Кая Калас: Еўропа запатрабуе ад Расіі саступак у межах завяршэння вайны ва Украіне
Еўропа хоча патрабаваць ад Расіі абмежавання колькасці расійскай арміі — як РФ робіць тое ў дачыненні да Украіны. Расійцы выкарыстоўваюць блакіроўку Starlink, каб заявіць пра украінскі контрнаступ, які камандаванне Украіны аспрэчвае. А да вайны з РФ рыхтуецца Нарвегія. Ідуць 1449-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 126 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 11 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 35 штурмаў расіян ў раёнах Радзінскага, Котліна, Пакроўску, Удачнага, Маладзецкага, Філія і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 13 атак у раёнах Дабраполля, Гуляйполя, Рыбнага, Лугаўскога.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 10 атак паблізу Канстанцінаўкі, Шчарбінаўкі, Русінага Яру, Яблонаўкі і ў бок Навапаўлаўкі.
На Ліманскім і Славянскім кірунках зафіксавана па сем боесутыкненняў на кожным.
* * *
РФ нарасціла сілы на Пакроўскім кірунку і накіравала туды 150 тысяч салдат, звяртаючыся да тактыкі «мясных штурмаў» — «адзінай рабочай тактыкі», заявіў у тэлеэфіры начальнік аддзялення камунікацый 79 АДШБр Раман Пісарэнка.
Ён адзначыў, што цяпер ідуць актыўныя баі за паўночную частку Пакроўска — менавіта там расіяне значна нарасцілі выкарыстанне малых штурмавых груп, што з'яўляецца рабочай тактыкай расіян, паколькі ўсе іншыя спробы здзейсніць прарыў церпяць няўдачу.
«Так, для іх гэтая тактыка знясільваючая, нясе вельмі вялікія страты, але па-іншаму яны прасоўвацца не могуць... Вялікая тэхніка знішчаецца на подступах. Мы там знішчалі ўжо і дальнабойныя гарматы ствольнай артылерыі, РСЗА знішчалі, БМ-21 «Град». То-бок менавіта тактыка малых пяхотных штурмавых груп, яна сапраўды цяпер працуе», — сказаў начальнік аддзела камунікацый 79 АДШБр.
Ён адзначыў, што гэтая тактыка павольная, знясільваючая, нясе за сабой значныя страты, але, звяртаючыся да яе, Расія мае важкую колькасць салдат на Пакроўскім кірунку. «Іх тут 150 тысяч», — заявіў Раман Пісарэнка.
* * *
Сілы абароны Украіны дасягнулі пэўных поспехаў на Гуляйпольскім кірунку, заявіў у эфіры Армія TV камандзір 1 асобнага штурмавога палка імя Дзмітрыя Кацюбайлы Дзмітрый Філатаў.
Паводле слоў вайскоўца, расіяне канцэнтруюцца на ўтрыманні свайго становішча і не прасоўваюцца наперад. У той жа час украінскія байцы маюць прагрэс.
«Ёсць пэўныя поспехі ва Узброеных сіл, якія я цяпер, на жаль, не магу агучваць, бо яшчэ ідзе аперацыя. Але калі вы назіраеце за (Telegram-каналамі) праціўніка, тая інфармацыя, якую яны распаўсюджваюць, адпавядае рэчаіснасці», — заявіў Філатаў.
Нагадаем, некалькі дзён таму расійскія ваенныя карэспандэнты пачалі распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што ўкраінская армія пайшла ў контрнаступленне каля мяжы паміж Днепрапятроўскай і Запарожскай абласцямі. Адзін з ваенных блогераў РФ сцвярджае, што Сілы абароны Украіны карыстаюцца туманам і блакіроўкай Starlink у арміі РФ, каб насупаць каля Сасноўкі, Новааляксандраўкі і Нячаеўкі. Таксама ён сцвярджаў, што армія Украіны прасунулася да населенага пункта Тэрновае.
Украінскае камандаванне контрнаступленне абвергла.
На думку аналітыкаў ISW, расіяне наўмысна робяць такія заявы, каб апраўдаць ілжывую інфармацыю пра прасоўванне сваіх войскаў у гэтым раёне. Раней расійскія ваенныя карэспандэнты, верагодна, перабольшылі поспехі арміі РФ на кірунках Аляксандраўка і Гуляйполе, і цяпер выкарыстоўваюць інфармацыю пра «ўкраінскае контрнаступленне» як магчымы спосаб апраўдаць адступленне з нібыта занятых раней пазіцый.
* * *
Расійскія войскі позна ўвечары 10 лютага атакавалі дронамі Запарожжа. У горадзе адбылося вялікае ўзгаранне і частковы блэкаўт. Расіяне патрапілі ў аб’ект інфраструктуры, у выніку ўдараў узнік маштабны пажар. Праз атаку без электразабеспячэння засталіся больш за 11 тысяч абанентаў у двух раёнах горада.
РФ зноў здзейсніла атаку дронамі ў Багадухаве Харкаўскай вобласці. Вядома пра трапленне ў прыватны дом. Загінулі трое маленькіх дзяцей і мужчына, дзве жанчыны параненыя, сярод якіх цяжарная.
У ноч з 10 на 11 лютага дроны масіравана атакавалі расійскі Валгаград. Пад ударам быў мясцовы НПЗ, у раёне аб’екта быў зафіксаваны пажар.
* * *
* * *
Украіна пачала планаваць правядзенне прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны прайсці ў адзін дзень сумесна з рэферэндумам па мірнай здзелцы з Расіяй, піша Financial Times.
Паводле слоў украінскіх і заходніх чыноўнікаў, а таксама асоб, знаёмых з сітуацыяй, гэты крок зроблены на фоне ціску на Кіеў з боку Белага дома з мэтай завяршыць мірныя перамовы паміж Украінай і Расіяй вясной. Падрыхтоўка пачалася пасля таго, як адміністрацыя Трампа запатрабавала правесці абодва галасаванні да 15 траўня, інакш краіна рызыкуе страціць прапанаваныя ЗША гарантыі бяспекі.
Крыніцы, блізкія да Зяленскага, кажуць, што ён і яго каманда далі зразумець адміністрацыі Трампа, што яны гатовыя да надзвычай сціслых тэрмінаў, нягледзячы на цяжкасці правядзення выбараў ва ўмовах вайны.
Пры гэтым FT адзначае, што ўкраінскія і заходнія афіцыйныя асобы падкрэслілі: і графік, і ўльтыматум ЗША наўрад ці будуць выкананыя, паколькі яны залежаць ад шэрага фактараў, уключаючы магчымасць дасягнення прагрэсу ў мірным пагадненні з кіраўніком Крамля Пуціным.
У той жа час план Украіны запэўнівае прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў тым, што Кіеў «не зацягвае дасягненне мірнай здзелкі, калі такая будзе дасягнутая».
* * *
Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас заявіла, што прапануе спіс саступак, якія Еўропа павінна запатрабаваць ад Расіі ў межах завяршэння вайны ва Украіне, піша Reuters.
Як вядома, у перамовах па заканчэнні вайны ў асноўным удзельнічалі прадстаўнікі Украіны, ЗША і Расіі, а еўрапейскія чыноўнікі перыядычна кансультаваліся. Аднак у Еўропе настойваюць, што без іх удзелу мірная здзелка немагчымая.
«Усім, хто сядзіць за сталом перамоў, уключаючы расіян і амерыканцаў, неабходна разумець, што для прыняцця рашэння патрабуецца згода еўрапейцаў», — сказала Калас журналістам у Бруселі.
Яна падкрэсліла, што ў еўрапейскага блока ёсць свае ўмовы: «І гэтыя ўмовы мы павінны вылучаць не да ўкраінцаў, на якіх і так аказваецца моцны ціск, а да расіян».
Калас паведаміла, што ў найбліжэйшыя дні прапануе ўрадам краін-членаў ЕС спіс з патрабаваннямі да Расіі. Яна згадала пра вяртанне ва Украіну ўсіх украінскіх дзяцей, выкрадзеных падчас вайны, а таксама абмежаванні для расійскай арміі.
* * *
Пасол ЗША пры NATO Мэцью Уітакер заявіў, што Германія, Нідэрланды і Нарвегія — гэта тры краіны, якія закупілі найбольшую колькасць амерыканскай зброі для Украіны па праграме PURL.
«Хачу адзначыць прагрэс, якога мы дасягнулі па Прыярытэтным спісе патрэб Украіны (PURL). Створаны прэзідэнтам Трампам PURL дазваляе саюзнікам і партнёрам закупляць амерыканскае ўзбраенне, каб падтрымліваць боездольнасць Украіны... Хачу адзначыць трох лідараў PURL: Германію, Нідэрланды і Нарвегію», — сказаў пасол ЗША пры NATO.
Мэцью Уітакер падкрэсліў, што праграма PURL не толькі ўмацоўвае абарону Украіны, але і спрыяе мірным намаганням шляхам ціску на Маскву, каб прымусіць яе сесці за стол перамоў.
* * *
Нарвегія не выключае сцэнар уварвання РФ і захопу часткі сваёй тэрыторыі, заявіў у інтэрв'ю The Guardian галоўнакамандуючы Узброеных сіл Нарвегіі генерал Эйрык Крыстаферсен.
«Мы не выключаем захоп тэрыторыі Расіяй як частку іх плана абароны ўласнага ядзернага патэнцыялу, які з'яўляецца адзіным, што ў іх засталося і што насамрэч пагражае Злучаным Штатам», — сказаў Крыстаферсен.
Паводле яго слоў, Расія ў дачыненні да Нарвегіі не мае заваявальных мэтаў у тым жа сэнсе, як гэта было ва Украіне ці ў дачыненні да іншых былых савецкіх тэрыторый. Але падкрэсліў, што значная частка расійскага ядзернага арсеналу засяроджана на Кольскім паўвостраве — паблізу нарвежскай мяжы. Гаворка ідзе пра атамныя падводныя лодкі, наземныя ракетныя комплексы і самалёты, здольныя несці ядзерную зброю.
Крыстаферсен лічыць, што менавіта гэтыя сілы будуць мець вырашальнае значэнне ў выпадку канфлікту Расіі з NATO ў іншым рэгіёне.
«Мы не здымаем гэта з павесткі дня, таму што для Расіі ўсё яшчэ існуе варыянт зрабіць гэта, каб пераканацца, што іх ядзерныя магчымасці, іх магчымасці другога ўдару, абароненыя. Гэта свайго роду сцэнар на крайняй поўначы, які мы плануем», — дадаў ён.