The Atlantic: Украіна «спісала» Амерыку на чале з Трампам
Страта ЗША як саюзніка ўжо не пагражае Украіне непазбежнай паразай, лічыць эксперт выдання The Atlantic. Хутчэй, наадварот — гэта ў Штатах на самым высокім узроўні прызнаюць, што вучацца на прыкладзе Украіны. А ў вайне з РФ цяпер больш разлікаў на Еўрасаюз. Ідуць 1516-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 153 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 28 штурмаў расіян ў раёнах Радзінскага, Мірнаграду, Новааляксандраўкі, Пакроўску, Грышына, Котліна, Удачнага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 19 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Сафіеўкі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 12 атак у бок Святапятроўкі, Стараўкраінкі, Залізнічнага, Аленаканстанцінаўкі, Гуляйпольскага і ў раёнах Варвараўкі, Прылук, Цвяткова.
На Аляксандраўскім і Ліманскім кірунках зафіксавана па сем боесутыкненняў на кожным.
* * *
У ноч на 19 красавіка Расія атакавала Украіну 236 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта ці задушана 203 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.
У выніку начной атакі расійскіх ударных беспілотнікаў тыпу «Шахед» на Чарнігаў загінуў 16-гадовы юнак, яшчэ чацвёра чалавек атрымалі раненні. Пашкоджана 7 прыватных дамоў (з іх 3 знішчаны агнём), адміністрацыйны будынак, навучальная ўстанова.
У Сумскай вобласці з-за атак РФ пацярпелі чацвёра мужчын, двое з якіх — у выніку ўдару па аб’екце крытычнай інфраструктуры ў Сумскім раёне.
Ноччу 19 красавіка ў расійскім горадзе Таганрог адбыліся выбухі ў выніку ракетнага ўдару. Верагодна, быў атакаваны «Таганрогскі аўтамабільны завод» (ТагАЗ). На тэрыторыі ТагАЗа знаходзіцца прадпрыемства «Атлант Аэра», якое выпускае ўдарна-разведвальныя дроны «Маланка», а таксама камплектуючыя для беспілотнікаў «Арыён».
У ноч з 18 на 19 красавіка невядомыя дроны атакавалі Краснадарскі край Расіі. Верагоднай мэтай беспілотнікаў быў марскі порт у Ейску.
* * *
* * *
Украіна заклікае адміністрацыю Злучаных Штатаў аднавіць санкцыі супраць расійскай нафты, якія напярэдадні змякчыў Вашынгтон. Пра гэта пасол Украіны ў ЗША Вольга Стэфанішына напісала ў сацсетцы Х.
«Нельга дапусціць, каб Расія атрымлівала выгаду ад дзеянняў свайго саюзніка – Ірана. Мы заклікаем адміністрацыю ЗША аднавіць санкцыі ў дачыненні да расійскай нафты і нафтапрадуктаў», – адзначыла яна.
Паводле слоў Стэфанішынай, абмежаваць фінансаванне, якое Расія выкарыстоўвае для сваіх атак на Украіну і для падтрымкі праціўнікаў ЗША — агульны інтарэс Кіева і Вашынгтона.
«Калі Расія ўбачыць, што дэстабілізацыя і раздуванне вайны выгадныя, новыя праблемы ў свеце не прымусяць доўга чакаць. У прыватнасці, расійскі прадстаўнік ужо назваў адмену абмежаванняў на нафту "супрацоўніцтвам"», — сказала Стэфанішына.
Нагадаем, напярэдадні ЗША на 30 дзён адмянілі санкцыйныя абмежаванні на куплю расійскай нафты і нафтапрадуктаў, якія транспартуюцца морам, насуперак папярэднімпублічным запэўніванням Вашынгтона не аднаўляць дзеянне адпаведных ліцэнзій.
* * *
Амерыканскія ваенныя пераймаюць украінскі вопыт у падыходзе да вядзення вайны. У прыватнасці, гаворка ідзе пра сферу інавацый, заявіў міністр арміі ЗША Дэн Дрыскал падчас выступлення на пасяджэнні камітэта па асігнаваннях Кангрэса ЗША.
Дрыскал падкрэсліў, што армія ЗША падтрымлівала ўкраінскую армію і «стаяла плячом да пляча з самага першага дня вайны». Ён адзначыў, што быў у Кіеве і правёў шмат часу з многімі прадстаўнікамі ўкраінскага кіраўніцтва, дадаўшы, што ЗША пераймаюць вопыт Украіны.
«Яны карэнным чынам змянілі тое, як людзі вядуць канфлікт. Яны выканалі абсалютна надзвычайную працу ў галіне інавацый, і я публічна заяўляў, што мы шмат чаму ў іх вучымся і ўкараняем шмат урокаў, якія яны нам далі», — заявіў міністр арміі ЗША.
* * *
Пасля года звышвысілкаў і спробаў утрымаць ЗША ў ролі саюзніка і ключавога партнёра Украіна ўрэшце здалася і «спісала» Амерыку на чале з Трампам, піша Філіпс Пэйсан О'браен — прафесар стратэгічных даследаванняў ва ўніверсітэце Сэнт-Эндруса ў Шатландыі ў аўтарскім артыкуле для The Atlantic.
Аналітык адзначае, што, пакуль Кіеў спрабаваў захаваць стасункі з Вашынгтонам, Трамп «выяўляў сваю прыхільнасць» да Пуціна, скараціў вайсковую дапамогу Украіне і «рэгулярна абражаў» украінскае кіраўніцтва, уключаючы прэзідэнта Зяленскага. Кульмінацыяй гэтага стаў удзел Украіны ў навязаных ёй мірных перамовах з РФ, якія, на думку О'браена, выглядалі як узнагарода Пуціну за ўварванне.
«Але цяпер, падобна, Кіеў адмовіўся ад Злучаных Штатаў. Ён агрэсіўна шукае новых дыпламатычных і ваенных партнёраў», — піша аналітык, спасылаючыся на спробы Кіева наладзіць кантакты з краінамі Персідскага заліва, а таксама згадваючы шматлікія пагадненні аб ваенным супрацоўніцтве з краінамі Еўропы.
О'браен таксама згадвае крытычныя каментары Зяленскага адносна рашэння ЗША аслабіць санкцыі супраць РФ і ягоныя заклікі да Еўропы развіваць уласныя абаронныя магчымасці, не аглядаючыся на ЗША.
«Змена ў публічнай пазіцыі Украіны адбываецца на фоне паляпшэння вайсковай сітуацыі ў краіне, прынамсі ў параўнанні з цяжкасцямі мінулага года. Абапіраючыся пераважна на ўласную індустрыю дронаў і вайсковую структуру, украінскія войскі вярнулі сабе ініцыятыву ў многіх сферах», — лічыць аглядальнік.
Ён, у прыватнасці, згадвае поспехі Сіл абароны ў правядзенні наступальных аперацый на фронце і шматлікія ўдары дронаў і ракет па аб'ектах на тэрыторыі РФ. Гэта, нагадвае О'браен, ніяк не ўпісваецца ў наратыў Трампа і яго адміністрацыі аб слабасці Украіны і адсутнасці ў яе «картаў».
«Украінцы хацелі б, каб ЗША былі на іх баку, а не на баку Расіі. Але ўкраінцы не вераць, што страта амерыканскай падтрымкі непазбежна прывядзе да іх паразы. Яны бачаць, як ім удалося вытрымаць вайну, выкарыстоўваючы ўласныя рэсурсы і з дапамогай еўрапейскіх партнёраў, нават нягледзячы на тое, што ЗША адвярнуліся ад іх. Адмова ад ЗША як сябра калісьці магла быць прыкметай гібелі для Украіны. Цяпер гэта ўжо не так», — рэзюмуе аналітык.