Код продкаў. Што можа расказаць ДНК — і чаго яна ніколі не скажа

 ДНК-тэсты абяцаюць хуткія і дакладныя адказы пра паходжанне. Але на практыцы яны часцей адкрываюць новыя пытанні: пацвярджаюць вядомае, вяртаюць страчаных сваякоў і адначасова паказваюць межы таго, што генетыка здольная растлумачыць.

Гімназісткі, 1921 год. Па цэнтры зверху Ванда Сапоцька — бабуля Мацея Падстольскага і васьміюрадная прапрапрабабуля аўтара артыкула. Фота з сямейнага архіву

Першы артыкул цыклу Код продкаў «Што хавала бабуліна легенда»

Калі сямейная памяць па розных прычынах абрываецца, узнікае спакуса задаць пытанне не архіву, а ўласнаму целу. ДНК-тэсты якраз гэта і абяцаюць: хуткі, сучасны і нібыта аб’ектыўны адказ на пытанне, адкуль ты. Для чалавека, які ўжо пэўны час правёў у сямейных дрэвах, метрыках і старых фотаздымках, такая прапанова выглядае асабліва спакусліва. Здаецца, што генетыка нарэшце скажа нешта пэўнае.

Пра аўтара: Павел Хадзінскі — беларускі журналіст, гісторык і генеолаг з шматгадовым досведам у пошуках архіўных звестак і складання радаводаў. Артыкулы Паўла Хадзінскага ў «Новым Часе».

Мяне ў ДНК-пошук прывяла менавіта гэтая надзея. Пасля доўгай працы з архівамі хацелася зразумець, ці можа новы інструмент пацвердзіць ужо знойдзенае, падказаць нешта новае і, магчыма, вывесці на людзей, пра якіх у сям’і даўно ўжо ніхто не чуў. Але яшчэ да таго, як атрымаць першыя вынікі, трэба было разабрацца, што менавіта я шукаю і які тэст для гэтага наогул мае сэнс.

На гэтым этапе ілюзія пра «просты ўваход» хутка знікае. На рынку ёсць некалькі вялікіх кампаній, і кожная прапануе цэлы набор розных тэстаў: па мужчынскай лініі, па жаночай, аўтасомныя — больш вузкія, больш шырокія. Для чалавека звонку ўсё гэта выглядае як суцэльная мешаніна з назваў і маркетынгавых абяцанняў. Але насамрэч гэта розныя інструменты для розных задач. І галоўнае пытанне палягае нават не ў тым, «дзе здаваць», а ў тым, «што менавіта ты хочаш знайсці».

Урэшце я спыніўся на варыянце кампаніі FTDNA Y-DNA37. Гэта тэст па мужчынскай лініі, які дазваляе глядзець на бацькоўскую галіну роду. Пазней абнавіў вынікі, каб атрымаць больш шырокую карціну ўжо праз аўтасомную ДНК. Потым з’явіліся і дадатковыя тэсты для некаторых членаў сям’і ў кампаніі MyHeritage. Усе вынікі я загружаў таксама ў сэрвіс GedMatch, каб пашырыць кола супастаўленняў.

Разам з вынікамі прыйшла і першая вялікая ілюзія: што цяпер усё стане зразумела. Насамрэч, як здагадваецеся, не. У розных базах паступова назбіралася да дзесяці тысяч супадзенняў з іншымі людзьмі. Замест аднаго выразнага адказу пра паходжанне я атрымаў велізарнае поле магчымых сувязяў, чужых прозвішчаў, адсоткаў і новых пытанняў. ДНК адкрыла яшчэ адну, вельмі складаную частку сямейнага пошуку.

Глядзіце таксама

Мапа, якая абяцае занадта шмат

Мапа FTDNA

Мапа FTDNA

Першыя вынікі выглядалі менавіта так, як і абяцае рэклама ДНК-сэрвісаў. Ты бачыш мапу, каляровыя зоны, адсоткі, рэгіёны. У маім выпадку гэта былі «West Slavic», «Baltic», «Greece & Balkans» і іншыя катэгорыі, раскладзеныя па еўрапейскай мапе. На першы погляд усё гэта выглядае як хуткі і наглядны адказ на пытанне «адкуль я». І менавіта таму гэтая частка вынікаў для многіх людзей становіцца галоўнай.

Мапа MyHeritage

Мапа MyHeritage

Тысячы людзей здаюць ДНК-тэсты менавіта дзеля гэтай мапы. У гэтым і ёсць галоўная спакуса такіх сэрвісаў — замест доўгай працы з архівамі яны прапануюць імгненную візуальную гісторыю пра сябе. Але гэтая гісторыя вельмі ўмоўная. Яна залежыць ад базы параўнання, ад алгарытмаў і ад таго, як канкрэтная кампанія сама дзеліць свет на генэтычныя рэгіёны. Таму да вынікаў кшталту «ўва мне 80% вікінгаў» ці «крыху эскімоса» варта ставіцца хутчэй як да маркетынгавай мовы, а не як да навукі.

ftdna__1_.png

І ўсё ж тут ёсць істотны парадокс. Чым больш людзей здае такія тэсты, у тым ліку ў Беларусі, тым большай становіцца агульная база супастаўленняў. А значыць, нават камерцыйны інструмент паступова робіцца больш карысным для рэальнага пошуку сваякоў і сямейных сувязяў. Для мяне самае цікавае пачалося далей.

Калі ДНК пацвярджае тое, што ты ўжо ведаеш

Частка супадзенняў пацвердзіла тое, што ўжо было вядома па дакументах. Мая раней вядомая шасцюродная сястра па родзе Хадзінскіх, Яўгенія Дубаневіч, таксама зрабіла тэст для сваёй маці. Калі мы параўналі вынікі, MyHeritage паказала імаверную сваяцкую сувязь і 0,9% агульнай ДНК. І гэта практычна супала з тым, што мы ўжо ведалі з архіўных крыніц.

Нашым агульным продкам быў Ян Хадзінскі з засценка Ходні ў Вілейскім павеце, які ў 1832 годзе разам з сям’ёй трапіў у Новы Двор пад Менскам і меў некалькі сыноў. Адзін з іх, Якаў, стаў маім непасрэдным продкам, а другі, Тамаш, — продкам Яўгеніі. Тут ДНК не стварыла сенсацыі — хутчэй пацвердзіла, што доўгая архіўная праца і генетычнае супастаўленне сыходзяцца ў адной кропцы.

Нікіфар Хадзінскі — унук Тамаша і прадзед Яўгеніі Дубаневіч. Фота з сямейнага архіву

Нікіфар Хадзінскі — унук Тамаша і прадзед Яўгеніі Дубаневіч. Фота з сямейнага архіву

Калі ДНК вяртае страчаных людзей

Але іншыя выпадкі аказаліся значна больш эмацыйнымі. Адзін з самых моцных адбыўся тады, калі ў базе з’явілася супадзенне з чалавекам, пра якога я не ведаў абсалютна нічога. Вынік Робертаса Ушановаса з Вільні паказаў яшчэ большы ўзровень агульнай ДНК — 1,4%. Але хто гэта, па якой лініі, у якім месцы сыходзяцца нашы роды? Усё гэта спачатку было цалкам незразумелым.

Такія моманты і ёсць, напэўна, самыя хвалюючыя ў ДНК-пошуку. Ты бачыш выразнае супадзенне, разумееш, што за ім стаіць рэальная сямейная сувязь, але не можаш адразу назваць ні імя агульнага продка, ні галіну, па якой гэтая сувязь ідзе.

Тэст у такім выпадку толькі паказвае кірунак. І далей усё зноў пачынаецца амаль па-старому: ліставанне, размовы, параўнанне дрэваў, спроба зразумець, якія імёны, месцы і гісторыі могуць супасці.

У выпадку з Робертасам гэты шлях аказаўся асабліва каштоўным. Паступова высветлілася, што гаворка ідзе пра лінію маёй бабулі Раісы Галіноўскай (па мужу Хадзінскай). Робертас быў траюрадным пляменнікам маёй бабулі — чалавекам, пра існаванне якога я раней не ўяўляў. І для яго мая бабуля — цалкам невядомая постаць. Для мяне ён доўгі час заставаўся адным з імёнаў у спісе супадзенняў. А між тым гэта адна сямейная гісторыя, якая калісьці проста распалася на дзве часткі.

Каб зразумець, як гэта адбылося, давялося вярнуцца да старой сямейнай гісторыі і геаграфіі. Мужам бабулі маёй бабулі Матроны Какашынскай (памятаеце яе з першай часткі нашага праекта?) стаў Фама Казакоў з Лепельшчыны, які працаваў на чыгунцы. У яго быў брат Сідар, пазней у дакументах вядомы як Сямён, і менавіта ён яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя пераехаў у Вільню. Паводле сямейнага аповеду, які пазней пераказваў Робертас, Сідар з жонкай прадалі свой дом, набылі на гэтыя грошы футра і з ім паехалі ў Вільню спрабаваць уладкаваць новае жыццё.

Фама Казакоў, брат Сідара (Сямёна), у ніжнім шэрагу справа. Фота з сямейнага архіву

Фама Казакоў, брат Сідара (Сямёна), у ніжнім шэрагу справа. Фота з сямейнага архіву

Пры гэтым сувязь паміж галінамі двух братоў існавала яшчэ доўга. Мая бабуля ездзіла да іх у госці ў Вільню яшчэ ў 1970-х гадах. Але потым кантакты перарваліся, адрасы згубіліся, і для нашай сям’і гэтая лінія паступова перайшла ў шэраг «згубленых каленаў Ізраіля».

Менавіта таму ДНК-супадзенне з Робертасам успрынялося як сапраўднае вяртанне. Гэта былі родныя людзі, якія зноў увайшлі ў сямейную гісторыю пасля доўгага знікнення.

У гэтай гісторыі была і яшчэ адна дэталь, якую цяжка ігнараваць, нават калі ставішся да такіх рэчаў вельмі асцярожна. Новае супадзенне з Робертасам з’явілася на сайце на 40-ы дзень пасля смерці маёй бабулі. Для сямейнай памяці такія супадзенні часам маюць сваю вагу.

Піўльская (Казакова) Валянціна Сямёнаўна — дачка Сідара (Сямёна) Казакова і бабуля Робертаса Ушановаса. Фота з сямейнага архіву

Піўльская (Казакова) Валянціна Сямёнаўна — дачка Сідара (Сямёна) Казакова і бабуля Робертаса Ушановаса. Фота з сямейнага архіву

Калі ДНК толькі падказвае, але не даказвае

Але разам з тым вельмі істотна бачыць і межы гэтага інструмента. Не кожнае супадзенне вядзе да яснага адказу, і не кожную генетычную блізкасць можна дакладна прывязаць да вядомай лініі. Гэта добра бачна на іншым прыкладзе — з Мацеем Падстольскім, які жыве ў Варшаве.

Мы ўжо шмат гадоў падтрымлівалі сувязь праз агульныя пошукі па родзе Маліноўскіх. Дакументальна наш агульны продак, Уладыслаў Маліноўскі, жыў яшчэ ў другой палове XVII стагоддзя. Большая частка ягоных дзяцей з Падольскага ваяводства трапіла ў сучасную Беларусь, у былы Рэчыцкі павет ВКЛ, у тым ліку і мой непасрэдны продак. А адзін з сыноў апынуўся ў ваколіцах Лодзі ў самой Польшчы.

Гімназісткі, 1921 год. Па цэнтры зверху Ванда Сапоцька — бабуля Мацея Падстольскага і васьміюрадная прапрапрабабуля аўтара артыкула. Фота з сямейнага архіву

Гімназісткі, 1921 год. Па цэнтры зверху Ванда Сапоцька — бабуля Мацея Падстольскага і васьміюрадная прапрапрабабуля аўтара артыкула. Фота з сямейнага архіву

Нам удалося досыць добра прасачыць гэтыя дзве лініі па дакументах, таму калі паміж намі з’явілася яшчэ і ДНК-супадзенне, гэта, безумоўна, уразіла. Але тут пачынаецца сумленная няпэўнасць, без якой развагі пра генетыку немагчымыя. Пры такой вялікай глыбіні, калі агульны продак жыў яшчэ ў XVII стагоддзі, аўтасомныя супадзенні звычайна ўжо або зусім не захоўваюцца, або захоўваюцца вельмі фрагментарна. Таму нельга з поўнай упэўненасцю сказаць, што агульная ДНК паміж мной і Мацеем ідзе менавіта па вядомай нам лініі Маліноўскіх, а не па нейкай іншай, пакуль нам невядомай сувязі.

ДНК можа пацвярджаць вядомае, можа вяртаць страчанае, можа падказваць новы кірунак пошуку. Але яна не заўсёды можа сказаць, праз якую менавіта лінію ідзе сувязь, асабліва калі гаворка пра вельмі далёкіх продкаў.

Чаго ДНК пра нас не скажа

А чаго тэсты ДНК, уласна, не могуць сказаць? Спакуса ўбачыць у генетыцы канчатковы адказ вельмі вялікая. ДНК лёгка ўспрымаецца як апошняя інстанцыя: маўляў, вось цяпер навука нарэшце скажа, хто мы і адкуль. Але гэтая надзея амаль заўсёды завышаная.

Перш за ўсё ДНК-тэст не вызначае нацыянальнасць — прынамсі ў тым сэнсе, у якім людзі звычайна разумеюць гэтае слова. Ён не скажа, беларус ты, паляк, літовец ці ўкраінец у культурным, моўным або гістарычным значэнні. Генетыка можа паказаць толькі пэўныя падабенствы да тых або іншых папуляцый, можа выявіць сувязі з людзьмі з розных рэгіёнаў.

Тое самае датычыць і так званых «этнічных мапаў», якія кампаніі робяць галоўнай вітрынай сваіх сэрвісаў. Адна і тая ж ДНК можа выглядаць крыху па-рознаму, а вынікі часам змяняюцца нават у межах адной кампаніі, калі яна абнаўляе сваю базу.

ДНК-тэст можа паказаць сувязь, але не патлумачыць яе. Можа вывесці на чалавека, але не раскажа, чаму вашы роды калісьці разышліся. Можа пацвердзіць пэўную лінію, але гэта не заменіць архіўнай працы. І менавіта таму самыя каштоўныя вынікі ўзнікаюць тады, калі чалавек пачынае спалучаць генетыку з усім астатнім — архіўнымі дакументамі, лістамі, фотаздымкамі, размовамі са сваякамі.

Ёсць і яшчэ адна істотная мяжа. ДНК не скажа чалавеку, хто ён ёсць у чалавечым сэнсе. Яна не скажа, чаму адна бабуля размаўляла на адной мове, а іншая — на другой, чаму ў сям’і баяліся называць некаторыя імёны або чаму адна галінка роду паехала на ўсход, а другая апынулася на захадзе. Усё гэта належыць ужо да гісторыі жыцця — значна больш складанай, чым любая лабараторная справаздача.