Беларусь, якая чакае. Вераснёўскія замалёўкі з паўночнага ўсходу (ФОТА)
Непрадказальнасць — адна з галоўных рысаў сапраўднага валацугі, і менавіта таму сённяшні маршрут было вырашана будаваць у зусім адваротным напрамку ад мінулага. Тым больш, што ў папярэднія разы некалькі месцаў паўночнага ўсходу краіны засталіся без увагі, і гэта трэба было абавязкова выпраўляць. Паехалі!
Пакуль нашы чытачы яшчэ марна спадзяюцца на нейкае «бабіна лета» і ратуюць рэшткі ўраджаю на сваіх шматлікіх сотках, мы ўжо засяроджана перабіраем восеньскую вопратку і абутак, каб быць падрыхтаванымі з усіх бакоў да тых «прыемнасцяў», на якія беларускі верасень такі шчодры. Выязджаем з гораду пад шоргат дворнікаў па лабавым шкле ў рэжыме «нон-стоп» і з насупленым фатографам, які кожныя 10 хвілін адсочвае паказанні радара надвор'я, бо менавіта ён усіх запэўніваў, што ехаць трэба дакладна сёння. Не ведаем, што ён там рабіў ды прышэптваў, але літаральна за некалькі хвілінаў да прыбыцця ў нашу першую кропку дождж спыніўся, і невялічкае мястэчка Мсціж сустракае нас шыкоўным водарам сапраўднай восені.
Але ж не толькі за вераснёўскім водарам мы сюды прыехалі. Вёска Мсціж мае багатую гісторыю — тутэйшымі землямі валодалі Радзвілы, Тышкевічы і, нарэшце, Храптовічы, якія і прадалі Мсціж Мікалаю Слізню ў 1776 годзе. Мы ўжо троху распавядалі пра гэты вядомы род напачатку нашай Вялікай Берасцейскай вандроўкі. У Мсціжы сын МІкалая Юзэф пабудаваў прыгожы двухпавярховы палац, але чамусьці аніводнай ягонай выявы не захавалася. Таксама тут месціліся звярынец, парк і цяпліцы з некалькімі тысячамі раслін — Юзэф вельмі цікавіўся біялогіяй. У палацы мелася бібліятэка, дзе захоўваліся даволі рэдкія выданні XVI-XVIII стагоддзяў і калекцыя манет ды медалёў, якую збіраў Юзэф. На жаль, пасля ягонага сыходу, зяць Юзэфа Ігнаці Буглак перавез каштоўнасці ў Жылічы, а палацам цікавіўся зрэдку. А ў 1890 годзе пажар знішчыў будынак.
Наступныя гаспадары аднавілі палац, але ён быў ужо драўляны і не выклікаў такой цікавасці. Пасля Першай сусветнай вайны ад комплексу ацалела толькі старая брама і рэшткі бутавай агароджы, якія павольна руйнуюцца дагэтуль, а вёска Мсціж метадычна штогод перагортвае чарговую старонку свайго існавання.
Зусім недалёка месціцца вёска з красамоўнай назвай «Вароўскага», якая раней была больш мілагучнымі Дзядзілавічамі (Дыдалавічамі), дзе таксама мелася сядзіба Слізняў. Але ў ХІХ стагоддзі гэтыя землі арандаваліся Тышкевічамі, пры якіх з'явіліся магутныя гаспадарчыя пабудовы стайні і вінакурні. Ёсць меркаванне, што справы ў Дзядзілавічах ішлі не вельмі добра, і Пій Тышкевіч быў запрошаны, каб нешта паправіць — як цяпер кажуць, «антыкрызысным кіраўніком». Цалкам верагодная версія, улічваючы, што і Мсціж пасля сыходу Юзэфа Слізня таксама пачаў павольна прыходзіць у заняпад.
Афіцыйна ўладальнікамі маёнтка Тышкевічы сталі ў 1908 годзе, калі тут ужо напоўніцу працавалі бровар ды вінакурня і меўся сядзібны дом, ад якога ў наш час дайшлі толькі цагляныя фрагменты ў выглядзе рэшткаў слупоў. У 1917 годзе ўсё гэта было нацыяналізавана новай уладай, і пазней тут быў створаны калгас пад адпаведнай і натхняльнай назвай «Вароўскага».
Як вы ўжо заўважылі, надвор'е спрабуе рэабілітавацца за свае паводзіны, і восеньскае наваколле патроху пачынае набываць колеры. Фатограф ходзіць важны з выглядам «А што я вам казаў, га?», але мы ўжо прызвычаіліся. Тым больш, што краявіды сёння вельмі маляўнічыя.
Так, верасень ужо больш смела карыстаецца рознымі фарбамі, каб зрабіць шэрыя дажджлівыя і халодныя дні хоць неяк больш прывабнымі і палегчыць пераход ад летняга цяпла (а яно было?) да часоў швэдраў і пальчатак. Зараз самым каштоўным з'яўляецца здольнасць заўважаць каляровае і добрае, а не засяроджвацца на шэрым і брыдкім, не даваць холаду звонку забіраць нашыя целы і душы. Гэта складана, але цалкам магчыма. Трэба толькі пачаць і не спыняцца.
А вось і наша наступная цікавостка ў вёсцы Двор-Таронкавічы. Гэта не палацавы будынак, а вельмі прыгожы стары бровар і невялікае спіртасховішча побач з возерам. Імя гаспадара схавана ў цемры гадоў, але відавочна, што пабудаванае гэта ўсё напрыканцы ХІХ стагоддзя, бо вельмі падобнае на тое, што мы сёння ўжо бачылі.
Ёсць тут яшчэ адна цікавостка, якую называюць «Беларускі Стоўнхендж», але знаходзіцца дзесьці пасярод мясцовых палёў. Крытычна агледзеўшы сябе і свой абутак, а потым зірнуўшы на поле пасля нядаўняй залевы, мы зразумелі, што яшчэ не зусім дасканала гатовыя да восеньскага валацужнага сезону. Да гэтага Стоўнхенджу мы яшчэ вернемся, абяцаем! А пакуль яшчэ крыху пашпацыруем побач з броварам і прыгадаем мясцовую легенду аб тым, што калі прыйшлі бальшавікі, то вырашылі бровар зачыніць. Агромністы чан са спіртам ці нават два проста вылілі ў возера. З эколагамі тады было зусім кепска, а вось з мясцовымі мужыкамі, якія любілі выпіць, — наадварот добра. Карацей, на берагах возера было зусім мала вольнага месца праз ляжачых аматараў спіртнога, якія задуменна хлябталі прама з возера і нават не спрабавалі ўставаць. Такі вось Таронкавіцкі кактэйль атрымаўся — пытайцеся ў лепшых барах сусвету!
А потым здарылася тое, што павінна было здарыцца і будзе здарацца яшчэ не аднойчы. Небасхіл расшчодрыўся на фактурныя аблокі, халодны вецер ператварыўся ў прыемны ветрык з адценнямі лета і выглянуў кавалак сонца. Канешне ж, фатограф рашуча выбухнуў «Стоп!», ускараскаўся і знік за прыдарожным працяглым узгоркам. Мы, як сапраўдныя сябры, троху пачакалі і палезлі за ім. Ну, а там ужо стала зразумела, што больш нікуды мы сёння не паедзем... Нават наш кіроўца тэлефон свой дастаў, каб пафатаграфаваць, а гэта бывае не кожны месяц.
Дні скарачаюцца, час вандроўкі таксама няўмольна падыходзіць да завяршэння, бо яшчэ ж дадому трэба вярнуцца праз шматлікія дарожныя рамонты-шмамонты, таму вастрым косы колы ў напрамку гораду. Жадаем нашым чытачам плённага завяршэння садавінна-гароднінавага сэзону, цёплага надвор'я ў душы і трошачкі звонку. Ну, і на нас не забывайцеся і падкідвайце новыя напрамкі для вандровак! Бывайце здаровы — Пішыце Замовы!
І яшчэ крышачку фота з прастораў Беларусі!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.