«Гэта першая з часоў рэйкавай вайны паспяховая акцыя на тэрыторыі Беларусі»

Пра важнасць дыверсіі ў Мачулішчах і маўчанне беларускіх уладаў і разважае акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі.

Фота «Ваяр»

Фота «Ваяр»

26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах адбылася дыверсія. Б*йпол паведаміў, што ўдзельнікі плана «Перамога» з дапамогай дрона пашкодзілі ўнікальны расійскі самалёт А-50.
З першага дня сюжэт з інцыдэнтам не пакідае стужкі сусветных медыя. Цягам трох сутак афіцыйны Мінск захоўваў маўчанне. Толькі намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч, знаходзячыся ў Жэневе, назваў дыверсію «фэйкам»
1 сакавіка беларуская прапаганда паказала ролік, на якім А-50 у прыцемках ездзіць па ўзлётнай паласе на аэрадроме ў Мачулішчах. А ўжо 2 сакавіка самалёт пакінуў Беларусь і накіраваўся на авіярамонтны завод у Таганрогу.
Пра маўчанне беларускіх уладаў і важнасць дыверсіі ў Мачулішчах разважае акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі.
— Чаму і беларускі рэжым, і афіцыйная прапаганда замоўчваюць надзвычайнае здарэнне ў Мачулішчах?
Замоўчвалі цягам першага дня-паўтара, цяпер ужо загаварылі. У сераду лукашэнкаўскія каналы на чале з Беларусь 1 распаўсюджвалі відэаролік (які быў чамусьці зняты ў прыцемках), з якога нібыта вынікае, што А-50 цэлы і цалкам спраўны. Такім чынам, спачатку маўчанне, пазней — запэўненне, што «абсалютна нічога не адбылося». Што ж, рэжым, што лукашэнкаўскі, што пуцінскі, выдатна ўмеюць каментаваць і раздзімаць здарэнні, якія яны самі інсцэніравалі. А вось рэальныя здарэнні ўводзяць гэтыя рэжымы ў інфармацыйна-камунікацыйны ступар. Так бывае з аўтакратыямі.
— Лукашэнка абяцаў «жэстачайшы адказ» на любое праяўленне непакорнасці. Пасля плюшавага дэсанта паляцелі галовы высокапастаўленых сілавікоў. Чым рэжым можа адказаць на дыверсію ў Мачулішчах?  
Супастаўленне з бяскрыўдным здарэннем 2012 года паказвае, наколькі лукашэнкаўскі рэжым, пры ўсёй яго грознасці і злачыннасці, з'яўляецца слабым і баязлівым. Пасля таго інцыдэнту з плюшавымі мішкамі (каторых шведы, нелегальна пранікшы ў паветраную прастору Беларусі, скінулі каля Івянца), Лукашэнка грымеў на ўсю краіну, грымеў грозна і бязлітасна. У адстаўку былі адпраўлены камандуючы ваенна-паветраных сіл і старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта. Яшчэ чатыром ці пяці топ-чыноўнікам, уключна з міністрам абароны і старшынём КДБ аб'яўлены суровыя вымовы. А цяпер — нават калі прыняць, што сур'ёзных пашкоджанняў самалёт не спазнаў, ужо сам факт пранікнення дронаў на такі важны ваенны аб'ект у разы перавышае па значнасці вагу інцыдэнту. Але ў адказ — замоўчванне. Цалкам магчыма, што топ-чыноўнікам Лукашэнка нагаварыў шмат чаго, але, як бачым, усе яны засталіся на сваіх пасадах.  
— Чаму «кейсу Мачулішчаў» надаецца такая вялікая ўвага, у чым ягоная важнасць?
У рэжымнай прасторы акурат усяк імкнуцца знізіць увагу да інцыдэнту і рабіць выгляд, што «насамрэч нічога не здарылася». Ну а ў грамадстве, апазіцыі і ў замежных краінах, канешне, гэта ўспрымаецца як нешта даволі сур'ёзнае. Па-першае, з увагі на ваенную важнасць і дэфіцытнасць самога самалёта (калі сапраўды ён крытычна пашкоджаны, то гэта будзе мець уплыў на далейшы ход вайны, па аналогіі з патапленнем «Масквы»).
Па-другое, гэта першая з часоў рэйкавай вайны паспяховая, хаця б часткова, акцыя апанентаў Лукашэнкі на тэрыторыі Беларусі.