Расійскія войскі наступаюць «кожны божы дзень» — у бок Расіі
Уладзімір Пуцін падчас прэс-канферэнцыі заявіў, што расійскія войскі ва Украіне «наступаюць кожны божы дзень». Але аналітыкі кажуць, што абаронцы Украіны за травень вызвалілі каля 50 квадратных кіламетраў толькі на Аляксандраўскім кірунку. У Пуціна — «альтэрнатыўны наступ»? Ідуць 1557-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

У цэлым на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 291 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ 30 траўня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 49 штурмаў расіян ў раёнах Радзінскага, Новааляксандраўкі, Грышына, Котліна, Удачнага, Маладзецкага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 40 атак у раёнах Дабраполля, Залізнічнага, Аленаканстанцінаўкі і ў бок Новага Запарожжа, Гуляйпольскага, Верхняй Тэрсы, Уздвіжаўкі, Стараўкраінкі і іншых.
На Ліманскім і Канстанцінаўскім кірунках расіяне здзейснілі па 12 атак на кожным.
На Арэхаўскім кірунку УСУ спынілі 10 спроб аоміі РФ прасунуцца наперад у раёнах Шчарбакоў, Плаўняў і Стэпнагорску.
На Куп’янскім і Паўднёва-Слабажанскім кірунках зафіксавана па восем боесутыкненняў на кожным.
* * *
Аналітычны праект DeepState паведаміў, што УСУ вызвалілі тэрыторыю паблізу Навасёлаўкі на Аляксандраўскім кірунку. «Сілы абароны Украіны вызвалілі тэрыторыю паблізу Навасёлаўкі, а таксама праводзяць зачысткі ад ворага паблізу Вароннага, Січневага, Паддубнага, Тоўстага, Навахацкага і Зялёнага Гаю», — гаворыцца ў паведамленні.
Аналітыкі адзначаюць, што расіяне страцілі не менш за 46 кв. км тэрыторыі. DeepState піша пра поспех абаронцаў Украіны на Аляксандраўскім кірунку ў «пацвярджэнне інфармацыі Генштаба УСУ».
* * *
У ноч на 30 траўня расійскія войскі нанеслі масіраваны ўдар беспілотнікамі па Шосткінскай грамадзе Сумскай вобласці, у выніку чаго пашкоджаны жылыя дамы і адміністрацыйныя памяшканні.
У цэнтры Херсона расійскі беспілотнік трапіў у газаправод, у выніку чаго трое гараджан атрымалі траўмы.
Вечарам 29 траўня ў выніку атакі расійскіх беспілотнікаў на Палтаўскую вобласць былі пашкоджаны жылыя дамы і грамадзянская інфраструктура, два чалавекі атрымалі раненні.
У ноч на 30 траўня беспілотнікі атакавалі партовую інфраструктуру Таганрогу Растоўскай вобласці Расіі, у выніку чаго загарэліся танкер і рэзервуар з палівам. Таксама пад удар патрапіла нафтабаза ў Краснадарскім краі.
* * *

* * *
Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін падчас прэс-канферэнцыі заявіў, што расійскія войскі ва Украіне «наступаюць кожны божы дзень», але так званая «спецаперацыя» блізіцца да завяршэння.
«Сітуацыя на полі бою складваецца такім чынам, што гэта дае нам права казаць, што сітуацыя набліжаецца да завяршэння», — нафантазіраваў ён. У той жа час тэрміны гэтага «завяршэння» ён назваць не змог, сказаўшы, што «называць канкрэтныя тэрміны ва ўмовах баявых дзеянняў немагчыма» і «проста неабдумана».
Кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі Украіны Андрэй Каваленка адзначыў, што ў выніку наступленняў салдаты арміі РФ «ператвараюцца ў трупы, дзясяткі тысяч трупаў у месяц — гэта больш, чым набіраюць жывых у гэты канвеер вар’яцтва і смерці».
Каваленка назваў Пуціна «вар’ятам, які верыць у ўяўныя справаздачы Герасімава».
* * *
Расійская ракета «Арэшнік», якую Крэмль прадставіў як рэвалюцыйную і найноўшую зброю, насамрэч была сабрана яшчэ ў 2017 годзе і базуецца на старых тэхналогіях, піша Reuters.
Украінскія спецыялісты старанна вывучылі фрагменты балістычнай ракеты сярэдняй дальнасці «Арэшнік», якую расіяне запусцілі па Украіне ў студзені. Вынікі аналізу паказваюць, што ракета была сабрана ў 2017 годзе з кампанентаў, вырабленых у 2016 годзе ці яшчэ раней. Борткамп’ютар змяшчае элементы вытворчасці выключна Расійскай Федэрацыі і Беларусі.
«Мы былі даволі здзіўлены, таму што кажуць, што гэта зусім новая ракета, але калі паглядзець на год зборкі, то там паказана 2017», — адзначыў украінскі эксперт.
Ваеннае кіраўніцтва Украіны ацэньвае «Арэшнік» не як новую распрацоўку, а як мадэрнізаваную версію савецкай/расійскай ракеты РС-26 «Рубеж», першыя паспяховыя выпрабаванні якой адбыліся яшчэ ў 2012 годзе.
* * *
Румынія афіцыйна звернецца да НАТА з просьбай паскорыць пастаўкі сродкаў супрацьпаветранай абароны. Рашэнне прынялі пасля таго, як расійскі беспілотнік упаў на жылы дом у горадзе Галац, піша POLITICO.
Расійскі дрон увайшоў у паветраную прастору Румыніі ў ноч на пятніцу, 29 траўня, і ўрэзаўся ў дах шматкватэрнага дома ў Галацы, паблізу мяжы з Украінай, два чалавекі атрымалі раненні. Па даных Мінабароны Румыніі, беспілотнік перасек украінскую паветраную прастору, дзе РФ атакавала грамадзянскія аб’екты.
«У нас ёсць пацвярджэнне, што гэта расійскі беспілотнік», — падкрэсліла кіраўніца МЗС Румыніі Аана Тою. Яна адзначыла, што галоўнакамандуючы НАТА генерал Алексус Грынкевіч падтрымаў папярэднія прапановы Бухарэста па перамяшчэнні ваеннай тэхнікі, і цяпер Румынія просіць паскорыць гэтыя пастаўкі.
Ужываць артыкул 4 дагавора НАТА аб тэрміновых кансультацыях краіна пакуль не плануе.
Альянс зараз ацэньвае магчымасці аптымізацыі румынскіх сістэм ПВА, што можа ўключаць перадачу сістэм барацьбы з БПЛА MEROPS пад камандаванне НАТА.
* * *
Улады Японіі ўпершыню заявілі, што вылучылі грошы на механізм НАТА PURL для падтрымкі Украіны. Токіа накіравала амаль 14,7 млн долараў на закупку нелятальнага абсталявання. У міністэрстве замежных спраў Японіі ўдакладнілі, што дэталі таго, што менавіта закупяць для Украіны, будуць узгоднены з НАТА.