«Усё ў дом, усё ў сям'ю»: Хто насамрэч заробіць на новых крэдытах для экспарцёраў

«Даўно ў Беларусі не было дэвальвацыі», — падумаў кіраўнік нашага Нацбанка Раман Галоўчанка і вырашыў дапамагчы экспарцёрам. Гэта досыць трывожная навіна для ўсіх астатніх суб’ектаў беларускай эканомікі. Неабгрунтаваны аптымізм цяперашняга старшыні Нацбанка можа прывесці да тых самых наступстваў — калі ніхто Галоўчанку не спыніць, вядома.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__2__logo.jpg

Такім чынам, 10 сакавіка, пасля нарады ў Лукашэнкі кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што фінансавая сістэма Беларусі «адчувае сябе нядрэнна», банкі «назапасілі нядрэнныя рэзервы» і гатовыя падставіць экспарцёрам «фінансавае плячо <…> яшчэ ў большых аб’ёмах, чым гэта ёсць цяпер».

Паводле слоў Галоўчанкі, найпершы ў гэтай задачы пункт — «крэдытаванне не толькі экспарту беларускай прадукцыі, але і праектаў стварэння зборачных вытворчасцяў для беларускай прадукцыі. Лагістычных і інфраструктурных умоў для продажу нашай прадукцыі».

Вядома ж, экспарцёраў трэба крэдытаваць. Экспарцёры — гэта тыя людзі, якія, па ідэі, павінны былі б прыносіць нам грошы з-за мяжы. Аднак яны чамусьці з зайздроснай рэгулярнасцю наадварот, выносяць грошы адсюль. За 2025 год аб’ём знешняга гандлю таварамі ў нас вырас на 4,3%, але адмоўнае сальда дасягнула амаль 7 млрд долараў (6 млрд 974,9 млн) і вырасла амаль на 30% (29,9%).

Як у такой сітуацыі не пакрэдытаваць экспарцёраў? Гэта ж усё роўна, што крэдытаваць сельскую гаспадарку — як у сельскай гаспадарцы мы даўгі пастаянна спісваем, дык і экспарцёрам спішам. Сапраўды, не ўсё ж калгаснікаў карміць, трэба і яшчэ каму-небудзь адваліць грошай без аддачы.

Не кажучы ўжо неаднаразовыя згадкі пра тое, што нашы «нядрэнныя рэзервы» існуюць у асноўным на паперы, і абумоўлены ростам цаны золата. А вось ці атрымаецца прадаць гэтае золата па высокай цане — вялікае пытанне. І нават калі атрымаецца — з чым мы застанемся потым, калі цана золата ўпадзе?

Але прамовы Галоўчанкі некага, вядома, натхнілі. І наступнай пасля старшыні Нацбанка нарада ў Лукашэнкі адбылася пад лозунгам барацьбы з пасярэдніцтвам.

З пасярэдніцтвам, як і з карупцыяй, ён змагаецца ад пачатку свайго прэзідэнцтва ў 1994 годзе, гэта значыць больш за 30 гадоў. Пакуль пасярэдніцтва перамагае. І ён, Лукашэнка, аж на пачатку нарады заўважыў, што даўно даручаў павысіць канкурэнтаздольнасць эканомікі, эфектыўнае расходаванне грашовых сродкаў і недапушчэнне рознага роду шэрых схем. Было жорстка замацавана заканадаўства аб закупках, за мяжой створаны шматфункцыянальныя цэнтры для продажу беларускай тэхнікі, аднак… вырашыць праблемы не ўдалося.

«Таму я даручыў намесніку старшыні УНС Аляксандру Мікалаевічу Косінцу дэталёва разабрацца ў сітуацыі. Трэба правесці выразную рысу, якая аддзяляе абгрунтаванае пасярэдніцтва ад неабгрунтаванага. У дзяржаве ніхто не супраць разумнага пасярэдніка там, дзе гэта аб’ектыўна патрэбна. Але гэта застанецца ў нас невялікая колькасць кірункаў, якія будуць пад кантролем ці то губернатараў, ці то міністраў і прэм’ер-міністраў», — сказаў ён.

А вінаватыя ва ўсім санкцыі. Тыя самыя санкцыі, якія ні на што не ўплываюць, і толькі робяць нашу эканоміку мацнейшай. Наша эканоміка стала настолькі моцнай, што «пад санкцыйным ціскам цалкам адмовіцца ад паслуг пасярэднікаў, на жаль, не можам, гэта аб’ектыўныя прычыны», кажа дэ-факта кіраўнік Беларусі.

Так што ўсіх пасярэднікаў выкараніць не атрымаецца. Некаторыя патрэбныя. Напрыклад, ёсць у Расіі такі «Гандлёвы дом "БелАЗ"», які ў 2024 годзе атрымаў прыбытак з продажаў самазвалаў амаль на 60 млн долараў. Здавалася б, паводле логікі Лукашэнкі, рускім бы варта было закупляць самазвалы непасрэдна на прадпрыемстве, тым больш, што ў нас з Расіяй не толькі Саюзная дзяржава, але і Мытны саюз.

Але не, так нельга. Таму што сярод акцыянераў фірмы «Гандлёвы дом "БелАЗ"» — «разумны пасярэднік» Дзмітрый Лукашэнка, якому належыць аж 45% акцый кампаніі.

І калі Галоўчанка раптам пачне субсідаваць экспарцёраў, адгадайце, каму ў першую чаргу дастанецца дзяржаўная падтрымка?

А насамрэч, рэзервы Галоўчанку варта было б паберагчы, бо навіны ў нас не вельмі вясёлкавыя. Афіцыйны прагноз інфляцыі ў Беларусі на 2026 год усталяваны на ўзроўні не больш за 7%, а ў нас за два месяцы інфляцыя ўжо склала 1% (у гадавым выражэнні, снежань да снежня — гэта 6,8%). І цалкам зразумела, што калі па выніках двух месяцаў мы ўпрытык уваходзім у прагноз інфляцыі, то далей мы з яго выйдзем — так заўсёды бывае. Бо наперадзе ў нас спачатку пасяўная, потым «бітва за ўраджай», і ўсё гэта традыцыйна з дзяржпадтрымкай. А так хто яго ведае, якія нас выдаткі яшчэ чакаюць, і якія сюрпрызы нам прыгатуе гэты свет.

Напрыклад, Вярхоўная Рада Украіны 11 сакавіка прыняла пастанову са зваротам да ўрадаў Польшчы, Фінляндыі, Літвы, Латвіі і Эстоніі аб увядзенні поўнай забароны на экспартна-імпартныя аперацыі і транзіт тавараў з Расіяй і Беларуссю. Украінскія заканадаўцы таксама заклікалі гэтыя краіны дамагчыся ўключэння адпаведных абмежаванняў у наступныя санкцыйныя пакеты ЕС.

У Радзе адзначылі, што гандаль ЕС з Расіяй і Беларуссю застаецца значнай крыніцай даходаў для гэтых рэжымаў і спрыяе фінансаванню іх ваенна-прамысловых комплексаў. Украінцы падлічылі, што за 11 месяца 2024 года ЕС прадаў Беларусі тавары на 6,63 млрд еўра, найбуйнейшым пакупніком беларускіх тавараў была Польшча — на 436,4 млн еўра.

Вядома, увядзенне поўнага гандлёвага эмбарга на ўсходніх межах ЕС — рэч на мяжы фантастыкі, і не можа быць ажыццёўлена ў прынцыпе. Але нашы суседзі могуць задумацца: а ці не занадта шмат лішняга яны ў нас купляюць? І ўрэзаць свае выдаткі на наш экспарт.

Думаю, ва Украіне менавіта на такі крок і разлічваюць. І пастаянна будуць пра гэта нагадваць. А значыць, экспарцёрам прыйдзецца яшчэ горш, чым цяпер. Нават нягледзячы на падтрымку Галоўчанкі.

Мы толькі рэзервы прасадзім. А з чым застанемся потым?