З’явілася відэа з дрона, які падарваў расійскі самалёт А-50 (відэа)

У сеціве з’явілася відэа вылету дрона, які, нібыта, падарваў расійскі самалёт ДРЛА А-50 на аэрадроме «Мачулішчы». Відэа змясцілі ўкраінскія СМІ.

bpla.webp

У сеціва трапіла відэа з беспілотніка, які, як мяркуецца, падарваў расійскі самалёт А-50 з сістэмай далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (ДРЛА) на беларускім аэрадроме ў Мачулішчах. На ім можна ўбачыць палёт дрона аж да моманту верагоднага выбуху, піша «Obozrevatel».

Паводле звестак украінскіх СМІ, відэа для Службы бяспекі Украіны нібыта перадалі беларускія партызаны. Там зафіксаваны баявыя кадры, знятыя 26 лютага ад моманту ўзлёту дрона да моманту выбуху.

Таксама адзначаецца, што на аэрадроме «Мачулішчы» працавалі два БПЛА, якія заставаліся незаўважанымі для СПА.

aerodrom.webp

«Можам сказаць, што надвор'е на відэа супадае з надвор'ем у той дзень. На відэа не паказаны момант выбуху, аднак гэта ў чарговы раз пацвярджае, што аэрадром «Мачулішчы» і ўся тэхніка на ім наогул не абароненыя», — адзначылі ў беларускай маніторынгавай групе, прызнанай экстрэмісцкай.

Нагадаем, 2 сакавіка ў «B*POL» апублікавалі відэа, на якім беларускія партызаны бесперашкодна праводзілі разведку ў Мачулішчах і саджалі дрон на радар А-50 на працягу двух тыдняў перад падрывам.



Як пісаў «НЧ», 26 лютага СМІ заявілі, нібыта ў Мачулішчах быў падарваны расійскі самалёт А-50 з сістэмай ДРЛА. Атаку нібыта здзейснілі беларускія партызаны.

Улады ў Мінску не пацвердзілі інцыдэнту, аднак кіраўнік Беларусі сабраў вузкую нараду з сілавікамі, а на мяжы зрабілі больш жорсткім кантроль.

Пасля паведамленняў аб падрыве А-50 у Мачулішчы прылятаў ваенна-транспартны Іл–76 ПС РФ — ён мог прывозіць спецыялістаў або запчасткі для рамонту.



Нагадаем, 26 лютага ў «B*POL» паведамілі, што ўдзельнікі плана «Перамога» распавялі пра два выбухі ў Мачулішчах, якія здарыліся раніцай. Па іх інфармацыі, у выніку быў пашкоджаны расійскі ваенна-транспартны самалёт. Мяркуючы па паведамленнях у мясцовых чатах, гукі было выразна чуваць у той дзень у раёне 8-9.40 раніцы. Далей на аэрадроме бачылі вялікую колькасць ваенных. Таксама прыязджалі Следчы камітэт і хуткая, «стаялі вайскоўцы і аўтаматчыкі», пісалі ў чатах. Пазней паведамленні пачалі чысціць.

У «B*POL» адзначылі: «У выніку двух выбухаў пашкоджанні атрымалі пярэдняя і цэнтральная часткі самалёта, пашкоджана авіёніка і радыёлакацыйная антэна. Пашкоджанні сур'ёзныя, самалёт дакладна ўжо нікуды не паляціць».

Улады ж у Беларусі заявілі, што на аэрадроме «нічога на здарылася».