Беларусь — у ліку найменш свабодных краін свету. Хронікі рэпрэсій 1 красавіка
Беларусь атрымала ўсяго 7 балаў са 100 у рэйтынгу Freedom House, улады пагражаюць крымінальнай справай фонду дапамогі дзецям і працягваюць палітычныя прысуды. Таксама пашыраюцца «тэрарыстычныя спісы» і становіцца вядома пра новыя справы.

Беларусь — сярод найменш свабодных краін свету паводле Freedom House
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала агляд узроўню свабоды ў свеце за 2025 год. Беларусь атрымала ўсяго 7 балаў са 100 магчымых і апынулася сярод краін з найгоршымі паказчыкамі.
Падрабязную інфармацыю пра Беларусь можна паглядзець тут.
У аглядзе адзначаецца:
«Беларусь — аўтарытарная дзяржава, у якой выбары адкрыта фальсіфікуюцца, а грамадзянскія свабоды істотна абмежаваныя. Сілавікі жорстка збіваюць і адвольна затрымліваюць журналістаў, актывістаў і звычайных грамадзян. Судовая сістэма і іншыя інстытуты не валодаюць незалежнасцю і не стрымліваюць уладу Аляксандра Лукашэнкі».

Фонду «КіндэрВіта» пагражае крымінальная справа
Закрытаму ўладамі фонду дапамогі анкалагічна хворым дзецям «КіндэрВіта» можа пагражаць крымінальная справа.
Пра гэта ў эфіры АНТ паведаміў намеснік начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Юрый Кардымон, піша Люстэрка. Паводле сцвярджэнняў прапагандыстаў, частка сабраных сродкаў нібыта выкарыстоўвалася не на лячэнне дзяцей, а на асабістыя патрэбы супрацоўнікаў — у тым ліку на застоллі, алкаголь і забаўляльныя мерапрыемствы.
Частку супрацоўнікаў і валанцёраў фонду таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 года.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ аднаго беларуса
КДБ абнавіў «спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
У ім з’явілася прозвішча 19-гадовага Дзяніса Дзенісенкі, якога завочна асудзілі на 4 гады калоніі паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1427 чалавек, з іх 680 — беларусы.
Жыхара Бабруйска асудзілі па чатырох палітычных артыкулах
46-гадовы Кірыл Сарокін з Бабруйска асуджаны паводле шэрагу палітычных артыкулаў, піша «Наша Ніва».
Ён скончыў школу №20, вучыўся ў механіка-тэхналагічным тэхнікуме, працаваў тэхнікам. Мае жонку і дваіх дзяцей. У вольны час пісаў вершы і прозу, вёў блог і публікаваўся на інтэрнэт-пляцоўках.
Яго прызналі вінаватым у:
— «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК);
— «паклёпе на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК);
— «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК);
— «садзейнічанні экстрэмізму» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).
Прысуд — пазбаўленне волі або «хімія» з накіраваннем (дакладна невядома).
Кіраўніку брэнду Belaruskicry прызначылі 4 гады «хіміі»
Аднаму з кіраўнікоў ювелірнага брэнду Belaruskicry прызначылі чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Верагодна, гаворка ідзе пра дырэктара па вытворчасці Ягора Бужылава.
Яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («стварэнне экстрэмісцкага фармавання»).
Паводле версіі следства, мужчына «прытрымліваўся радыкальных антыдзяржаўных поглядаў» і вырабляў прадукцыю з «дэструктыўнай сімволікай».
Па «справе дваровых чатаў» асудзілі найменей 50 чалавек
КДБ прызнаў ініцыятыву «Ордэн», якая аб’ядноўвала шэраг дваровых чатаў, «экстрэмісцкім фармаваннем» яшчэ ў кастрычніку 2024 года.
19 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд па гэтай справе — асудзілі восем жанчын.
Іх абвінавацілі паводле арт. 357 КК («змова з мэтай захопу ўлады»).
Паводле праваабаронцаў:
— агулам асуджаныя найменей 50 чалавек;
— 39 з іх — жанчыны;
— 46 палітвязням прызначылі ад 2 да 10 гадоў калоніі;
— 26 чалавек памілавалі;
— за кратамі застаецца найменей 21 чалавек.
Супрацоўніцу ўніверсітэта культуры асудзілі па палітычнай справе
57-гадовую Наталлю Дзядзюлю асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе, піша «Наша Ніва».
Яна скончыла гістфак БДУ і доўгі час працавала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
Жанчыну прызналі вінаватай паводле:
— ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці);
— ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Ёй прызначылі «хатнюю хімію», дакладны тэрмін невядомы.