Уладзімір Зяленскі: Адсутнасць Еўропы ў мірных перамовах з Расіяй з'яўляецца «вялікай памылкай»

Адсутнасць прадстаўнікоў Еўропы ў мірных перамовах з РФ з'яўляецца «вялікай памылкай» з негатыўнымі наступствамі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. А дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё запэўнівае, што ЗША не выйдуць з гэтых перамоў. Ідуць 1453-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

594979318_1206366038343139_6501501640652014921_n.jpg

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 205 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 15 лютага. 

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 59 штурмаў расіян у раёнах Зацішак, Ррадзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Дачнага і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы 19 разоў спрабавалі прасунуцца ў раёнах Гуляйполя, Рыбнага і ў бок Зялёнага, Дабраполля, Прылук.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 13 атак у раёнах Пляшчэеўкі, Шчарбінаўкі, Сафіеўкі і ў бок Ільінаўкі, Канстанцінаўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім і Ліманскім кірунках зафіксавана па 12 разоў боесутыкненняў на кожным.

На Славянскім кірунку УСУ адбілі 11 атак расіян у раёнах Дронаўкі, Ямпаля, Закітнага і ў бок Платонаўкі і Рай-Аляксандраўкі.

* * *

У ноч на 15 лютага Расія атакавала Украіну 83-ма ўдарнымі дронамі тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Проціпаветранай абаронай збіта/задушана 55 БпЛА. Паветраныя сілы УСУ папярэджваюць, што атака працягваецца, Сілы абароны працягваюць адбіццё паветранага ўдару.

Расіяне 15 лютага атакавалі Адэсу і вобласць амаль усю ноч. У выніку абстрэлу ў горадзе чарговы раз зафіксаваны пашкоджанні, інфармацыі пра пацярпелых не было.

У ноч на 15 лютага армія РФ атакавала Запарожжа, у выніку атрымалі раненні тры чалавекі, у прыватным доме ўзнік пажар.

У Краснадарскім краі РФ заявілі пра «масіраваную атаку» на рэгіён. У пасёлку Вольна Тэмрукскага раёна загарэўся рэзервуар з нафтапрадуктамі, склад і тэрміналы. Два чалавекі атрымалі раненні.

* * *

632537146_1262302389416170_2403290110851101363_n.jfif

* * *

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё 14 лютага сустрэўся з кіраўнікамі МЗС краін G7. Падчас абмеркаванняў амерыканскі чыноўнік падкрэсліў, што ЗША настроены на далейшыя перамовы для завяршэння вайны ва Украіне, заявіў намеснік прэс-сакратара Дзярждэпа Томі Пігат.

«Дзяржсакратар пацвердзіў прыхільнасць Злучаных Штатаў садзейнічанню стабільнасці ў Венесуэле і перамовам аб спыненні расійска-ўкраінскай вайны», — сказаў Томі Пігат.

* * *

Амаль поўная адсутнасць прадстаўнікоў Еўропы ў мірных перамовах з РФ з'яўляецца «вялікай памылкай» з негатыўнымі для Украіны наступствамі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

У сваёй асноўнай прамове ў Мюнхене кіраўнік Украіны паведаміў, што Кіеў працуе над тым, каб улічваць «інтарэсы і голас Еўропы» ў перамовах. Ён сцвярджаў, што любы ўстойлівы мір павінен адлюстроўваць праблемы бяспекі ўсяго кантынента, а не толькі Украіны і ЗША, піша EuroNews.

Заўвагі Зяленскага пераклікаюцца з каментарамі прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, які лічыць, што Еўропе прыйдзецца самастойна пераасэнсаваць архітэктуру бяспекі кантынента, супрацьстаячы агрэсару, які знаходзіцца ў стане «цукровага кайфу» ад вайны, адзначае выданне.

Украінскі лідар выказаў занепакоенасць тым, што абмеркаванне «саступак» часта засяроджваецца толькі на Украіне, без просьбы аб роўных кампрамісах з боку Расіі. «Занадта часта гэтыя саступкі абмяркоўваюцца толькі ў кантэксце Украіны, а не Расіі», — сказаў ён і выказаў меркаванне, што гэта нясе рызыкі для ўзнагароджання агрэсіі, а не яе стрымлівання.

Адсутнасць Еўропы ў ключавых перамовах, адзначыў Зяленскі, узмацняе гэты дысбаланс.

* * *

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што Паўночнаатлантычны альянс цяпер дастаткова моцны, каб Расія не рызыкавала нападаць на ваенны блок, паведамляе Reuters.

Рутэ ўпэўнены, што калі б сутыкненне паміж РФ і NATO адбылося цяпер, то Альянс выйшаў бы пераможцам. Таксама ён падкрэсліў важнасць таго, каб такая тэндэнцыя была і ў будучыні.

«Мы выйграем любую бітву з Расіяй, калі яны нападуць на нас цяпер, і мы павінны пераканацца, што праз два, чатыры, шэсць гадоў сітуацыя застанецца ранейшай», — сказаў генсек журналістам.

* * *

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў суботу, 14 лютага, абмеркаваў з кіраўніцай дыпламатыі ЕС Каяй Калас ход мірных перамоў і прыняцце 20-га пакета санкцый супраць РФ.

«Я падзякаваў Каі за яе асабістыя намаганні і адданасць, а таксама ЕС за ўсю падтрымку, асабліва ў гэтую цяжкую зіму. Мы скаардынавалі крокі напярэдадні чацвёртай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі і нашых будучых кантактаў і мерапрыемстваў», — напісаў Сібіга ў сацсетцы X.

Нагадаем, Еўракамісія прэзентавала праект 20-га пакета санкцый Еўрасаюза супраць Расіі. Ён ахоплівае энергетыку, фінансавыя паслугі і гандаль. Пакет уводзіць поўную забарону на марскія паслугі для расійскай сырой нафты. Санкцыі ЕС супраць РФ упершыню закрануць парты трэціх краін, якія апрацоўваюць расійскую нафту.