Уладзімір Зяленскі: ніхто не можа даць гарантый Украіне, што Пуцін не прыйдзе зноў

Мірныя перамовы ў Жэневе былі выніковыя там, дзе працавалі вайскоўцы, але палітычны складнік заграз з-за змены ключавой асобы: Уладзімір Мядзінскі ўсё яшчэ жыве ў 2022 годзе. У ЗША тым часам адзначаюць поўны правал пуцінскай «спецыяльнай ваеннай аперацыі». Ідуць 1457-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота Getty Images

Фота Getty Images

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 237 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 19 лютага.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 42 штурмы расіян паблізу Зацішак, Радзінскага, Шаўчэнка, Новааляксандраўкі, Пакроўску, Новапаўлаўкі, Грышына, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Новападгароднага, Біліцкага і Дачнага.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 49 атак расійцаў — у раёнах Гуляйполя і ў бок Дабраполля, Прылук, Залізнічнага, Стараўкраінкі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 22 атакі паблізу Канстанцінаўкі, Бярэстка, Сцяпанаўкі, Русінага Яру, Пляшчыеўкі, Шчарбінаўкі, Сафіеўкі, Новапаўлаўкі і Ільінаўкі.

На Аляксандраўскім кірунку расійцы атакавалі 10 разоўкаля Іванаўкі, Тэрновага, Данілаўкі, Вішнёвага, Новага Запарожжа, Сасноўкі і Злагоды.

На Ліманскім і Славянскім кірунках зафіксавана па восем боесутыкненняў на кожным.

* * *

Расіяне абстралялі Лазоўскую грамаду ў Харкаўскай вобласці, у выніку пашкоджана найбуйнейшая кацельня Лазавой і аб’екты водазабеспячэння. Амаль 16 тысяч абанентаў засталіся без вады і цяпла.

У ноч на 19 лютага Пскоўская вобласць Расіі падверглася атацы невядомых дронаў. У горадзе Вялікія Лукі ў выніку ўдараў загарэлася нафтабаза.

* * *

639411093_1265762629070146_5860013993611471190_n.jpg

* * *

На трохбаковых перамовах паміж Украінай, ЗША і Расіяй у Жэневе быў дасягнуты прагрэс у пытанні механізма спынення агню, піша CNN.

Ваенныя перамовы праходзілі пад кіраўніцтвам спецпрадстаўнікоў Трампа Стыва Уіткафа і Джарэда Кушнера, а ўзначальвалі іх міністр арміі ЗША Дэн Дрыскал і генерал Алекс Грынкевіч, ён жа камандуючы Еўрапейскім камандаваннем ЗША.

Адна з галоўных задач ваенных перамоў была ў тым, каб дасягнуць згоды абодвух бакоў па ключавых умовах, што будуць выкарыстоўвацца ў палітычных перамовах. Сярод такіх — практычныя ўмовы спынення агню і тое, што будзе лічыцца яго парушэннем.

«Ваенныя чыноўнікі... дамагліся "паступовага, але значнага прагрэсу" ў вызначэнні таго, як будзе працаваць спыненне агню», — сказала крыніца, знаёмая з ходам перамоў.

Яна дадала, што палітычныя перамовы заставаліся «напружанымі», у той час як ваенныя перамовы выклікалі ў чыноўнікаў асцярожны аптымізм.

* * *

ЗША лічаць, што падчас трэцяга раўнда перамоў паміж Украінай і Расіяй у Жэневе быў дасягнуты прагрэс, заявіла на брыфінгу прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Левіт.

Паводле яе слоў, прэзідэнт Дональд Трамп і яго каманда «ўклалі каласальную колькасць часу і намаганняў» у спробу завяршыць вайну Расіі супраць Украіны.

«Быў дасягнуты істотны прагрэс з абодвух бакоў. Абодва бакі пагадзіліся праінфармаваць сваіх лідараў і працягнуць сумесную працу над мірным пагадненнем. Так што ў будучыні адбудзецца яшчэ адзін раўнд перамоў», — сказала Левіт.

Яна дадала, што Трамп разглядае сітуацыю, якая склалася з-за вайны, як вельмі несправядлівую не толькі ў адносінах «да ўкраінцаў і расіян», але і ў адносінах да амерыканскага народа. Паводле яе слоў, падаткаплацельшчыкі са ЗША «аплачвалі ваенныя намаганні ў вайне РФ супраць Украіны».

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце паведаміў, што на перамовах па заканчэнні вайны недастаткова прапрацаваны палітычныя пытанні аб магчымых кампрамісах і неабходнай сустрэчы лідараў.

«Па стане на сёння не можам казаць, што вынік дастатковы. Ваенныя пагутарылі па частцы пытанняў — сур’ёзна і змястоўна. Адчувальныя палітычныя пытанні, пытанні аб магчымых кампрамісах і неабходнай сустрэчы лідараў яшчэ не прапрацаваны дастаткова», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Зяленскі паведаміў, што на ўкраінска-амерыкана-расійскіх перамовах у Жэневе па ўрэгуляванні расійскай вайны супраць Украіны была дасягнута дамоўленасць, што маніторынг за захаваннем рэжыму спынення агню будзе ажыццяўляцца з удзелам Злучаных Штатаў.

Палітычны фармат перамоў заграз, бо расійскі перамоўнік Уладзімір Мядзінскі зноў пачаў апеляваць да перамоў у Стамбуле 2022 года, прапануючы базавацца на тых умовах і пазіцыях, і зноў прапаноўваў аддаць Расіі ўвесь Данбас без якіх-небудзь умоў.

«Папярэднія раўнды перамоў як быццам ішлі да нейкага развіцця, але гэтым разам яны зноў узяліся за сваё. Урэшце, пасля тэзісаў пра Стамбул размову ўдалося перавесці ў больш канструктыўнае рэчышча», — распавяла інфармаваная крыніца РБК-Украіна.

* * *

Расійскі дыктатар з пачатку поўнамаштабнай вайны не змог дасягнуць ніводнай са сваіх галоўных мэтаў. Наадварот, ён церпіць паразу як на полі бою, так і па-за яго межамі, заявіў на прэс-канферэнцыі амерыканскі сенатар-дэмакрат Крыс Кунс па выніках візіту ў Кіеў.

«У цэлым, нашы саюзнікі ў Еўропе лічаць гэта крытычным момантам, паколькі Расія не перамагае на полі бою. Пуцін пацярпеў стратэгічнае паражэнне. Ён не дасягнуў ніводнай са сваіх галоўных мэтаў», — сказаў ён.

Ён адзначыў, што NATO было пашырана, механізм PURL, з дапамогай якога зброя ЗША купляецца за сродкі Еўропы, працуе. ЕС прывітаў крок амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа па ўвядзенні санкцый супраць расійскіх нафтавых гігантаў «Лукойл» і «Раснафта».

«Важна, каб мы аказвалі дадатковы ціск на Пуціна. Толькі павялічыўшы выдаткі Расіі, мы зможам прымусіць яе сесці за стол перамоў. Такой аднадушнай думкі прытрымліваліся еўрапейскія саюзнікі і партнёры», — падкрэсліў Кунс.

Сенатары-дэмакраты і рэспубліканцы аднадушна заявілі аб рашучасці працягваць падтрымліваць Украіну і павялічваць ціск на РФ.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю Пірсу Моргану заявіў, што Украіне ніхто не можа даць гарантый, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін не прыйдзе зноў.

«На сёння ніхто не можа даць нам, пры ўсёй павазе да магутнага амерыканскага прэзідэнта і Амерыкі ў цэлым, вельмі цвёрдага абяцання. Я маю на ўвазе, што Амерыка з’яўляецца моцнай краінай, і нам патрэбныя яе гарантыі бяспекі. Але нават маючы ўсё гэта, ніхто не можа сказаць нам і даць нам абяцанне, што Пуцін не прыйдзе зноў», — сказаў прэзідэнт Украіны.

«Калі мы гаворым пра гарантыі бяспекі, мы маем на ўвазе, што нам патрэбныя моцныя гарантыі бяспекі, што астатні свет ці некаторыя краіны будуць гатовыя адказаць Пуціну, калі ён вернецца са сваёй агрэсіяй або калі ён зноў прыйдзе», — заявіў Зяленскі.

Ён адзначыў, што ЗША прапаноўваюць Украіне гарантыі бяспекі на 15 гадоў, але яна хоча больш за 20.