Выведка Украіны ў Беларусі як дома? Што стаіць за санкцыямі Украіны супраць Лукашэнкі

Дробязь, але непрыемна. Ці зусім нават не дробязь? Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвёў санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Здавалася б, пасля чатырох гадоў вайны — якія могуць быць стасункі ў суагрэсара з ахвярай агрэсіі? Але насамрэч — пытанняў дастаткова.

Фота з newskiev.ru

Фота з newskiev.ru

Падобна, Украіна згадала, што Лукашэнка не толькі самаабвешчаны «прэзідэнт» Беларусі, але і галоўнакамандуючы. Як гаворыцца ў паведамленні Офіса прэзідэнта Украіны, санкцыі ўведзены за разгортванне ў другой палове 2025 года сістэмы рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасці расійскіх войскаў наносіць удары па паўночных абласцях Украіны. Больш за 3 тысячы беларускіх прадпрыемстваў пастаўляюць Расіі тэхніку, абсталяванне і камплектуючыя, у тым ліку для вытворчасці ракет.

«Працягваецца і развіццё інфраструктуры для размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ракет сярэдняй дальнасці — "Арэшніка", што з’яўляецца відавочнай пагрозай не толькі ўкраінцам, але і ўсім еўрапейцам. Лукашэнка не толькі надаў тэрыторыю Беларусі для "Арэшніка". У мінулым годзе прадпрыемствы краіны забяспечвалі Расію крытычнымі вузламі, кампанентамі і механічнай базай для гэтай зброі. Гэта працягваецца і ў 2026 годзе. Лукашэнка ўжо даўно абменьвае суверэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады», — прыводзяцца ў прэс-рэлізе словы Зяленскага.

Таксама адзначаецца, што Лукашэнка «спрыяў» уцягванню беларускіх чыноўнікаў у гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію.

Цікава, што па-першае, абгрунтаванне ўвядзення санкцый — даволі падрабязнае. Па факце гэта азначае, што выведка Украіны ў Беларусі адчувае сябе цалкам камфортна. Відаць, пасля паражэння ў РБ расійскага самалёта А-50 усе рэпрэсіі і расследаванні прайшлі міма рэальных выканаўцаў гэтай справы. А яны, гэтыя выканаўцы, больш не рабілі такія акцыі «прамога дзеяння», але скрупулёзна працавалі — і працягваюць працаваць — над зборам крытычна важнай інфармацыі, як ваеннай, так і эканамічнай.

Па-другое, некаторыя абвінавачванні могуць быць крыху несправядлівымі і выклікаць у Лукашэнкі лёгкую крыўду. Пра ўсталяваныя ў РБ рэтранслятары для кіравання расійскімі ўдарнымі дронамі яму цалкам маглі і не сказаць — так, як не сказалі пра ўварванне ва Украіну ў 2022-м. Пастаўленыя ў Беларусі (яшчэ вялікае пытанне, ці пастаўленыя) «Арэшнік» і ядзерная зброя знаходзяцца пад расійскім камандаваннем, і Лукашэнка, як бы яму гэтага ні хацелася, мае да іх толькі ўскоснае дачыненне.

Вядома, эканамічныя і палітычныя адносіны суагрэсара, якім з’яўляецца Беларусь, і ахвяры агрэсіі, якой з’яўляецца Украіна, практычна на нулі. І вядома, калі ў Лукашэнкі спытаюць пра гэтыя санкцыі, ён адмахнецца: маўляў, чарговая «дурнота». Але насамрэч не.

Таму што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў пра санкцыі, што «будзем працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект». А ўпаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк паведаміў, у якім канкрэтна ключы пойдзе гэтая праца — паводле яго слоў, «санкцыйны рэжым супраць Беларусі павінен выраўняцца з санкцыйным рэжымам супраць РФ».

«Мы доўга назіраем сістэмны ўдзел беларускіх кампаній у абыходзе санкцый ЕС. Гэта і пастаўка кампанентаў, і лагістычныя маршруты, і фінансавыя паслугі», — дадаў Уласюк.

А гэта значыць, што, напрыклад, беларускім банкам варта рыхтавацца да новых сюрпрызаў у бліжэйшы час.

Гэта ўжо не першы «сігнал» у дачыненні да Лукашэнкі з боку Зяленскага. Прэзідэнт Украіны пяць гадоў ухіляўся ад сустрэч з дэмакратычнай лідаркай Беларусі Святланай Ціханоўскай, а нядаўна раптам не толькі правёў з ёй перамовы, але і ў госці запрасіў. Цяпер санкцыі ўвёў не супраць беларускіх прадпрыемстваў, як раней, а асабіста супраць Лукашэнкі.

Што ж здарылася з Зяленскім?

Беларускія расследвальнікі лічаць, што ў прычыны ёсць імя — Андрэй Ярмак. Цяпер ужо былы кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны ў канцы мінулага года сышоў у адстаўку праз карупцыйны скандал. Менавіта ён, паводле даных Беларускага расследвальніцкага цэнтра, ад 2022 года выступаў катэгарычна супраць увядзення санкцый супраць Лукашэнкі і кантактаў Зяленскага з Ціханоўскай.

Праўда, былы пасол Украіны ў Беларусі і экс-пасол па асобых даручэннях па Беларусі МЗС Украіны Ігар Кізім лічыць, што рашэнне аб санкцыях звязана не з сыходам Ярмака, а са зменай палітыкі і новымі прыкметамі ўдзелу Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны. «Я не думаю, што там Ярмак такі ўжо цэнтральны быў у гэтым плане, — адзначыў Кізім у каментары БРЦ. — З’яўляюцца новыя прыкметы яго [Лукашэнкі] удзелу ў агрэсіі, у тым ліку тое, што з яго тэрыторыі кантралюецца праход дронаў расійскіх, гэта значыць яны працягваюць спрыяць расійскай агрэсіі. І, напэўна, на кожны такі крок негатыўнага стаўлення да Украіны павінен быць адказ Украіны».

Але з 2022 года крокаў «негатыўнага стаўлення да Украіны» было столькі, што за гэты час Лукашэнку можна было «закапаць» у санкцыях — ад выкарыстання Гомельскага аэрапорта для запуску дронаў ва Украіну да размяшчэння ў РБ ядзернай зброі. А санкцыі ўвялі толькі з сыходам Ярмака.

«Па сукупнасці мы змяняем палітыку і будзем адказваць адэкватна пагрозе. У Мінску павінны гэта разумець. Ёсць гэты палітычны сігнал з санкцыямі. Я даручыў уважліва вывучыць таксама ўсе схемы Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў», — заявіў Зяленскі ў звароце.

Вядома, за чатыры гады ад пачатку вайны «схемы Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў» ва Украіне значна праселі, але гэтае расследаванне можа выявіць вельмі шмат цікавага — калі яно паўнавартасна адбудзецца. Чаму мы, вядома ж, жадаем поспеху.

І яшчэ адна цікавая навіна.

Раней вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас заявіла, што лічыць несправядлівым тое, як ЗША ціснуць на Украіну, вымушаючы ісці на саступкі Расіі, а РФ ніхто не выстаўляе ніякіх патрабаванняў. І паабяцала заняцца гэтым пытаннем. І ў яе ведамстве з’явіўся дакумент з назвай «Асноўныя інтарэсы Еўропы ў забеспячэнні ўсеабдымнага, справядлівага і трывалага міру і бяспекі кантынента» з патрабаваннямі ЕС да Расіі ў рамках перамоўнага працэсу па спыненні расійска-ўкраінскай вайны.

У дакуменце ўтрымліваецца патрабаванне аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі і прапануецца забарона расійскай ваеннай прысутнасці і размяшчэння войскаў у Беларусі, Украіне, Малдове, Грузіі і Арменіі.

А ўлічваючы, што ў нас «Саюзная дзяржава», адзіная з Расіяй сістэма СПА, і Бог ведае што яшчэ «адзінае», такія прапановы — гэта досыць радыкальна.

Праўда, дакумент Каі Калас вельмі цікавы. Там утрымліваюцца такія патрабаванні да Расіі, як, напрыклад, абмежаваць колькасць сваіх войскаў; правесці ў Расіі сумленныя і свабодныя выбары з міжнародным маніторынгам; вызваліць палітвязняў; забяспечыць свабоду СМІ ўнутры краіны; адмяніць закон аб замежных агентах і законы, якія крыміналізуюць іншадумства, дэлегітымізуюць незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць і да таго падобнае.

Зразумела, Пуцін на такія патрабаванні не пойдзе ніколі. Але магчыма, Кая Калас высоўвае максімалісцкія патрабаванні з мэтай менавіта выгандляваць ад Расіі рэальныя саступкі. І хто яго ведае — можа быць, Пуцін абмяняе на штосьці «беларускую ядзерку».

Калі яна ў РБ ёсць, вядома. А калі яе няма — то ён яе абмяняе тым больш.