Беларусь, якая чакае. Туманныя перспектывы зімы (ФОТА)
Снежань пакуль не спяшаецца адпавядаць сваёй назве і замест белай пухнатай коўдры дасылае нам штодня нейкія незразумелыя рэчы, якія, відавочна, пазычыў у сваіх папярэднікаў. Лістападаўскія туманы, кастрычніцкія +8 з дажджом, грыбы ў лесе. Падчас гэтага чакання мы вырашылі зладзіць невялічкі шпацыр па сталіцы і паказаць вам, якой зіма быць не павінна. Пайшлі!

Па тэхнічных прычынах мы часова засталіся без кіроўцы і таму вымушаныя адкласці звыклыя працяглыя вандроўкі на нейкі час. Але ж без справы сядзець не жадаем, і разам з фатографам імглістым ранкам выпраўляемся фіксаваць дрэнныя паводзіны зімы-2025, каб потым паказаць усім — і каб ёй было сорамна. Пачынаем з дажджу і будынку старога аэрапорту, які працягваюць упэўнена атачаць новыя «чалавейнікі Мінск-Міру».

Тым часам снежань дастаў з кішэні чарговую порцыю пазычанага ў лістападу туману і шчодра шпурлянуў яе на цэнтр Мінску. Ёсць, канешне, у гэтым свая прыгажосць, але чакалася іншага. Асабліва сумуе фатограф — ён у нас аматар снегу, гурбаў, марозу і ўсяго такога. Ну нічога, ператрывае неяк. Што-што, а трываць беларусам прызвычайвацца не трэба.
Вось каму такое надвор’е да спадобы, дык гэта птушкам! Дастаткова цёпла, двухногія спраўна прыносяць пачастунак, аніякага лёду — натуральнае шчасце. У якасці ўдзячнасці можна зрабіць некалькі эфектных позаў для інстаграму блогерам і для нашага фатографа. Калі што — птушкі заўсёды на гэтым месцы. Выбар вялікі: галубы, чайкі, качкі. Такое вось птушына-мадэльнае агенцтва «На Свіслачы».
Увогуле паводзіны снежня нагадваюць хлопчыка, які атрымаў дрэнную адзнаку ў школе і ніяк не наважыцца пайсці дадому з такой навіной. Здавалася б, ну ўсё роўна ж прыйдзецца і дадому ісці, і пра двойку сказаць, і атрымаць заслужанае ад бацькоў… Тым не менш, ён працягвае бадзяцца, пінаць смецце і цягнуць час. Снежань, чуеш? Прыходзь ужо, мы ўсё даруем!
Дожджык, ветрык, дожджык з ветрыкам — а мы працягваем шпацыраваць па цэнтры. Трэба пачысціць галаву ад тыднёвага хламу, падыхаць паветрам і проста пабыць сам-насам з сабой. Размовы скончыліся, навіны абмеркаваныя, здалёк далятаюць гукі гораду, тэлефон у «авія-рэжыме» — час спакойна і ціха пахадзіць.
Каляндар няўмольна адлічвае апошнія дні бягучага году, і зусім хутка апошні лісток з некалі пухлага стосу паляціць у сметніцу часу. Яшчэ ёсць трошкі часу зрабіць нешта добрае цягам гэтых дзён, дадаць фарбаў у шэрасць, пачаць накідваць абрысы планаў на пачатак новага году, дзе абавязкова будзе месца шпацырам і вандроўкам, добрым справам і нечаканым прыемнасцям. Мы, напрыклад, ужо так і робім. Нікуды не знікайце — мы хутка вернемся!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі (гэта бясплатна :)). Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.



















