Код продкаў. Як прозвішча губляе і вяртае сваіх
Прозвішча здаецца самай надзейнай часткай сямейнай гісторыі. Але варта пачаць разбірацца ў архіўных дакументах — і высвятляецца, што адзін род можа мець некалькі прозвішчаў, а адна выпадковая памылка пісара здольная змяніць сямейную гісторыю на стагоддзі. На прыкладзе ўласнай сям’і даследчык паказвае, як беларускія прозвішчы хавалі страх, моўныя змены, уладу і памяць пра продкаў.

Новы Двор. У ніжнім шэрагу трэці злева — Мачальскі Іван Міхайлавіч. Фота з сямейнага архіву аўтара
Досыць уважліва паглядзець на гісторыю аднаго роду, каб зразумець: прозвішча можа не толькі захоўваць памяць, але і мяняцца пад ціскам часу, улады і чалавечага страху. Калі пачынаеш уважліва разбіраць гісторыю ўласнай сям’і, вельмі хутка высвятляецца: за адным прозвішчам часта цягнецца доўгая гісторыя зменаў, памылак і нават свядомых падменаў.
Глядзіце таксама

Схаваць, каб выжыць
У 1943 годзе, калі ў Новым Двары пад Менскам нямецкая адміністрацыя праводзіла перапіс насельніцтва, у адной з графаў трэба было пазначыць дзявочае прозвішча маці. Калі чарга дайшла да сям’і Мачальскіх, родныя свядома схлусілі. Замест сапраўднага прозвішча прапрапрабабулі Караліны — Калантай — яны назвалі іншае: Навумчык.
Як потым тлумачылі сваякі, страх быў вельмі просты: яны баяліся, што «няправільнае» прозвішча можа выклікаць у немцаў падазрэнне і абярнуцца бядой для ўсёй сям’і. Прычына таксама была простая — такое ж прозвішча насіла вядомая тады камуністычная міністарка і дыпламатка.

Калантай Сцяпан Адамавіч, 1916 год. Фота з сямейнага архіву аўтара
Пазней высветлілася, што гэты страх, хутчэй за ўсё, быў лішнім. Сваякі ўжо дрэнна памяталі, адкуль менавіта паходзіла Караліна, хаця яе роднае асяроддзе знаходзілася якраз па другі бок Менску — там, дзе і было родавае гняздо Калантаяў. Але ў 1943-м важнай была не генеалогія. Важна было выжыць.

Мачальская (Калантай) Ганна Пятроўна, дачка Караліны. Фота з сямейнага архіву аўтара
Мы звыклі ўспрымаць прозвішча як нешта стабільнае. Яно стаіць у пашпарце, у школьным спісе, на помніку, у базе даных. Здаецца, што гэта і ёсць самая надзейная частка сямейнай гісторыі. Вось яно, перадаецца з пакалення ў пакаленне, і праз яго можна выйсці на сваіх продкаў. Але чым больш углядаешся ў гісторыю беларускіх сем’яў, тым выразней становіцца: прозвішча рэдка бывае такой простай і надзейнай рэччу.
Доўгі час здавалася, што пытанне пра прозвішча — гэта перадусім пытанне пра значэнне слова. Адкуль яно пайшло? Што азначае? Якой мовы ягоны корань? Але на практыцы ўсё аказваецца значна складаней.

Мачальскі Іван Міхайлавіч і Мачальская (Калантай) Ганна Пятроўна. Фота з сямейнага архіву аўтара
Два прозвішчы аднаго роду
Адна з самых нечаканых гісторый адкрылася з прозвішчам Мачальскі. Продкі з гэтым прозвішчам вядомыя ля Менску прынамсі з канца XVII стагоддзя — спачатку ў Замасточчы. У добра захаваных царкоўных метрыках яны стабільна ідуць як Мачальскія. Здавалася б, вось яно — прозвішча, з якім можна спакойна працаваць далей. Але ў іншых дакументах, напрыклад у інвентарах маёнткаў, а потым і ў рэвізскіх казках, падобная сям’я зноў і зноў сустракаецца ўжо пад іншай назвай — Церабень.

Мачальскі Міхал Іванавіч. Картка з канцлагеру. Фота з сямейнага архіву аўтара
І толькі пазней стала відавочна, што гаворка ідзе пра адзін і той жа род. Падобнае, дарэчы, датычылася не толькі гэтай сям’і, але і іншых родаў з навакольных вёсак. Для беларускай вясковай прасторы мінулых стагоддзяў гэта, выглядае, было звычайнай рэччу: адзін род мог жыць адразу ў двух ці нават больш варыянтах — у больш афіцыйным, «царкоўным», і ў больш побытавым, мясцовым.

Церабень-Мачальскі Стэфан. Фота з сямейнага архіву аўтара
Пазней гэтыя формы нават пачалі сыходзіцца. У другой палове XIX стагоддзя прозвішча ўжо часам пісалі праз злучок — Церабень-Мачальскі або Мачальскі-Церабень. А ў пачатку ХХ стагоддзя ў дакументах зноў сустракаюцца асобна і Мачальскі, і Церабень. Для даследчыка гэта амаль пастка: калі нашчадак застанецца толькі з адной формай, ён можа так ніколі і не здагадацца, што другая — гэта тая ж самая сям’я, толькі ў іншым гістарычным выглядзе.

Перапіска, датычная пошукаў сына Івана Мачальскага пасля ІІ СВ. Фота з сямейнага архіву аўтара
І тут, магчыма, хаваецца адна з галоўных асаблівасцяў нашай гісторыі прозвішчаў. Яны доўга існавалі як рухомая сістэма, дзе афіцыйнае імя, мянушка і назва роду маглі жыць паралельна.
Само слова Церабень таксама гаворыць шмат. Яно звязана з расцяробленым пад ворыва месцам, карчаваннем, засваеннем зямлі. Мянушка Церабень — гэта, па сутнасці, расцяроб-карчавальнік. І тут прозвішча або родавая мянушка ўжо расказваюць не пра абстрактнае паходжанне, а пра лад жыцця продкаў, іхную працу і пейзаж, у якім яны жылі. Часам такая мянушка захоўвае ў сабе больш жывой гісторыі, чым афіцыйны запіс у метрычнай кнізе.

Мачальская Вера Іванаўна. Фота з сямейнага архіву аўтара
Калі род не пазнае сам сябе
Не менш паказальнай аказалася і гісторыя прозвішча Хадзінскі. За стагоддзі яно перажыло столькі формаў, што пры хуткім поглядзе іх лёгка прыняць за розныя роды. Пачынаючы ад першага дакументальна зафіксаванага Chądzyński, у запісах XVII–XXI стагоддзяў можна сустрэць таксама Chądzinski, Chadinski, Хадынскі, Хондзінскі і яшчэ з два дзясяткі варыяцый.
Як у розныя гады змянялася напісанне прозвішча Хадзінскіх. Фота з сямейнага архіву аўтара.
А напрыканцы XIX стагоддзя здарылася і зусім характэрная гісторыя: нейкі пісар, чытаючы прозвішча, запісанае па-расейску як «Ходзинский», прачытаў яго па-свойму і ўнёс у новыя дакументы ўжо як «Ходвинский».

Фота з сямейнага архіву аўтара
Гэтая памылка сталася часткай рэальнай гісторыі роду. З такой формай некаторыя сваякі паспелі пайсці на Першую сусветную вайну, вярнуцца да гаспадаркі і пражыць частку жыцця, аж пакуль на помніках іх зноў не запісалі Хадзінскімі. Адна няўдала прачытаная літара фактычна стварыла асобную афіцыйную біяграфію прозвішча.
У іншым выпадку, у судовых дакументах XVII стагоддзя, пісар, пішучы па-польску, на адной старонцы двойчы па-рознаму запісаў прозвішча аднаго і таго ж Хадзінскага.
Для Беларусі гэта вельмі характэрная гісторыя. Прозвішчы доўга існавалі на скрыжаванні некалькіх моўных і пісьмовых традыцый — польскай, беларускай, расейскай, лацінскай і кірылічнай. Адны і тыя ж гукі перадаваліся па-рознаму, насавыя знікалі або спрашчаліся, пісары запісвалі словы так, як чулі або як умелі прачытаць. А людзі з цягам часу пачыналі звыкаць да новай формы, нават калі яна нарадзілася з чыёйсьці выпадковай памылкі. У выніку адна і тая ж сям’я магла пражыць некалькі пакаленняў у прозвішчы, якое ўжо выглядала іншым, хоць заставалася тым жа.
Глядзіце таксама

Я добра памятаю, як хадзіў з дзедам Анатолем Хадзінскім па Навадворскіх могілках. Калі мы спыняліся каля пахаванняў, дзе нашае прозвішча было напісана па-расейску праз іншую літару ўсярэдзіне – з А або О – ён упэўнена казаў: «Тыя не нашыя, проста суседзі». З часам высветлілася, што ён у гэтым цалкам памыляўся. І, мабыць, гэта адна з галоўных пастак у даследаванні прозвішчаў: чалавек бачыць крыху іншую форму і не рызыкуе звязаць яе са сваім родам, хаця перад ім могуць быць ягоныя самыя блізкія сваякі.
Нават адна літара можа паказваць на чужую графіку, чужую адміністрацыю, чужую моўную норму, праз якую ўсё роўна праступае адзін і той жа род.
Дзядуля і бабуля аўтара: Хадзінскі Анатоль Мікалаевіч, Хадзінская Раіса Сямёнаўна. Пасярэдзіне - брат бабулі Мікалай. На другім здымку: Пасведчанне аб нараджэнні Анатоля Хадзінскага. Фота з сямейнага архіву аўтара
Што расказваюць канчаткі
Канчатак прозвішча часта бывае добрай гістарычнай падказкай. Часам ужо адна форма дазваляе хаця б прыблізна зразумець, у які бок варта глядзець, а часам — нават у якое сацыяльнае асяроддзе.
Прозвішчы на -скі і -цкі часта цягнуць нас у заходні і цэнтральны беларускі кантэкст і нярэдка асацыююцца са шляхецкім паходжаннем. Але тут важна не спакушацца простым правілам, бо канчатак на -скі зусім не азначае аўтаматычнага шляхецтва продкаў. З часам такія прозвішчы шырока разышліся і ў мяшчанскім, і ў сялянскім асяроддзі, а таксама ўзнікалі як другаснае перафармаванне старой мянушкі ці назвы.
Формы на -овіч і -евіч добра ўпісваюцца ў беларускую патранімічную традыцыю, дзе само прозвішча нібы захоўвае памяць пра бацьку або продка. У гэтых канчатках адчуваецца старая мадэль, калі імя чалавека працягваецца ў наступнае пакаленне.
Яшчэ выразней геаграфія праступае ў іншых канчатках: прозвішчы на -ук, -юк, -чук асабліва прыкметныя на захадзе Берасцейшчыны. Формы на -енка былі асабліва распаўсюджаныя ў Палессі, дзе беларуская традыцыя стагоддзямі судакраналася з украінскай. Інакш кажучы, прозвішча часам сапраўды працуе як старая мапа, яно не дае дакладнага адрасу, але падказвае кірунак, у якім трэба шукаць.
І ўсё ж тут важна не ператварыць такую падказку ў гатовы прысуд для сваіх прадзедаў. Прозвішча не дае дакладнага адказу ні пра геаграфію, ні пра паходжанне. Шляхецкія і сялянскія прозвішчы часам выглядаюць амаль аднолькава, а часам — наадварот. Ёсць формы, якія цяжка ўявіць у старых спісах шляхты Вялікага Княства Літоўскага.
Тое, што сёння гучыць «простым», не абавязкова было толькі сялянскім, а тое, што выглядае «панскім», магло ўжо некалькі пакаленняў жыць у зусім іншым асяроддзі. Таму без дакументаў тут лёгка памыліцца.
У Беларусі прозвішчы захоўваюць у тым ліку і сляды ўлады. У адных выпадках — царкоўнай і канцылярскай, якая іх упарадкоўвала і перапісвала. У другіх — імперскай, якая змяняла мову запісаў. У трэціх — вайсковай і акупацыйнай, калі прозвішча магло стаць прычынай для падазрэння.
Часам прозвішча маўчыць, хлусіць, блытае, заводзіць у тупік. Але нават тады яно не перастае быць гістарычным следам. Бо за кожнай няўдалай літарай, за кожнай падмененай формай, за кожнай мянушкай або памылкай усё роўна стаяць канкрэтныя людзі.
Пра аўтара: Павел Хадзінскі — беларускі журналіст, гісторык і генеолаг з шматгадовым досведам у пошуках архіўных звестак і складання радаводаў. Артыкулы Паўла Хадзінскага ў «Новым Часе».














