Сырскі: Армія РФ дэманструе прыкметы знясілення, аднак захоўвае наступальны патэнцыял
Сілы абароны Украіны падтрымліваюць стабільна высокія паказчыкі знішчэння арміі РФ, аднак казаць пра якасны пералом ў вайне яшчэ рана, лічыць Галоўнакамандуючы УСУ генерал Аляксандр Сырскі. NATO мае намер надаць Украіне ваенную дапамогу на суму 70 мільярдаў еўра і рыхтуецца да дзеянняў без ЗША. Ідуць 1596-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GettyImages
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 271 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 8 ліпеня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 51 штурм расіян у раёнах Іванаўкі, Дарожнага, Грышына, Удачнага, Мураўкі, Маладзецкага, Радзінскага, Новааляксандраўкі і іншых.
На Славянскім кірунку расіяне штурмавалі 27 разоў у бок Крывой Лукі, Рай-Аляксандраўкі і ў раёнах Рэзнікоўкі і Закітнага.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 24 атакі ў бок Дабраполля, Гіркага, Цвятковага, Стараукраінкі, Уздвіжаўкі, Верхняй Тэрсы, Гуляйпольскага, Чароўнага, Аленаканстанцінаўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 18 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Іллінаўкі, Іванаполля і ў бок Сцяпанаўкі.
На Ліманскім кірунку расіягне 17 разоў атакавалі ў раёнах Новаміхайлаўкі, Копанак, Дробышава, Ямпалю, Надзеі, Навасёлаўкі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расійцы правялі 12 атак у раёнах Старыцы, Ліману, Арцельнага, і ў бок Кудзіеўкі і Хатняга.
* * *
Галоўнакамандуючы УСУ генерал Аляксандр Сырскі па выніках штомесячнай нарады па пытаннях павышэння якасці падрыхтоўкі ваеннаслужачых і падраздзяленняў заявіў, што армія РФ дэманструе прыкметы знясілення, аднак захоўвае значны наступальны патэнцыял.
Па словах Сырскага, Сілы абароны Украіны падтрымліваюць стабільна высокія паказчыкі знішчэння асабовага складу расійскіх захопнікаў і іх тэхнікі, паслядоўна разбураюць варожую лагістыку і наносяць выніковыя ўдары па аб’ектах ваеннай і крытычнай інфраструктуры, перш за ўсё паліўна-энергетычнага комплексу РФ, які забяспечвае функцыянаванне яе ваеннай машыны.
«Гэта сведчыць, што мы дзейнічаем правільна. У той жа час казаць пра якасны пералом ў вайне яшчэ рана. Агрэсар дэманструе прыкметы знясілення, аднак захоўвае значны наступальны патэнцыял. Ён нарошчвае колькасць сваіх войскаў, працягвае масіраваныя ўдары па тэрыторыі Украіны, павялічвае вытворчасць сродкаў паражэння, рыхтуецца да перахопу ініцыятывы і магчымых наступальных дзеянняў на новых участках фронту», — адзначыў галоўнакамандуючы.
Па яго словах, «сёння Узброеныя сілы Украіны маюць перавагу над праціўнікам ва ўзроўні падрыхтоўкі, што пацвярджаецца як ходам баявых дзеянняў, так і стратамі расійскай арміі. Аднак вораг спрабуе кампенсаваць гэта колькаснай перавагай, плануе павялічваць працягласць фронту, якая ўжо перавышае 1250 кіламетраў».
* * *
У ноч на 8 ліпеня Расія атакавала Украіну дзвюма супрацьрадыёлакацыйнымі ракетамі Х-31П, пяццю балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М»/С-400, 169 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя».
Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 139 БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронаў іншых тыпаў на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны. Атака працягваецца, у паветранай прасторы некалькі БпЛА.
У выніку ракетнай атакі на Адэсу пацярпелі 10 чалавек, пяцёра шпіталізаваны, адзін чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане. Папярэдне ўдар па Адэсе быў нанесены балістычнай ракетай з касетнай баявой часткай.
У выніку расійскага ракетнага ўдару ў ноч на 8 ліпеня ў некалькіх раёнах Кіева ўзніклі пажары. Два чалавекі пацярпелі.
Раніцай 8 ліпеня расійскія ваенныя двойчы атакавалі беспілотнікамі аўтамабіль і маршрутку ў Карабельным раёне Херсона, у выніку ўдараў загінула жанчына, яшчэ 9 чалавек атрымалі раненні.
Расійскія войскі ў ноч на 8 ліпеня нанеслі ўдары кіраванымі авіябомбамі па Запарожжы, у выніку атакі раненні атрымалі тры чалавекі, разбуранаы будынак прадпрыемства харчовай прамысловасці і пашкоджаны гаражны кааператыў. Было парушана электразабеспячэнне 15 342 абанентаў.
У ноч на 8 ліпеня беспілотнікі нанеслі ўдары па расійскіх гарадах Саратаў і Барысаглебск. Маніторынгавыя групы паведамілі пра выбухі і верагодную атаку дронаў на Саратаўскі НПЗ. У Барысаглебску быў атакаваны ваенны аэрадром.
* * *
* * *
У аўторак у Анкары пачаўся чарговы саміт NATO. Галоўная інтрыга сустрэчы — ці зможа Еўропа і далей разлічваць на ЗША як на надзейнага саюзніка пры адміністрацыі Трампа.
Амерыканскі прэзідэнт працягвае крытыкаваць еўрапейскіх партнёраў і наўпрост заявіў, што прыехаў на саміт толькі з асабістай павагі да прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана.
На фоне такой рыторыкі еўрапейскія краіны заключылі планы і пагадненні на суму каля 50 мільярдаў долараў. Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ вітаў гэтыя крокі, заявіўшы, што еўрапейскай ваеннай індустрыі патрэбна рэвалюцыя, каб размаўляць на роўных з Расіяй, Кітаем ці Іранам.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў Украіну «крыніцай экстраардынарных абаронных магчымасцей» і паведаміў, што падпісана «Drone deal» з прэм’ер-міністрамі Даніі, Эстоніі і Нідэрландаў, — партнёры будуць атрымліваць украінскія беспілотнікі ў абмен на дапамогу ў іх вытворчасці. Такая ж дамоўленасць рыхтуецца з Германіяй.
Зяленскі заклікаў Еўропу як мага хутчэй распрацоўваць уласныя сістэмы СПА, але цяпер маліў дапамагчы з ракетамі для супрацьпаветранай абароны, назваўшы гэта галоўным прыярытэтам. Урад Нарвегіі аб’явіў аб наданні дадатковых 3 млрд крон (каля 306 млн долараў) на закупку зенітных ракет непасрэдна ў ЗША ў кааперацыі з Даніяй, Германіяй і Канадай.
Згодна з праектам выніковага камюніке, NATO мае намер надаць Украіне ваенную дапамогу на суму 70 мільярдаў еўра ў 2026 годзе.
У той жа час высокапастаўлены прадстаўнік Альянсу паведаміў, што расійскія эліты ў Маскве і Санкт-Пецярбургу ўсё больш незадаволены вайной з-за ўдараў па НПЗ і эканамічных цяжкасцей. Некаторыя прадстаўнікі эліт пачалі адкрыта называць уварванне «вайной Пуціна», што сведчыць пра сур’ёзную стомленасць ад канфлікту ўнутры Расіі.
* * *
Спікер Пуціна Дзмітрый Пяскоў у інтэрв’ю часопісу Die Weltwoche зноў загаварыў пра Трэцюю сусветную вайну і ядзерную зброю. Па яго словах, Расія гатова прымяніць ядзерную зброю, але толькі ў адным выпадку — калі яе існаванню будзе пагроза.
Пяскоў пахваліўся, што РФ нібыта дасягае сваіх мэтаў на полі бою і без ядзернай эскалацыі. Таксама ён адзначыў, што РФ нібыта «вельмі адказная» для таго, каб пачаць Трэцюю сусветную вайну. Аднак ва ўсіх канфліктах Расія заўсёды адказвала на ўдары.
* * *
Недахоп паліва ў Расіі будзе расці на фоне масіраваных атак УСУ па нафтаперапрацоўчых заводах. Імпарт не ўратуе РФ, лічыць кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі Андрэй Каваленка.
Пасля паразы Омскага НПЗ сутачны дэфіцыт бензіну ў Расіі можа дасягаць 30 600 т/суткі, або 918 000 т/месяц. «Імпарт наогул не ратуе Расію. Нават у суме ўсе вядомыя імпартныя партыі — гэта разавыя пастаўкі ў межах 50–60 тыс. тон, а не рэгулярны штомесячны паток», — адзнічыў Каваленка. Супраць гіпатэтычнага разрыву амаль у мільён тон у месяц імпарт закрые адну дзясятую праблемы.
«Нават 50 тыс. тон — гэта менш за палову аднаго дня попыту па краіне (110 тыс. т/суткі). Попыт будзе расці ў жніўні-верасні», — падвёў вынік начальнік ЦПД.