Як адна рэкламная фірма ўсё беларускае войска знішчыла (маральна)

Дванаццаць гадоў таму адбылася падзея, якая ці не назаўсёды вырашыла пытанне з рэпутацыяй беларускага Міністэрства абароны. І вырашыла яго не ў лепшы для беларускага войска бок.

Скрыншот відэа з кабіны шведскага самалёта 

Скрыншот відэа з кабіны шведскага самалёта 


На фоне вайны ва Украіне шмат хто прыняўся ацэньваць баяздольнасць беларускага войска, і гэтая ацэнка, часцяком – не на яго карысць. Маўляў, яно ніколі не ваявала, не ўмее і не здольнае гэтага рабіць. Такія высновы спрабуюць абвергнуць вайсковыя эксперты, але ў масавай свядомасці беларускае войска застаецца з іміджам нягеглага калекі. Чаму так? Можа быць таму, што дбольш за зесяць гадоў таму па іміджы беларускай СПА ды ўвогуле па Узброеных сілах Беларусі быў нанесены моцны, можна нават сказаць, зруйнавальны ідэалагічны ды практычны ўдар. Удар, ад якога яно не можа аправіцца дагэтуль.


Дзёрзкі выклік супрацьпаветранай абароне

Раніцай 4 ліпеня 2012 года з літоўскага аэрадрома Пацюнай (Прэнайскі раён) вылецеў лёгкаматорны самалёт Jodel, кіраваны шведамі Томасам Мазеці (40 гадоў) і Ханай-Лінай Фрэй (22 гады). Паколькі аэрадром знаходзіцца ў некіравальнай паветранай прасторы (на ім няма службаў, якія кантралююць палёты, альбо дзяжурнага, які адзначае ўзлёт-пасадку), вылет прайшоў незаўважаным.

Каля 5 гадзін 57 хвілін, на 49-й хвіліне палёту, самалёт незаконна перасек, верагодна, у раёне «Дзевянішскага выступу» Шальчынінкайскага раёна, мяжу з Беларуссю (паблізу вёскі Баранавічы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці). Рухаючыся на малой вышыні (прыкладна 300-500 метраў), ён праляцеў над вёскай Бакшты і горадам Івянец. Дасягнуўшы ўскраін Мінска(з боку ЦЭЦ-4), пілоты скінулі мяккія цацкі (невялікіх плюшавых мядзведзяў) з прымацаванымі да іх лісткамі, на якіх на англійскай і беларускай мовах былі напісаныя лозунгі ў абарону свабоды слова ў Беларусі. Скіданне адбылося таксама над Івянцом, усяго дэсантаваліся 879 мядзведзікаў.

Увесь палёт заняў каля паўтары гадзіны. Аднак СПА Беларусі парушэнне мяжы і «несанкцыяваны» далёт амаль да Мінску проста праспала. Затое не спалі журналісты. Фота плюшавых мядзведзікаў шырока разышлося па інтэрнэце і незалежных беларускіх СМІ. Аўтарства іх прыпісвалася на той момант 20-гадоваму студэнту Інстытута журналістыкі Антону Сурапіну.

Сам Антон і тады, і цяпер абвяргае, што гэта былі яго фоты.

«Зранку 4 ліпеня ў Мінску пайшлі чуткі, што нейкі самалёт пераляцеў мяжу, скінуў мішак… Да мяне практычна выпадкова трапілі фотаздымкі, якія я мог верыфікаваць: што гэта стопрацэнтна знята ў Беларусі, стопрацэнтна надзейная крыніца. І фотаздымкі, верыфікаваныя, што мішкі былі дакладна ў Беларусі, з’явіліся ў на маім сайце BNP — Belarusian News Photos, адкуль іх расцягнулі па інтэрнэце», — кажа Антон.

na_belarus_skinuli_igrushki_sweeden_1.jpg


Пра дзёрзкае парушэнне дзяржаўнай мяжы Беларусі спачатку паведамілі шведскія СМІ, у прыватнасці, выданне The Local, якое не назвала ані марку самалёта, ані імя-прозвішча пілота. Калі інфармацыя перакачавала ў айчынныя СМІ, нашае Мінабароны заявіла: «За мінулыя суткі парушэння дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы не было. Усе маршруты пералётаў паветраных судоў адсочаныя. За мінулыя суткі дзяжурнымі сіламі па супрацьпаветранай абароне праведзена больш за 1 тыс. паветраных судоў. Органы кіравання паветраным рухам ажыццяўляюць пастаянны кантроль за паветранай прасторай Рэспублікі Беларусь».

Але ўжо на наступны дзень краіна даведалася імёны герояў — адказнасць за акцыю ў падтрымку свабоды слова ўзяло шведскае рэкламнае агенцтва Studio Total, сузаснавальнікам якога і з'яўляўся пілот Мазеці. У якасці доказу ў інтэрнэт быў выкладзены ролік пралёту і «бамбардзіроўкі», зняты як з кабіны самалёта, так і з зямлі.

«Гэта 100-працэнтная правакацыя супраць Беларусі пры падтрымцы замежных спецслужбаў. Нашы сродкі ВПС і СПА не пацвердзілі парушэння паветранай прасторы невядомым самалётам» — заявіў камандуючы ВПС і войскамі СПА Узброеных сіл Беларусі генерал-маёр Дзмітрый Пахмелкін.

У адказ шведы выклалі поўны 90-хвіліны запіс рэйсу. Мінабароны працягвала «гнуць сваю лінію» — нічога не было. «Эксперты выявілі грубую працу з элементамі візуальнай фальсіфікацыі, што сведчыць аб відавочна правакацыйным характары дадзенай інфармацыі», — гаварылася ў афіцыйным камюніке.

Пакуль журналісты дамагаліся ад беларускага войска прызнаць відавочную рэч, рацыю шведаў давёў КДБ, арыштаваўшы 13 ліпеня Антона Сурапіна. «4 ліпеня я апублікаваў фота, яны разышліся па беларускім СМІ, а 15 га раніцай — грукат у дзверы — і панеслася. Тыдзень спатрэбіўся, каб мяне знайсці», — распавядае Антон.


Маўчок, яшчэ маўчок

«Я ўжо сядзеў у СІЗА КДБ, а Лукашэнка па тэлевізіі працягваў крычаць, што ніякага самалёта не было, і гэта ўсё фальшыўка, сфабрыкаваная ў Польшчы», — распавядае Сурапін.

Сапраўды, у той час як недзяржаўныя СМІ шукалі і адшуквалі доказы парушэння беларускай паветранай прасторы, Міністэрства абароны Беларусі, вышэйшае кіраўніцтва і дзяржаўная прапаганда спрабавалі звыкла схаваць галаву ў пясок. Менавіта тады аўтар гэтых радкоў атрымаў ад галоўнага рэдактара газеты «Беларусь Сегодня» Паўла Якубовіча азначэнне, якое зазвычай стаіць статусам у сацыяльных сетках — «раскованный местный журналист». Такім чынам азначыў мяне Павел Ізотавіч за матэрыял з медыяэкспертам Алесем Анціпенкам пра тое, чаму і як улады спрабуюць «замаўчаць» інцыдэнт са шведскім самалётам.

Сутнасць таго артыкула Якубовіча перадавала наратыў усёй афіцыйнай пазіцыі: шведскага самалёта не было, таму што беларускае Мінабароны адпрэчвае яго існаванне. Маўляў, трэба слухаць правераныя і афіцыйныя беларускія крыніцы, а калі афіцыйныя крыніцы пра нешта не кажуць, значыць, гэтага не існуе ў прыродзе, і не трэба «нагнятаць».

Але Антон Сурапін на той момант ужо знаходзіўся ў СІЗА КДБ, і ўсім было цікава: за што? Бо, калі верыць Мінабароны, то атрымліваецца — ні за што?

_281370_5_26a6db142025e8aa6b403a66ee9c78b4.jpg


Гэтае ж пытанне ўзнікала і ў журналісцкага асяроддзя і да КДБ. Камітэт нічога не казаў з нагоды затрымання як Антона, так і рыэлтара Сяргея Башарымава (да яго ці звярталіся, ці маглі звярнуцца па пытанні арэнды жылля на кароткі тэрмін чальцы шведскай «групы падтрымкі», якія легальна заехалі ў Беларусь, каб з зямлі назіраць за выніковасцю «плюшавага дэсанту»).

Штопраўда, журналістам і праваабаронцам «і так усё было зразумела», таму што доказы таго, як лёгка праляцець праз «непрыступную» беларускую супрацьпаветраную абарону, множыліся і раслі снежным камяком. Шведы не маўчалі, раскрываючы ўсю лагістыку ды кажучы пра недатычнасць да іх акцыі ані Сурапіна, ані Башарымава, ані ўвогуле каго-небудзь з беларусаў.

Незалежныя СМІ гулі, як вуллі, абсмоктваючы кожны новы факт і кожную новую заяву. Дзяржаўныя СМІ і дзяржаўныя органы сядзелі ціхенька і рабілі выгляд, што нічога не адбываецца, зрэдку ўвязваючыся ў пазіцыйныя баі са сваімі больш разняволенымі калегамі.

Енк «Як жа вы дапусцілі?!» у дзяржСМІ пачаўся толькі 26 ліпеня, калі Лукашэнка прызнаў факт «плюшавага дэсанту» і паабяцаў «знайсці вінаватых». А за імі і КДБ паведаміў (7 жніўня), што Сурапін і Башарымаў затрыманыя па абвінавачванні ў «дапамаганні незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы».

Тры тыдні афіцыйныя ведамствы нягегла рабілі выгляд, што нічога не адбылося: у той час, як доказы паспяховага пралёту «нелегальнага» самалёта аж да Мінска і абмеркаванне гэтага безумоўнага факту павялічваліся і раслі, як лясны пажар.

А Антон Сурапін, як ён кажа цяпер, рыхтаваўся «прысесці» надоўга. Часы і тады былі, як адзначае Антон, далёка не траваедныя. «Цяпер я, канешне, жартую, што я стаў палітзняволеным да таго, як гэта стала мэйнстрымам. Але чыста тэарэтычна — так, я мог пайсці далёка і надоўга. Давай узгадаем 2012-ты: яшчэ не скончыліся наступствы «Плошчы-2010». Некаторыя экс-кандыдаты ў прэзідэнты сядзяць, у Беларусі — дзясяткі, калі не сотні, іншых палітвязняў. Вельмі свежы «кейс Бяляцкага», — а праваабаронцы і журналісты ў Беларусі, гэта калі не сумежныя паняцці, дык нешта падобнае на тое, і гэтак далей. Таму б на той момант я б не здзівіўся, калі б мне сапраўды далі сем год з канфіскацыяй маёмасці. Праўда, што на той момант можна было канфіскаваць у 20-гадовага студэнта Інстытута журналістыкі БДУ? Тэлефон, узяты ў растэрміноўку на Life? Але атмасфера тады была, мякка кажучы, не ідэальная. 2012 год — гэта таксама палітвязні, санкцыі, і можна было рыхтавацца да ўсяго, чаго заўгодна», — разважае ён.


«Пікетаванне шляхам фатаграфавання»

Абсурд ніколі не ходзіць адзін. Зразумела, што пасля затрымання Сурапіна з Башарымавым ўзрушыліся журналісцкая і праваабарончая супольнасці. Ва ўсе бакі паляцелі заявы пра незаконнае затрыманне і арышт (па словах Лукашэнкі і Мінабароны нічога не было, вы ж памятаеце?), а ў інтэрнэце пачалася кампанія за вызваленне вязняў.

Адна з акцый у падтрымку Сурапіна і Башарымава палягала ў тым, што людзі рабілі фотаздымкі з плюшавымі мядзведзікамі, якія трымалі ўжо іншы тэкст: кшталту «Свабоду Сурапіну», і выкладалі гэтыя фоты ў інтэрнэт. І 8 жніўня 2012 у Мінску былі затрыманыя фатографка Юлія Дарашкевіч і журналістка газеты «Камсамольская праўда ў Беларусі» Ірына Козлік. У момант затрымання дзяўчыны фатаграфаваліся з невялікім плюшавым мішкам.

У РУУС Савецкага раёна ім была агучаная прычына затрымання — на думку міліцыянтаў, журналісткі ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным «пікетаванні шляхам фатаграфавання».

Суддзя суда Савецкага раёна Паўлючэнка прыняў гэтую версію РУУС. Менавіта ён вырашыў, што дзве дзяўчыны — гэта ўжо «масавае» мерапрыемства, а фатаграфаванне — сапраўды пікетаванне. Пры гэтым суддзя Паўлючэнка нават не ставіў пытанне, ці парушылі Козлік і Дарашкевіч грамадскі парадак, і калі так, то якім чынам. Ён пакараў дзеўчын штрафам у 30 базавых велічынь: па сённяшніх часах бздура, а тады — сур'ёзная рэч.

Адна з акцый у падтрымку Сурапіна і Башарымава

Адна з акцый у падтрымку Сурапіна і Башарымава


Перчыку дадало тое, што супрацоўнікі таго самага РУУС, якія выдумалі новы беларускі мем (так, фраза «пікетаванне шляхам фатаграфавання» даволі працяглы час была крылатай), практычна поўнасцю перакрылі ўваход у будынак суда. На адкрыты (тэарэтычна) працэс з цяжкасцю трапілі толькі некалькі чалавек. Прычыны нядопуску публікі ў будынак супрацоўнікі РУУС назваць, канешне, адмовіліся, а адміністрацыя суда на сітуацыю не адрэагавала.

Журналісты напісалі скаргу старшыні суда, адказ таксама быў цікавы: аказваецца, супрацоўнікі аховы суда наўпрост не падпарадкоўваюцца старшыні суда (!!!).

«Пра пікетаванне шляхам фатаграфавання, пра выказванні вялікіх, важных і разумных асоб у маю падтрымку я тады нават не здагадваўся. Да мяне даходзілі лісты толькі ад маці, і ўпершыню ў жыцці я атрымаў тэлеграму — ад суседкі, якая падпісалася цёткай. Інфармацыйны вакуум быў і тады, а пра акцыі падтрымкі я мог здагадвацца па вельмі і вельмі ўскосных рэчах. Я сапраўды не мог думаць, што "Міжнародная Амністыя", "Рэпарцёры без межаў", праваабаронцы па ўсім свеце ладзяць акцыі ў маю падтрымку — такой інфармацыі не было, і я пра гэта даведаўся, толькі тады, калі я выйшаў», — згадвае Антон Сурапін.


Шыла ў мяху

За прызнаннем Лукашэнкі пра тое, што шведскі самалёт усё ж двойчы (туды і назад) беспакарана і беспраблемна праляцеў беларускую мяжу, скінуўшы каля тысячы плюшавых мішак, настаў перыяд «аргвысноваў». 31 ліпеня Лукашэнка вызваліў ад пасады камандуючага ВПС і войскамі СПА Беларусі Дзмітрыя Пахмелкіна — таго самага, які казаў пра «правакацыю заходніх спецслужбаў». Зляцелі з пасадаў таксама старшыня Дзяржпамежкамітэта Ігар Рачкоўскі і яго першы намеснік — начальнік галоўнага аператыўнага ўпраўлення генерал-маёр Андрэй Гарулька — за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Аб няпоўнай службовай адпаведнасці былі папярэджаны міністр абароны Юрый Жадобін і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Пётр Ціханоўскі. Былі абвешчаны вымовы дзяржсакратару Савета бяспекі Леаніду Мальцаву і старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Вадзіму Зайцаву.

Сурапіна і Башарымава выпусцілі з КДБ 17 жніўня — пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

«Пікетаванне шляхам фатаграфавання» выклікала ўзмацненне рыторыкі беларускай журналісцкай супольнасці 

«Пікетаванне шляхам фатаграфавання» выклікала ўзмацненне рыторыкі беларускай журналісцкай супольнасці 


«Забралі мяне ў пятніцу. Выпусцілі таксама ў пятніцу, 17 жніўня, і ў мяне ёсць крыху канспіралагічная тэорыя, чаму мяне адпусцілі. Таму, што Пуцін у гэты час пасадзіў Pussy Riot — за іх акцыю у нейкім саборы. Таксама вельмі гучная пасадка, пра яе пісалі ва ўсім свеце. І мая тэорыя змовы заключаецца ў тым, што Лукашэнка маім выпускам вырашыў паказаць, што ён не самы апошні дыктатар Еўропы — ёсць яшчэ горш за яго. Мажліва, на той момант спрабавалі пагуляць у нейкую размарозку», — лічыць Сурапін.

А Мінабароны рэзка змяніла рыторыку: з «нічога не было» яна ператварылася ў… «мы іх бачылі!». Раптам аказалася, што, нібыта, пры перасячэнні мяжы самалёт быў заўважаны пагранічным нарадам, які знаходзіўся на мяжы. Пра здарэнне нарад паведаміў дзяжурнаму па памежнаму пасту «Суботнікі», аднак дзяжурны — старшы прапаршчык, «у парушэнне ўстаноўленага парадку, па ўласнай нядбайнасці не перадаў прынятае данясенне аб назіранні над дзяржаўнай мяжой паветранай мэты — лятальнага апарата — у падраздзяленне ВПС і войскаў СПА і вышэйстаячаму дзяжурнаму памежнага атрада». І, «паколькі апавяшчэнне адсутнічала, падраздзяленні СПА не былі пераведзены ў рэжым павышэння ступені баявой гатоўнасці, не выявілі і не спынілі парушэнне дзяржаўнай мяжы Беларусі замежным паветраным суднам».

То бок, у аб'яднанай расійска-беларускай супрацьпаветранай абароны замест радараў выявіліся біноклі памежнікаў, а замест сістэмы апавяшчэння — ногі прапаршчыка. Цікава, калі б яны паспрабавалі збіць самалёт — яны б з рагаткі стралялі?

Прапаршчык выявіўся адзіным «стрэлачнікам»: за парушэнне правілаў нясення памежнай службы яму далі два гады пазбаўлення волі.

А КДБ спыніў справу супраць Сурапіна і Башарымава, пра што стала вядома толькі ў чэрвені 2013 года. Тады ж з іх былі знятыя і падпіскі аб нявыездзе.


Доўгі ўдар па іміджы арміі

«Для мяне гэта пройдзены кейс, гісторыя, якую можна будзе расказаць дзецям, унукам, з піўком на беразе мора. Я гэтым не жыву. Было і было», — кажа цяпер Антон Сурапін. Ён можа згадваць свае 35 дзён у КДБ цяпер так. Ён нават адсудзіў матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды — 2 сакавіка 2016 года суд Маскоўскага раёна прыняў рашэнне пакрыць журналісту шкоду ў памеры 8 мільёнаў рублёў. Праўда, 1 ліпеня таго ж года настала дэнамінацыя, і 8 мільёнаў ператварыліся ў 800 рублёў, але ж…

Антон Сурапін

Антон Сурапін


Але ж удар па іміджы беларускага войска і аб'яднанай з расійцамі сістэмы СПА аказаўся глабальным. Цяпер, калі разважаюць пра боеняздольнасць беларускага войска — згадваюць, канешне, і «плюшавых мішак». Калі варожаць, чаму Расія ў вайне ва Украіне спачатку не здолела збіваць «Байрактары», а цяпер не здольная зачапіць «Хаймарсы» — адказ таксама ў плюшавых мішках, бо СПА Расіі і Беларусі былі адзіныя ўжо ў 2012-м.

Плюшавых мядзведзікаў як удар па Лукашэнку згадвалі замежныя сатырыкі і ў 2020-м.

І, канешне ж, гэта быў моцны плюс у скарбонку беларускай незалежнай журналістыкі, якая фактычна не дазволіла «замаўчаць» тую падзею. Тры тыдні ўлада рабіла выгляд, што нічога не адбылося, і ўсе тры тыдні журналісты яе «дзяўблі, дзяўблі, дзяўблі» — і фактычна змусілі прызнацца ў тым, што інцыдэнт усё ж такі адбыўся. Журналісты мелі рацыю, а Міністэрства абароны – не.

А асабіста для Антона Сурапіна тая сітуацыя стала высновай, што трэба «спачатку рабіць, а потым баяцца». «Я журналіст, і каб тады я да публікацыі думаў, што адбудзецца ў выніку публікацыі фота, магчыма, тады б сваім 20-гадовым розумам я б вагаўся — публікаваць тыя фотаздымкі, ці не. Цяпер для мяне пытання такога не стаіць: публікаваць заўсёды трэба. Я ўжо пасядзеў у СІЗА КДБ, і самае горшае, на маю думку, са мной у жыцці ўжо адбылося. Таму тая сітуацыя цяпер дадае мне рашучасці і авантурызму», — пасміхаецца ён.