Непальская «рэвалюцыя зумераў»: як выглядае Катманду пасля пратэстаў. Фотарэпартаж

У верасні маладое пакаленне непальцаў атакавала парламент і прымусіла ўрад сысці ў адстаўку. Днямі наш карэспандэнт праехаўся па Катманду, каб адшукаць сляды рэвалюцыі і зразумець, ці пануе хаос, якім так любяць палохаць аўтарытарныя прапагандысты.

Пострэвалюцыйны Непал — краіна не для кожнага. У Гімалаях наўрад ці будзе ўтульна прапагандыстам беларускага афіцыёзу, якія штодня ўціраюць у эфірах, што наступствамі зрынання дзейнай улады абавязкова стане жудасны хаос.

Аднак у Катманду пасля вераснёўскіх падзей, калі непальцы — пераважна моладзь — атакавалі парламент і прымусілі прэм’ер-міністра сысці ў адстаўку, хаосу не назіраецца. Хаос ёсць толькі на вуліцах — праз кіроўцаў скутараў і матацыклаў, якія носяцца паўсюль, ігнаруючы любыя правілы.

photo_2025_12_03_19_46_34.jpg

Мабыць, галоўнае, што нагадвае пра нядаўнюю рэвалюцыю, — гэта графіці на сценах. Напрыклад, такое, якое праслаўляе дэмакратыю.

photo_2025_12_03_19_47_28.jpg

Некаторыя слоганы выклікаюць у турыстаў здзіўленне. Напрыклад, графіці ў абарону Канстытуцыі 2072 года. Паколькі на двары, як усім вядома, 2025-ы, такі падлік часу бянтэжыць. Усё проста: у Непале дзейнічае свой каляндар  Непальскі Вікрам Самбат, і зараз па ім 2082 год. Канстытуцыя, адпаведна, была прынята 10 гадоў таму: у 2072-м па непальскім летазлічэнні.

photo_2025_12_03_19_48_59.jpg

Эпіцэнтр рэвалюцыі, якую з-за ўзросту ўдзельнікаў называюць «рэвалюцыяй зумераў», знаходзіўся ва ўрадавым квартале. Менавіта сюды ў верасні выйшлі натоўпы маладых людзей, незадаволеных блакіроўкай сацыяльных сетак. Сілавікі спрабавалі разбурыць пратэст з дапамогай спецтэхнікі, але безвынікова. Пра гэта сведчаць кучы спаленай паліцэйскай і ваеннай тэхнікі, што сёння валяюцца на пустцы ў цэнтры Катманду.

photo_2025_12_03_19_49_55.jpg

Галоўнай мэтай маніфестантаў быў будынак парламента (Непал — парламенцка-прэзідэнцкая краіна). Але па дарозе «зумерам» патрапілі пад руку і іншыя адміністрацыйныя будынкі. Падаецца, найбольш дасталася офісу генеральнага пракурора, які, судзячы па выглядзе, спачатку падпалілі, а пасля разрабавалі.

photo_2025_12_03_19_50_43.jpg

На жаль, будынак парламента, які таксама штурмавалі і адкуль кіраўнік краіны збег на верталёце, знаходзіцца ў глыбіні парка. Туды не пускаюць ні турыстаў, ні, кажуць, нават мясцовых. З-за плота бачна толькі частку будынка са слядамі пажараў.

photo_2025_12_03_19_51_26.jpg

Таму застаецца разглядаць артэфакты паўстання на ўваходзе ў парк. Калі меркаваць па абломках турнікетаў і сарваным з плота калючым дроце, у дні рэвалюцыі тут было вельмі горача.

photo_2025_12_03_19_52_08.jpg

Слядоў рэвалюцыі на вуліцах не так і шмат. Але пра завершанасць працэсу казаць рана. На падыходах да ўрадавага раёна дзяжураць групы спецназу, якія рыхтуюцца да магчымых новых бунтаў «зумераў». У газетах паведамляюць, што ў некаторых правінцыях дагэтуль дзейнічае каменданцкая гадзіна.

photo_2025_12_03_19_52_57.jpg

Хутчэй за ўсё, калі пратэсты і адновяцца, то вясной — пасля пазатэрміновых выбараў у парламент. А пакуль што, калі ў вас ёсць час і грошы, можна смела ехаць у Катманду. І горад, і краіна цудоўныя. Не пашкадуеце.

photo_2025_12_03_19_53_38.jpg