«Па прыкладзе Данбаса»: ці рыхтуе Расея квазі-«рэферэндум» на ўсходзе Фінляндыі?
У Эўропе шмат кажуць пра магчымы напад Расеі на краіны NATO у бліжэйшыя тры-чатыры гады. Зазвычай пад пагрозу ставяць краіны Балтыі альбо Польшчу. А што, калі пад ударам акажацца «навічок» Альянсу? Прынамсі, некаторыя трывожныя тэндэнцыі там заўважныя ўжо цяпер.

Кадр з відэа ютуб-канала «Raja auki»
Працэсы, што адбываюцца прыкладна з 2024 года з аднаго боку, ў Карэліі, а з другога — ў прымежных раёнах усходу Фінляндыі, сапраўды наводзяць на думку, што Расея праводзіць прапагандысцкую падрыхтоўку нейкае гібрыднае аперацыі.
У студзені 2025 года ў Петразаводску адбылося першае пасяджэньне «экспэртнага-дыскусійнага клуба», чыёй мэтай стала распрацоўка «вобраза Карэліі як фарпоста русскае Поўначы».
Фармальным арганізатарам стаў Максім Мазуроўскі, расейскі z-актывіст, а паводле роду заняткаў — арганізатар культурных імпрэзаў. Але ў паседжаньнях клуба бярэ таксама актыўны ўдзел палкоўнік Службы зьнешняе выведкі (СВР) Расеі Андрэй Бязрукаў. Бязрукаў з канца 1980-х гадоў пад выглядам амерыканца жыў у ЗША (то бок быў шпіёнам-нелегалам), а ў 2010-м яго ды іншых расейскіх шпіёнаў абмянялі на чатырох расейцаў, у тым ліку на вядомага Сяргея Скрыпаля. Пасьля вяртаньня ў Расею Андрэй Бязрукаў працаўладкаваўся прафесарам у МДІМА, таксама ён зьяўляецца чальцом Рады па зьнешняй і абароннай палітыцы РФ.
Прапагандысцкія тэзісы петразаводскага «экспертнага клуба» можна падзяліць на ўмоўна «ваенныя» і ўмоўна «гібрыдныя». «Ваенныя» — гэта разгортваньне ў Карэліі армейскага корпуса, стварэньне апалчэньня і ператварэньне Петразаводска ў ваенны горад.
«Гібрыдныя» — гэта, паводле словаў удзельнікаў клуба, чаканьне «больш цеснае інтэграцыі Фінляндыі з Карэліяй» і «ўцягваньне Фінляндыі ў сістэму сувязяў Карэліі як стратэгічная задача».
На відэа з паседжаньняў клуба заўважаныя некалькі дзеючых афіцэраў расейскае арміі. Таксама рэгулярна як ганаровыя госьці там прысутнічаюць губернатар Карэліі ды іншыя мясцовыя чыноўнікі.
«Ваенную» частку мусіць забясьпечыць 44-ы армейскі корпус, які пачаў фармавацца ў студзені 2014 года. У склад гэтага корпуса былі ўключаныя два новаствораныя падраздзяленьні — 72-я мотастралковая дывізія (в/ч 01069, в/ч 72162, в/ч 72164) і 128-я мотастралковая брыгада (в/ч 41772), якіх пасьля стварэньня накіравалі «паваяваць ва Ўкраіне». У выніку яны там і захрэсьлі, прычым так захрэсьлі, што страцілі значную частку асабовага складу.
Апроч армейскага корпусу, ў Петразаводску зь нядаўняга часу разьмешчаная брыгада чыгуначных войскаў. Уздоўж мяжы зь Фінляндыяй у Карэліі зараз будуюцца новыя чыгуначныя шляхі.
У сьнежані 2025 года паводле рашэньня Петразаводскае гарадское рады з вайскоўцаў перасталі зьбіраць плату за вырубку зялёных насаджэньняў — як было агучана, гэта зроблена для будаўніцтва ў 2026 годзе ў Петразаводску ваеннага гарадка чыгуначных войскаў.
Зразумела, што такая расейская вайсковая актыўнасьць не застаецца без увагі з боку Фінляндыі — за новымі вайсковымі падраздзяленьнямі, будаўніцтвам складоў і жыльля для вайскоўцаў сочыць, у тым ліку, група OSINT-дасьледчыкаў «Black Bird Group».
Што тычыцца падзеяў у Фінляндыі, то пры аналізе сучаснае сітуацыі з прарасейскімі групоўкамі там у вочы кідаецца зьяўленьне на пачатку 2024 года новае арганізацыі. Яна мае назву «Аляксандраўская суполка» (у гонар расейскага цара Аляксандра II) і, як было абвешчана, створаная ў адказ на рашэньне Фінляндыі зачыніць кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Расеяй. Афіцыйная рэгістрацыя арганізацыі адбылася 22 студзеня 2024, пры гэтым аб яе стварэньні кіраўнікі суполкі аб'явілі яшчэ 17 сьнежня 2023 года.
Цікава, што ўстаноўчы сход «Аляксандраўскае суполкі» праходзіў так, нібыта гэта сходка нейкае таямнічае групы. Па-першае, загадзя было агаворана, што відэазапіс вясьціся на будзе. Па-другое, ўсе, хто прыйшоў на сход, спачатку накіроўваліся ў «пакой чаканьня», для допуску зь якога на саму сустрэчу абавязкова было назваць імя і прозьвішча, ўказаныя ў заяве на ўступленьне. На тым устаноўчым сходзе ў суполку былі прынятыя 211 чальцов.
Грамадская актыўнасьць «Аляксандраўскае суполкі» пачалася зь мітынгаў, прычым ня толькі супраць закрыцьця мяжы, але і ў абарону «класаў русскага міра». Пытаньнем спыненьня дзейнасьці такіх класаў, адкрытых у некалькіх фінскіх гарадах у 2010-2011 гадах пад куратарствам фонда «Русскій мір», нарэшце зайняліся муніцыпалітэты гэтых гарадоў. Падтрымка «класаў русскага міра» радніць «Аляксандраўскую суполку» зь іншымі прарасейскімі арганізацыямі ў Эўропе.

Адзін з пікетаў супраць закрыцьця мяжы
А пачынаючы са жніўня 2025 года ў дадатак да мітынгаў удзельнікі суполкі пачалі праводзіць аўтапрабегі ўздоўж зачыненых кантрольна-прапускных пунктаў. Такіх мерапрыемстваў адбылося два — ў жніўні каля аднаго з КПП і масавыя аўтапрабегі ў сьнежні 2025-га пад дэвізам «Rajat auki!» («Адкрыйце межы!»).
На відэа з ютуб-канала «Raja auki» бачна, як праходзілі сьнежаньскія аўтапрабегі. Калона зь некалькіх дзясяткаў аўтамабіляў, кіруючыся ўказаньнямі арганізатара, зьбіралася каля кантрольна-прапускнога пункта, потым пачынала рухацца, праезджала разварот і ехала далей па трасе. Гэта адбывалася адразу на 6 кантрольна-прапускных пунктах. Колькасьць аўтамабіляў вар'іравалася ад 5 да 50 на розных КПП. Можна зрабіць выснову, што «Аляксандраўская суполка» ўжо мае мабільную структуру зь людзей, якія ў стане хутка арганізаваць і задзейнічаць аўтавласнікаў адначасова ў некалькіх кропках на ўсходзе Фінляндыі.
У размове з фінскім выданьнем yle.fi кіраўнік «Аляксандраўскае суполкі» Расьціслаў Уладзімірскі сказаў, што ў іх — мараторый на размовы з расейскімі СМІ. Але Вольга Чартаўсава, якая ўваходзіць у склад праўленьня суполкі, прынамсі аднойчы давала інтэрвью расейскаму выданьню «Известия».
Апроч таго, фінская журналістка-дасьледчыца Оўці Салаваара ў артыкуле, прысьвечаным «Аляксандраўскай суполцы» як прарасейскай арганізацыі, заўважыла, што словы кіраўнікоў гэтае суполцы аб адсутнасьці кантактаў з расейскімі ўладамі таксама разыходзяцца з рэчаіснасьцю — прынамсі ў сакавіку 2024 года суполка зьвярталася да МЗС Расеі з пытаньнямі на тэму перасячэньня мяжы і атрымала адказ.
Намеснік кіраўніка «Аляксандраўскае суполкі» Аляксей Булаўцаў 18 сьнежня 2023 года, то бок літаральна на наступны дзень пасьля абвяшчэньня аб стварэньні суполкі, правёў у Маскве каля амбасады Фінляндыі адзіночны пікет супраць рашэньня аб закрыцьці межаў. У Расеі, як і ў Беларусі, тэрыторыя каля амбасадаў замежных краінаў заўсёды знаходіцца пад шчыльным кантролем сілавікоў і спецслужбаў. Таму пікет у такіх месцах не пратрываў б і хвіліны — за выключэньнем выпадкаў, калі такі пікет узгоднены з уладамі і сілавікамі або ініцыяваны імі. Булаўцаў распавядаў, што пікет трываў чатыры гадзіны, а «паліцыя паводзіла сябе карэктна».

Булаўцаў каля амбасады Фінляндыі ў РФ
У адным з відэаінтэрвью на пытаньне журналіста, чаму «Аляксандраўская суполка» не заявіла сваёй пазіцыі адносна расейскае агрэсіі супроць Украіны, яе кіраўнік Расьціслаў Уладзімірскі адказаў, што ў выпадку такой публічнае заявы дарога ў Расею чальцам суполкі будзе закрыта — бо іх могуць там чакаць штрафы і турма. Але ёсьць адна абставіна. Значная частка чальцоў суполкі (ў тым ліку арганізатараў аўтапрабегаў «Rajat auki!») — маладыя мужчыны. То бок, тыя людзі, якія, знаходзячыся ў Расеі і, маючы расейскі пашпарт, тэарэтычна могуць патрапіць у шэрагі расейскае арміі, а потым — і ў вайсковыя часткі непасрэдна ў зоне баявых дзеяньняў.
Падобна, што яны рызыку быць адпраўленымі на вайну з Украінай ня ўспрымаюць як пагрозу для сябе.
1 жніўня 2025 года адным з арганізатараў акцыі «Rajat auki!» у горадзе Лаппеенранта быў Ана Туртыайнен — былы дэпутат фінскага парламента, які ў лістападзе таго ж 2025-га пераехаў у Расею. Да акцыяў «Александраўскае суполкі» Туртыайнен далучыўся прынамсі ў ліпені 2025 года, і прыймаў удзел у арганізацыі жнівеньскага аўтапрабега — каардынаваў прыезд часткі удзельнікаў.
У 2022 годзе, калі Ана Туртыайнен яшчэ быў дэпутатам ды ў дадатак памочнікам чальца парламентскага камітэту з пытаньняў абароны, ён быў западозраны ў перадачы сакрэтнае інфармацыі Расеі.
Аб сваім пераездзе ў Расею і аб намере прасіць прыстанішча Туртыайнен заявіў падчас «Ялцінскага форуму» ў Маскве. Прысутны на тым жа форуме кіраўнік расейскае «Акадэміі геапалітычных праблемаў» (адной з курыруемых расейскімі МЗС І Мінабароны фармальна грамадскіх арганізацыяў) уручыў Ана Туртыайнену мэдаль «За заслугі».

Нейкі час пасьля пераезду Туртыайнен жыў у Петразаводску, і толькі потым, вясной 2026-га, пераехаў у Маскву.
У сакавіку 2026-га Ана Туртыайнен выступаў на штогадовым сходзе «Акадэміі геапалітіычных праблемаў» з дакладам «Лёс Фінляндыі». Вось прамыя цытаты ягоных словаў: «У мінулы раз Савецкі Саюз недастаткова добра ачысьціў Фінляндыю, і з-за таго Фінляндыя зноў нясе пагрозу бясьпекі для Расеі». «Мы — адзін народ, і у нас доўгая агульная гісторыя». «Вы запытвалі мяне, чым Расея можа нам дапамагчы? Прыходзьце нам на дапамогу, каб мы змаглі выцесьніць NATO з Фінляндыі».
А 22 траўня 2026 года ў сваім ютуб-канале Ана Туртыайнен выклаў відэа з назвай «Рэферэндум аб выхадзе са складу фінскае дзяржавы».
У анатацыі да відэа ён прапануе далучыць да арганізацыі такога «рэферэндума» рух «Rajat auki», то бок «Аляксандраўскую суполку». Разьмяркоўваючы аб магчымых тэрыторыях правядзеньня рэферэндума, ён называе дзьве выбарчых акругі на ўсходзе Фінляндыі — Сава-Карьяла і Кааккойс-Суомен. Згадка менавіта пра выбарчыя акругі можа значыць, што Туртыайнен разьлічвае на ўдзел прыхільнікаў «рэферэндуму» ў фінскіх муніцыпальных выбарах. Найбліжэйшыя муніцыпальныя выбары ў Фінляндыі адбудуцца ў 2029 годзе.
Дарэчы, на мінулых муніцыпальных выбарах у красавіку 2025 года «Аляксандраўская суполка» высунула трох кандыдатаў, у тым ліку згаданага вышэй Аляксея Булаўцава — не прайшоў аніводзін.
У тым відэа Ана Туртыайнен кажа, што рух «Rajat auki» — вельмі згуртаваная група, разьлічвая на іх магчымасьці праштурхоўваць ідэю рэферэндума. Паколькі ён быў адным з каардынатараў аўтапрабегаў, то бок непасрэдна меў зносіны з «Аляксандраўскай суполкай», то гэтыя ягоныя словы, хутчэй за ўсё, падмацаваныя нейкімі ведамі.
Колькасьць каментароў да гэтага відэа больш звычайнае колькасьці каментароў да іншых ягоных відэа на ютуб-канале. Амаль усе зь іх — з ухваленьнем ідэі «рэферэндума», пры гэтым значная частка ютуб-карыстальнікаў, якія іх пакінулі, маюць парожнія (бязь зместу) акаўнты. Вось прыклад — карыстальнік зь мянушкай «Finskij Tšuvak», які напісаў «Свабоду Ўсходняй Фінляндыі! Rajat auki! Косава — прыклад!»
Аргументыючы для сваіх слухачоў неабходнасьць «рэферэндуму», Туртыайнен кажа: «Можаце быць упэўненыя, што наш усходні сусед гэта ацэніць».
Калі ўспомніць агучаныя «экспэртным клубам» у Петразаводску думкі пра «інтэграцыю Фінляндыі з Карэліяй», то, магчыма, наступны крок у плянах такое гібрыднае аперацыі выглядаў б як «аб'яднаньне народа Ўсходняй Фінляндыі з народам Карэліі». Па тыпу савецкага прапагандысцкага штампа часоў уварваньня ў Польшчу.
Імаверна, менавіта на гэтым этапе распрацоўшчыкі аперацыі плянуюць задзейнічаць армейскі корпус, разьмешчаны ў Карэліі — для нібыта «забесьпячэньня бясьпекі ўз'яднаньня».