць назад.