Беларусь, якая чакае. Апошнія кавалкі цяпла (ФОТА)

 Восеньскі вайб працягвае панаваць у інстаграмах ды іншых ціктоках, і, падаецца, зіме будзе складана адправіць каляровы настрой на непазбежны адпачынак. Сёння мы вырашылі пакінуць у спакоі нашага кіроўцу і ягонага вернага жалезнага сябра і проста пашпацыраваць па сталічных вуліцах, каб захаваць час, калі рознакаляровае лісцё ўжо амаль пакінула дрэвы, а горад рыхтуецца прыняць першы снег. Паехалі! Але... Пайшлі!

_belarus_minsk_park_loszyca_vosen_2025_fota_novy_czas__6_.jpg

Пачынаючы з верасня, шматлікія прарокі ад надвор’я ўсё больш упэўнена абяцаюць беларусам незвычайна жорсткую зіму з гурбамі снегу і замёрзлымі ў ніжняй траціне градуснікамі. Паглядзім, вядома, але сёння пакуль можна ўпэўнена сказаць толькі адно: восень напоўніцу спраўдзіла чаканні — была каляровай, яркай, утульнай. Лісцё шамацела, сацсеткі зіхацелі, сонца спраўна сачыла за ўсім гэтым і з’яўлялася на небасхіле ў самыя патрэбныя моманты. І вось напрыканцы восені надвор’е раптам расшчодрылася на некалькі сапраўды прыемных дзён — грэх было гэтым не скарыстацца.

Дарэмна думаць, што непагадзь абыходзіць восеньскі горад. Нават у сонечны дзень усё можа змяніцца за лічаныя імгненні: раптоўны халодны дождж хутка нагадвае мінакам, што такое сапраўдная восень, а голас «Юры-музыканта» ў навушніках падрабязна дапаўняе атмасферу. Але і гэта рана ці позна сыходзіць, пакідаючы мокрыя капелюшы, кроплі на твары і цені на небасхіле. Да наступнага разу, які можа здарыцца ўжо праз дзясятак хвілінаў. Нармалёва! І не такое бачылі…

Восень у горадзе — асобнае відовішча. Шмат хто ў гэты час накіроўваецца ў паркі, скверы і іншыя прыродазмяшчальныя лакацыі — і гэта цалкам слушна. Не кожны можа выбрацца за горад на дзень-другі, ды каб яшчэ і надвор’е не падвяло — сапраўдны джэк-пот. Наш фатограф бурчыць, што прыгожую восень за горадам нават «дурань з тапкам» здыме, а вось знайсці нешта вартае ўвагі ў даўно знаёмых гарадскіх месцах — задача «з зорачкай». Таму мы з ім самааддана крочым далей і далей.

Калі вы думаеце, што ўсё заканчваецца адным днём — не. Літаральна праз дзень тэлефон голасам фатографа абвяшчае: сёння туман, трэба працягваць.

«Субота, нікому нікуды не трэба! Акрамя нас…» — дабівае ён, знішчаючы апошнія спробы адмовіцца або перанесці шпацыр. Ну туман дык туман. Гэта яшчэ адна «фішка» беларускай восені. Кажуць, што ў Мінску бывае больш дзён з туманамі, чым у Лондане. Толькі там навокал Брытанія, а тут — вось гэта ўсё. Карацей, хадзем у туман. Дзесьці там кожнага вожыка чакае ягоная лашадачка.

Было б няправільна не наведаць хаця б адзін прыгожы сталічны парк. Дачакаліся сканчэння дажджоў — і пагналі ў Лошыцу. Чамусьці яна падабаецца нам больш за ўсё. Заходзіш — і, нягледзячы на сучасныя ўпрыгожванні, адчуваеш тонкі, празрысты подых старых часоў. Часам нават здаецца, што вось-вось недзе побач прагучаць мяккія крокі коней, з-за дрэў вынырне элегантны экіпаж, адкуль выйдуць густоўна апранутыя людзі і спакойна пойдуць шпацыраваць па старым парку, напоеным восеньскім водарам. А рэальнасць будзе нагадваць пра сябе толькі абрысамі сучасных будынкаў на гарызонце ды нашымі задаволенымі тварамі. А цішыню парушае толькі наш фатограф, які ліхаманкава цісне на кнопку фотаапарата. Вось бы так…

Вярнуцца да рэальнасці дапамагае новая порцыя халоднага непрацяглага дажджу. Мы пакідаем парк і яшчэ крыху вандруем па горадзе, які ўпарта трымае апошнія промні сонца і цяпла.

Калі вы будзеце чытаць гэтыя радкі, хутчэй за ўсё, за вокнамі ўжо стане халадней, а стальныя хмары рыхтавацца да першых снежных нападаў. Праз некаторы час зямля стоміцца ад барацьбы з холадам і схаваецца пад белай сцюдзёнай коўдрай. Можа падацца, што яна аддала ўсё цяпло і больш не зможа супрацьстаяць зіме — але гэта няпраўда. Дзесьці глыбока захоўваецца маленькі кавалачак цяпла, у якім спіць зерне, што абавязкова прачнецца вясной і праб’е сабе дарогу да паветра і сонца. Так і мы павінны захоўваць пад швэдрамі ды паліто свой кавалачак цяпла — і дзяліцца ім з тымі, каму яго больш патрэбна. Зіма ж не назаўсёды!